Што адбываецца на гэтых «крывавых землях» — у Беларусі і ва Украіне. Алесь Плотка пра сваю новую кнігу

У лонданскім выдавецтве «Скарына» выходзіць новая кніга паэта і перакладчыка Алеся Плоткі. Крыху інтэрнацыянальная і прысвечаная падзеям у Беларусі і Украіне 2020 і 2022 гадоў. Яна мае назву «Bloodlands 20/22. Belarus. Ukraine».


Плотка.jpg

Па факце, распавёў Алесь Плотка «Будзьме!», гэта нават не кніга, а дыхтоўны фотаальбом з вершамі, створаны Алесем Плоткам і фатографамі Алесем Пілецкім і Станіславам Крупажам. У фокусе аўтараў — Беларусь і Украіна, іх пакутліва розны шлях дэкаланізацыі. Акрамя аўтарскіх твораў кніга змяшчае пераклады на беларускую мову твораў украінскіх літаратараў (Іван Сэмесюк, Таня Радзівонава, Вячаслаў Лявіцкі, Лэсык Панасюк, Angie Siveria).

photo_2023-05-19_13-46-24.jpg

— Ёсць такая канцэпцыя ў вядомага гісторыка Цімаці Снайдэра, «крывавыя землі», — тлумачыць назву Алесь Плотка. — Снайдэр яе вывеў, калі даследаваў палітычны, культурны і ідэалагічны кантэкст, у адпаведнасці з якім рэжымы Сталіна і Гітлера здзейснілі масавае забойства прыблізна 14 мільёнаў мірных людзей паміж 1933 і 1945 гадамі.

У мяне проста засяроджаны фокус на тым, што адбываецца на гэтых «крывавых землях», а канкрэтна з 2020 года ў Беларусі і з 2022 года ва Украіне. У кнізе сабранае ўсё тое, што пісалася на працягу 2020, 2021, 2022 гадоў датычна і Беларусі, і Украіны. Гэта не адмысловы праект, што сеў, падумаў, напісаў... Гэта, хутчэй, рэтраспектыўнае занатаванне таго, што адбывалася.

Тое самае тычыцца фотаздымкаў. У мяне ёсць два цудоўныя суаўтары — гэта віцебскі фатограф Алесь Пілецкі (не блытаць з пішучым журналістам Алесем Пілецкім). Ён шмат здымаў у 2020 годзе, усе віцебскія падзеі — у асноўным ягоныя фотаздымкі. Я падкрэслю, што ўсе гэтыя фотаздымкі вядомыя і ўжо публікаваліся.

AF1QipNptjQmXgH_6uBmZFZTqJbs0Ix7GZv1jAVqcAqa=w3012-h2028.jpg

А ўкраінская частка — гэта Станіслаў Крупаж, проста фанатычны чэшскі вайсковы журналіст, мы пазнаёміліся з ім напярэдадні вайны. Літаральна зімой 2022 года ён прыходзіў з журналісткай нямецкага выдання Die Zeit, мы з ім разгаварыліся... Ён не вылазіць з Данбаса і пагадзіўся падзяліцца сваімі здымкамі для гэтай кнігі.

І самае важнае ў гэты складаны час — усе сродкі ад продажу кнігі пойдуць на такую ініцыятыву як рэабілітацыйны цэнтр «Ланка» («Звяно»). Гэта грамадзянскі гуманітарны праект даволі вядомай беларускай актывісткі і праваабаронцы Таццяны Гацура-Яворскай па аднаўленні псіхічнага і фізічнага здароўя, рэадаптацыі ды сацыялізацыі ва Украіне.

Калі мы выпускаем кнігу пра Беларусь і Украіну, то падтрымка гуманітарнага праекта, створанага беларускай ва Украіне — гэта самае лепшае месца, куды мы можам прымяніць сродкі ад продажу кнігі, перарахаваўшы іх туды. І калі чалавек купіць кнігу, грошы цалкам будуць перарахаваныя на падтрымку гэтага цэнтра.

Дарэчы, каму мала кніжкі і хочацца падтрымаць «Звяно» — можна данаціць ім наўпрост.

001BLOODLANDS_02 Large.jpeg

— Чаму дапамога менавіта «Звяну»? Чым яны вам блізкія?

— Ёсць супольнасць людзей, якія звязаныя з Украінай ці жывуць ва Украіне, і актыўныя людзі ўсе адны з адным звязаныя і адно аднаго ведаюць. Таццяну Гацуру я пабачыў ужывую, яшчэ калі мы ехалі з Мінска ў Гомель на пахаванне Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў падчас Рэвалюцыі Годнасці на Майдане ў Кіеве. З Таццянай мы знаёмыя ўжо нямала гадоў, і гэтая ідэя была проста натуральнай. Калі кніга сфакусаваная на Беларусі і Украіне, то скіраваць грошы на такі беларуска-ўкраінскі праект... Гэта такая «народная дыпламатыя», на сёння такіх ініцыятыў беларусаў ва Украіне не так багата, таму варыянтаў, каму можна дапамагчы, амаль і не было.

001BLOODLANDS_07 Large.jpeg

Я звязаўся з Таняй, кажу: «Таня, ёсць такая ідэя, мы гатовыя прадаць кніжку і ўсе грошы аддаць на ваш цэнтр». Яна кажа: «Так, было б супер, буду ўдзячная», тым больш, што гэты цэнтр цяпер запускаецца. То-бок гэта не было нейкімі складанымі перамовамі.

— Тым не менш, нягледзячы на «народную дыпламатыю», вас надоечы не ўпусцілі ва Украіну...

— Так, сапраўды, на баку дабра таксама бывае бардак. Гэта, канечне, не вельмі прыемна, калі вы рухаецеся з кропкі «А» ў кропку «Б», але туды не патрапляеце. Але я не азлабляюся на ўкраінцаў, разумеючы фон. Так, гэта пэўная праблема для мяне асабіста, але невялікая праблема ў сітуацыі, калі людзі гінуць на фронце ва Украіне, альбо калі людзі атрымліваюць макабрычныя тэрміны ў Беларусі.

Калі больш канкрэтна: ёсць вельмі простая праблема для беларусаў, у якіх ёсць від на жыхарства ва Украіне, яго дзеянне падоўжанае ўказам Кабміна Украіны, але кожны раз на ўездзе ты павінен паказваць нейкія, на думку афіцэра, «дастатковыя» прычыны для ўезду. Пасля гэтага выпадку працуюць адвакаты, але адзінае, чаго б мы хацелі, — гэта выпрацаваць зразумелы і транспарэнтны спіс таго, што ёсць дастатковымі падставамі для беларусаў, каб уязджаць ва Украіну.

Я прашу ўсіх не разганяць, як кажуць ва Украіне, «зраду», бо мы на сваёй скуры ведаем, як несправядліва бывае рабіць нейкія абагульненні, як у наш бок, беларускі, так і ў бок Украіны. Мне, канечне, непрыемны канкрэтны выпадак, але я магу зразумець складанасць сітуацыі. Гэта не найгоршая з тых праблем, якія зараз у нашым рэгіёне існуюць.

001BLOODLANDS_08 Large.jpeg

— Вернемся да кнігі. Дзе яе можна набыць? Які тыраж?

— Кнігу можна набыць на сайце выдавецтва — гэта лонданскае выдавецтва «Скарына». Яе можна будзе атрымаць па пошце ці забраць асабіста на прэзентацыях, якія адбудуцца ў Варшаве 9 ліпеня, і яшчэ ў Вільні і Празе таксама недзе ў той час.

Мы агітуем людзей прыходзіць на прэзентацыі, таму што кніжка — важкая, у цвёрдай вокладцы, таму дастаўка поштай будзе крыху дарагая. Цвёрдая вокладка і дыхтоўнае аздабленне таму, што мне важна было зафіксаваць яе ў такім камемаратыўным ключы, найперш для сябе, і, спадзяюся, і для чытача. Там шмат фота, таму па вазе яна досыць цяжкая. І таму мы ўсіх заклікаем эканоміць і прыходзіць на прэзентацыі.

На папярэдні продаж мы максімальна знізілі цану і робім яго, каб зразумець, ці будзе кніга запатрабаваная. Папярэдні тыраж «беларускі» — усяго 350 экзэмпляраў, але калі кніга будзе карыстацца папулярнасцю, мы дадрукуем наклад яшчэ. Калі будзе попыт, то мы адразу дамо замову ў друкарню — уласна, для гэтага мы і робім і папярэдні тыраж, і перадзамову цягам двух тыдняў, арыенціровачна да 5 чэрвеня.

І яшчэ раз падкрэслю, што ўсё, што будзе на гэтым зароблена, пойдзе на «Звяно» — на «Ланку», ва Украіну.

— Калі кніга цяжкая, ці не думалі вы выпусціць электронны варыянт?

— Добрае пытанне. Пакуль не думалі, бо засяродзіліся на папяровай кнізе, але абавязкова над гэтым падумаем.

***

Алесь Плотка — літаратар і музыка, вакаліст гуртоў Sož і Baisan&Yasinski, аўтар трох кніг паэзіі і кніг-перакладаў на беларускую Юрка Іздрыка, Івана Сэмесюка і Аляксандра Чарнухі.

Алесь Пілецкі — вядомы віцебскі фатограф і журналіст, публікаваўся ў буйных беларускіх медыях.

Станіслаў Крупаж (Stanislav Krupař) — чэскі вайсковы журналіст, вядомы па супрацы з Die Zeit, Stern, Der Spiegel, GEO, The New York Times, Time, NZZ, Reportér magazín і іншымі.

Рэабілітацыйны Цэнтр «Ланка» — грамадзянскі гуманітарны праект па аднаўленні псіхічнага і фізічнага здароўя, рэадаптацыі ды сацыялізацыі ва Украіне.

Аліна Бялова, для budzma.by