Уласна кажучы, каб трапіць на чэмпіянат свету па футболе, зусім неабавязкова спаць з тэлевізарам або пералятаць цераз акіян.
Дастаткова сесці на звычайны мінскі трансатлантычны трамвай і даехаць да Архірэйскага гаю, то бок парку імя 50-годзя Вялікага Кастрычніка. Парку, ужо сама назва якога намякае, што вы яшчэ не нарадзіліся на гэты свет і таму можаце спакойна хадзіць на стадыён “Трактар” без білета. А калі б нават і нарадзіліся, білет у вас усё роўна не спыталі б. Бо ў Архірэйскім гаі чэмпіянат той, ды не той, дый сам свет выглядае адтуль неяк інакш.
У гэты дзень на стадыёне “Трактар” вы пачуваецеся іншапланетнікамі і наогул Іншымі. Бо толькі Іншыя людзі могуць паехаць праз увесь горад на адборачны матч чэмпіянату свету сярод жаночых зборных, калі ў Бразіліі робіцца такое!.. такое!.. – і толькі Іншыя жанчыны могуць дазволіць сабе гуляць у футбол на стадыёне “Трактар” і зарабляць гэтым на хлеб, масла і мясамалочныя прадукты.
А калі вы і праўда іншапланетнікі, дык вас абавязкова сустрэнуць на ўваходзе людзі ў чорным. З чатырма літарамі на спіне: ОМОН. Ад іх і залежыць, ці прапусцяць вас у іншасвет. Але сёння вы выглядаеце як істоты з мірнай планеты. Павышанага ўтрымання свабоды ў крыві і антыдзяржаўных ідэй у галаве ніхто не заўважыў, і дэтэктар абыякава прамаўчаў. Таму – “прахадзіце”, кажуць людзі ў чорным. І вы праходзіце на тэрыторыю Іншасці.
Тут сапраўды пазіраюць інакш і інакш гавораць. Тут зусім не патыхае патрыярхатам, тут пахне арэнай і адрэналінам. І такім сабе братэрствам сярод сясцёр. За спінай чуюцца грубыя жаночыя галасы, на фоне якіх пісклявае мужчынскае “Ліш у адну каманду мы верым, за неё ўсегда мы балеем” гучыць смешнавата і недарэчна. Жаночы футбол не патрабуе мужчынскай падтрымкі, падтрымкі ў патрыярхальным сэнсе слова – тут ідзе гульня на роўных. Гулянку справіў пан Заўзей, як пісаў некалі Багдановіч – але прыгледзішся, а там пані. Проста ў яе стрыжка такая і вочы гараць.
Стадыён “Трактар” адразу ж робіць моцнае ўражанне. У сэнсе абсалютна ніякае. Шэры, жалезабетонны, не здольны ні на свята, ні на свінства. Ні сімволікі, ні чыпсаў, ні вады, ні праграмак, ні мінімальнага клопату пра заўзятара. Такая сабе пустэльня з недасягальным зялёным аазісам пасярэдзіне. Калі б не гэты газон, па якім зараз пачнуць гойсаць чырвоныя і белыя бестыі, упару было б павесіцца ад колеравага галадання. Такое адчуванне, што арганізатарам гульні напляваць на тое, што тут адбываецца. Гэта ж жаночы футбол – забаўка, не вартая ўвагі. Хай пацешацца. Жанчыны – яны ж як дзеці. То бок не зусім людзі, напісана на тварах сур’ёзных дзядзек, якія тусуюцца ў падтрыбунных памяшканнях. Таму якія яшчэ праграмкі…
Гэта вам не Бразілія. Гэта стадыён “Трактар”, на якім “дарагіх жэншчын” звыкліся “паздраўляць з васьмым мартам”. Бо такая ў іх, “жэншчын”, функцыя.
Увогуле на трыбунах ад сілы чалавек сто. Для жаночага футболу, лічаць дзядзькі, цалкам дастаткова. Амонаўцы, Іншыя жанчыны, некалькі пенсіянераў з МТЗ, хлопчыкі з піянерскімі галасамі, вы і брытанскі амбасадар. Вось кампанія якая. Вы думаеце пра тое, што сюды магло б набіцца два сектары беларускіх феміністак. Але беларускія феміністкі, напэўна, глядзяць мундыяль у Бразіліі і нават не падазраюць, што адбываецца ў Архірэйскім гаі.
І вось вы ўжо стоячы слухаеце гімн Уэльса. Сёння беларускі гуляюць супраць валіек. Паралеляў паміж народамі няшмат, але яны ёсць. Напрыклад, у мовах. І тыя, і другія гульчыхі паслугуюцца ўзятымі напракат вялікімі і магучымі. Сваю можна пашанаваць крышку, толькі калі мармышчаш пад нос дзяржаўны гімн. Парачка футбалістак сапраўды робіць гэта – без асаблівага, трэба сказаць, энтузіязму.
Gwlad, Gwlad, pleidiol wyf i’m gwlad,
Сэрцам адданыя роднай зямлі…
Tra môr yn fur i’r bur hoff bau,
O bydded i’r heniaith barhau,
Мы ў працавітай мужнай сям’і…
“Разам з братамі” і “мужная сям’я” гучаць на тэрыторыі Іншасці дзікавата. Але дзіўным чынам дадаюць дзеі сэксуальнасці.
Зрэшты, што да беларускай мовы, дык хлопчыкі з піянерскімі галасамі на трыбунах і іх басавітыя сяброўкі заслугоўваюць тут добрага ціхага слова. Калі б не дзяржаўныя гімны і не яны, якія “верят в кама-а-нду”, нічога беларускамоўнага на стадыёне “Трактар” можна было б і не пачуць. Дарма што гуляе тут зборная не Ленінградскай вобласці, а Беларусі. А так раз-пораз за вашымі спінамі чуецца натужны вой: “Толькі наперад!” і “Верым, можам, пераможам!”. Яшчэ адно сведчанне таго, што мова ў трэндзе – прынамсі, у сталіцы. А вось дыктар прынцыпова дзвюхмоўны: ангельская з жудасным акцэнтам і расійская. І голас у яго нейкі ну такі ўжо патрыярхальны… Такім голасам яму б у царкве зарабляць. Або спяваць пра тое, што “ў футбол гуляюць настаяшчыя мужчыны”.
Ну ды бог з ім, з голасам. Не кожнаму кабзону быць кабзаром.
Уэльс – краіна, незалежная толькі ў футбольным свеце. Мо таму ў спартоўцаў адтуль заўжды трохі вышэйшая матывацыя. Вось і сёння валійкі ў больш баявым настроі. Жаночы футбол – прыгожы: тут не такія вар’яцкія хуткасці, як у мужчын, ёсць час падумаць, вылаўчыцца, правесці прыгожую камбінацыю. Адным словам, ёсць дзе разгарнуцца. Але ад таго, што называецца “фізуха”, нікуды не падзенешся і тут. Беларусак хапіла хвілін на шэсцьдзесят з лішкам. Як толькі сілы скончыліся, пасыпаліся галы. Адзін, другі, трэці… Хэт-трык зрабіла валійская зорка Наташа Гардынг. І ў тым, як яна заскоквала на шыю трэнеру, ніякага сэксу не было дакладна. А вам акурат падумалася, што нават калі б беларускі гулялі ў гэты вечар у статусе чэмпіёнак свету, стадыён “Трактар” выглядаў бы гэтаксама. Як сімвал паразы. Асэксуальна і нудна, як архірэй, у якога забралі гай вялікія і нахабныя кастрычнікі.
Шведская суддзя прасвістала пра тое, што нуль-тры і валійскі цмок можа спаць спакойна. А стаўкі ў гульні былі высокія. Каб захаваць шанцы паехаць у наступным годзе ў Канаду, беларускам патрэбная была толькі перамога. Тая самая перамога, якую павезла ў Кардыф няўрымслівая Наташа Гардынг разам з сувенірамі, купленымі ў краме “Лянок”. Гэта калі гаварыць выключна пра футбол. Калі забыць, што кожная такая гульня робіць іншай і нефутбольную Беларусь. Шэры і непрытульны стадыён “Трактар” зрабіўся на гадзіну і сорак пяць хвілін тэрыторыяй іншасці. Іх яшчэ можна знайсці ў гэтым горадзе, гэтай краіне. Або зрабіць самім. На любым лапіку зямлі – там, дзе стаіш.