Марыя Грыц піша пра вельмі істотныя добрыя рысы, якія беларусы дэманструюць у цяжкія часы, і якія, магчыма, стануць сапраўдным нацыянальным цудам.
Марыя Грыц
Добрыя дзеці выклікаюць у нас замілаванне: іхныя шчырыя сэрцы яшчэ не пацярпелі ад горычы рэчаіснасці, яны давяраюць, дапамагаюць, сябруюць раз і назаўжды. Не ўсе дзеці, вядома, але ж.
А пасля ўключаецца «рабі высновы», «не будзь наіўным», «рыхтуйся да горшага». Як сказаў адзін вядомы чалавек, каб не расчароўвацца ў людзях, трэба імі не ачароўвацца. Але навошта тады ўставаць з ложка, ісці ў камунікацыю, ствараць супольнасці, развіваць культуру?
Я мяркую, што жыццё без зачаравання — гэта не мудрасць. Гэта бяспека, якая вядзе да пустэчы.
Кажуць, людзі ідуць у стасункі, каб іх унутраныя дзеці адчувалі сябе ў бяспецы. Але калі ты гадамі церпіш паразы — асабістыя, прафесійныя, нацыянальныя — то гэтае дзіця хаваеш усё глыбей.
Малюнак Андруся Такінданга
І мы, беларускія дарослыя, за апошнія пяць гадоў сталі экспертамі па стратах.
Блізкія — далёка.
Дом — не дом.
Магілы — за мяжой дасяжнасці.
Кватэры — пакінутыя або «нацыяналізаваныя».
Краіна — быццам бы ёсць, але працягвае падкідваць праблемы.
А яшчэ боль, які мы носім з сабой. І вось мы стаім: з паразамі, з траўмамі, з недасказаным смуткам — і па ўсіх логіках жыцця павінны былі б ужо даўно стаць калючымі.
Але не. Я не ведаю, якім цудам гэта адбываецца, але беларуская супольнасць жыве не злосцю, а падтрымкай. Так, беларус беларусу не заўжды беларус, і ў нас ёсць улюбёная народная забава — бульбасрач. Гэта наша нацыянальная спадчына! Але я бачу гэта як форму выпуску пары і своеасаблівае сталенне. О-о-о, калі б нехта вынайшаў рухавік, які працуе на энергіі бульбасрачу, мы б ужо каланізавалі Марс.
Калі адкінуць жарты, я бачу ў нас шэраг вельмі істотных добрых праяваў:

Малюнак Андруся Такінданга
Не ў тых аб’ёмах, як раней, не з той наіўнай адданасцю, але дапамагаем.
Мы намацалі ў сабе гэтую «дапамагацельную цягліцу», і яна стала часткай нашай штодзённасці.
Гэта не дзіцячая наіўнасць — гэта свядомы выбар.
А трымацца разам — яшчэ той выклік. Бо мы маем свае погляды на тое, як правільна рабіць, казаць і жыць, мы абіраем драбнейшыя, больш утульныя суполкі па інтарэсах. Але ж! Ну, і калі вы чытаеце «Будзьму», то ведаеце, колькі адкрываецца і працягваецца праектаў! Каб быць карыснымі адно аднаму, каб быць разам. А гэта супер-пра-дабро.
І гэтая дабрыня па-даросламу праяўляецца ў дробязях, з якіх складаецца кожны дзень:
— калі чалавек не проста слухае, а сапраўды чуе, без парадаў, а побач;
— калі табе перадаюць слоік сочыва з радзімы ці кабачок пачкаматам;
— калі калега прыносіць суп, бо ты ўчора кашляла;
— калі табе ўпотай падкідаюць цукерку «Алёнка» ў кішэню;
— калі сябры рыхтуюць табе маленькае хатняе свята ў эміграцыі, каб ты не адчувала сябе пакінутай;
— калі хтосьці выбачаецца першы, хоць мог бы трымацца ганарыстасці;
— калі чалавек бачыць, што ты стамілася, і кажа: «сядзі, я ўжо раблю» і «ты не адна»;
— калі хтосьці спецыяльна прыязджае на тваю падзею з іншай краіны, бо ты яму важная;
— калі папраўляюць твае памылкі, не робячы з гэтага драму;
— калі людзі побач па-ранейшаму здольныя жартаваць не зларадна і не саркастычна;
— калі набываеш цягам года падарункі на Каляды, бо думаеш пра знаёмых і ведаеш іх густы;
— калі пытаюць, ці ты паела, ці табе цёпла, ці ёсць боты на зіму...
Такі спіс можна працягваць бясконца, бо дабрыня — гэта не вялікі жэст. Гэта сотні маленькіх выбараў.
Шмат людзей (прынамсі) з гэтага боку мяжы перайшлі ці яшчэ пераходзяць на беларускую мову. Так, зноў становіцца актуальным грахоўскі «Ветразь», зноў жартуюць пра «шуфляду» і «другі шлях», зноў распавядаюць найсівейшы анекдот пра яка — але такі шлях, і выдатна, што ім ідуць. Чаму я таксама лічу гэта дабрынёй? Бо гэтыя высілкі на ўласнае развіццё ў галіне, якая не прынясе відавочных бонусаў, і людзі абіраюць так рабіць па пакліканні сэрца і па любові. А любоў — гэта заўсёды дабрыня.
Таму я перакананая, што застацца добрым чалавекам у дарослым жыцці — гэта не дзіцячая рыса. Гэта свядомая, дарослая мужнасць.
Бо дарослы ведае цану чалавечнасці і не хоча быць такім, як тое, што яго параніла. Бо ўнутры кожнага з нас жыве дзіця, якому нельга здрадзіць. Бо дабрыня — гэта сіла, а не слабасць. Бо чалавек не хоча быць адзіным сведкам свайго жыцця. Бо дарослы разумее, што дабрыня — гэта інвестыцыя ў свет, які застанецца пасля яго.
Магчыма, гэта і стане сапраўдным нацыянальным цудам: не стаць жорсткімі, хоць маем для таго ўсе падставы.

Малюнак Андруся Такінданга
Марыя Грыц, Budzma.org