У Белавежскай пушчы выявілі новы для нацыянальнага парку від грыба

Падчас правядзення палявых даследаванняў супрацоўнікі навуковага аддзела Белавежскай пушчы выявілі новы для нацыянальнага парку від грыба — элафаміцэс шыпаваты (Elaphomyces muricatus), піша npbp.by.

Elaphomyces muricatus

Элафаміцэс шыпаваты — гэта падземны сумчаты грыб, які вонкава нагадвае труфель, але адносіцца да іншага роду (Elaphomyces). Яго пладовыя целы маюць жаўтлява-шэрую або чарнавата-бурую паверхню з шыпападобнай або моцна крупчастай тэкстурай. Таксама ў грыба вельмі тоўсты і стракаты перыдый (абалонка пладовых цел) і глеба (ўнутраная частка грыба), якая першапачаткова мае выгляд белай ватападобнай субстанцыі. Па меры паспявання нутро грыба запаўняецца чарнавата-карычневым парашком, які змяшчае ўсярэдзіне велізарную колькасць спораў.

Elaphomyces muricatus

Дадзены грыб расце пад зямлёй на глыбіні ад 2 да 20 см, што робіць яго пошукі даволі складанымі. Аднак лясныя насельнікі знаходзяць па паху і ахвотна ядуць гэтыя грыбы, пакідаючы магчымасць заўважыць выкапаныя вонкі пладовыя целы.

Варта адзначыць, што гэты від для чалавека з’яўляецца неядомым.