Алкагалізацыя і грамадская актыўнасць

Вялікую дыскусію ў сусветных СМІ выклікала прапанова Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «надаць належную ўвагу прафілактыцы ўжывання алкаголю сярод цяжарных жанчын і жанчын дзетароднага ўзросту». Гэтая тэма была ўзнята ў чарговым выданні Глабальнай стратэгіі па скарачэнні шкоднага ўжывання алкаголю. Гэта дакумент, які актуалізуецца экспертамі сусветнай арганізацыі амаль кожныя два гады.


1370730863_alko-0002-720x340.jpg
Фота: rusfact.ru

Найбольшае абурэнне публікацыя стратэгіі выклікала ў вядучых заходніх арганізацый па ахове правоў жанчын, часткі анты-алкагольных ініцыятываў, а таксама ў вытворцаў алкагольнай прадукцыі.

У Беларусі, якая афіцыйна некалькі год таму ўзначальвала сусветны рэйтынг па колькасці ўжывання чыстага спірту на чалавека, прапановы «абаронцаў здароўя» амаль не выклікалі ніякай рэакцыі. Напэўна, большасць грамадзян краіны не лічыць праблему алкагалізацыі вартай увагі.

Хаця назіранні за становішчам нашага грамадства, асабліва ў апошнія некалькі год, даюць усе падставы канстатаваць пераход ад дэградацыі кожнага асобнага алкаспажывача да фатальных зменаў у соцыюме.

Ад дэградацыі асобных грамадзян да краху соцыюму

Менавіта пра сацыяльную дэградацыю як найбольшую пагрозу для існавання чалавецтва ідзецца ў стратэгіі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Таму эксперты засяродзілі сваю ўвагу ў дакуменце на ролі жанчын як падмурку нашай цывілізацыі.

Але грамадства не тое, што не пачула засцярогу. Некаторыя лідары меркаванняў нават здолелі пашырыць у інфа-прасторы пераіначаную тэзу, якая не мае дачынення да стратэгіі сусветнай арганізацыі: «Сусветную арганізацыю здароўя абвінавацілі ў сэксізме пасля заявы аб тым, што жанчыны ў дзетародным узросце не павінны піць алкаголь».

Цяжка ўявіць, каб паважаныя праваабаронцы і аўтары вядомых выданняў не здолелі ўспрыняць сутнасць дакумента — націск на пагрозу для соцыюму і стратэгію па далучэнні супольнасцяў да супрацьстаяння дэградацыі. Замест гэтага, напрыклад, у брытанскай The Guardian можна прычытаць: «Гэта не ваша здароўе, каб яго стан мусіў вас турбаваць. Гэта жанчыны весяляцца».

У артыкуле неаднаразова падкрэсліваецца думка пра тое, што кожны чалавек мае права атрымліваць задавальненне і наносіць сабе шкоду якім заўгодна спосабам. І нікога ягоныя паводзіны турбаваць не павінны.

Вельмі шкада, што аўтары падобных артыкулаў забываюцца на тое, што свабода кожнага індывіда абмежаваная свабодамі іншых, бо чалавек — істота сацыяльная. А таксама пра тое, што любая шкодная звычка, у тым ліку ўжыванне алкаголю, мае вялікі ўплыў на атачэнне, сацыяльную пагрозу, якая па некаторых ацэнках у асобных краінах, асабліва ў Беларусі, прыняла катастрафічны характар.

У пэўнай ступені, менавіта алкагалізацыя ёсць адной з істотных прычынаў сённяшняга сацыяльнага, грамадскага і палітычнага крызісу. Разрыў сацыяльных сувязяў і атамізацыя беларускага грамадства адбыліся не ў адзін момант. Праблемы назапашваліся дзесяцігоддзямі. Але большасць, на жаль, намагалася рабіць выгляд, што алкагалізацыя гэта загана маргіналаў, да грамадства не мае дачынення, і для яго ніякіх адмоўных наступстваў не будзе.

Супольнасці супраць алкагалізацыі

У адрозненні ад Беларусі, у Ісландыі ўсвядомілі глабальнасць праблемы больш за 20 год таму. І разглядалі алкагалізацыю разам з наркатызацыяй як катастрафічныя пагрозы для грамадства. Таму менавіта мясцовым супольнасцям належыць галоўная роля ў прафілактыцы небяспечных паводзінаў сярод моладзі. Можна сказаць, што галоўнай тэзай стратэгіі ісландцаў з’яўляецца наступная: «Алкаголь ламае не толькі асобу, але і грамадства. Таму менавіта ўзмацненне ролі супольнасцяў, сацыяльна адказныя паводзіны кожнай асобы і цалкам грамадства здатныя супрацьстаяць алкагалізацыі».

Чытайце па тэме: Цвярозыя брацтвы супраць рэжыму

Як вядома, спажывец здатны ўцягваць у спажыванне небяспечных рэчаваў яшчэ некалькі чалавек. Таму ісландская праграма прадугледжвае супольны ўдзел лакальных бацькоўскіх супольнасцяў у працэсе прафілактыкі. Такім чынам дарослыя на асабістым прыкладзе дэманструюць імкненне да здаровага ладу жыцця.

Акрамя гэтага, маладыя людзі атрымліваюць досвед сацыяльных кантактаў. Ствараюць гарызантальныя сувязі і трывалыя супольнасці па спартыўных і культурніцкіх захапленнях, грамадска-палітычных цікаўнасцях, што дае спадзеў на далейшае развіццё грамадскай супольнасці краіны. 

Стратэгія на ўзмацненне сацыяльнай адказнасці

Сусветная арганізацыя па ахове здароўя раз на два-тры гады абнаўляе стратэгію па супрацьстаянні шкодным наступствам ужывання алкаголю. Гэта агульны дакумент, які не з’яўляецца абавязковым для выканнання і нават кіраўніцтвам да дзеяння.

Публікацыя больш нагадвае спробы прыцягнуць увагу грамадства, актуалізаваць праблематыку.

Гэтым разам дакумент выклікаў скандал, за якім большасць крытыкаў не звярнула ўвагі на магістральную тэму стратэгіі — апеляцыя да людзей і чалавецтва, да сацыяльнай адказнасці перад грамадствам і наступнымі пакаленнямі.

Бо нават нядаўняя гісторыя добра дэманстравала, што дэградацыя асобных людзей прыводзіць да атамізацыі грамадстваў, якімі лёгка маніпуляваць, ператварыць у статак з наяўнасцю толькі прымітыўных інстынктаў.

На жаль, за абвінавачваннямі ў сэксізме, «забароне ўжываць алкаголь» згубіўся заклік сусветнай арганізацыі да фактычнага падвышэння сацыяльнай ролі жанчын. А таксама апеляцыя да большай сацыяльнай адказнасці і жанчын, і мужчын.

Бо менавіта такі падыход дазволіць пераламіць сітуацыяю з алкагалізацыяй, якая на сённешні момант вядзе чалавецтва да катастрофы.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org