Калі б Вас паклалі ў крыакамеру і абудзілі праз сто год, усё б змянілася. Грошы, камунікацыя, транспарт, якасць паветра... Толькі на «Беларусьфільме» усё было б як раней. Там здымалі б кіно пра Бацьку Міная і 1941 год.
Калі б Вас паклалі ў крыакамеру і абудзілі праз сто год, усё б змянілася. Грошы, камунікацыя, транспарт, якасць паветра... Толькі на «Беларусьфільме» усё было б як раней. Там здымалі б кіно пра Бацьку Міная і 1941 год.
Магчыма, вам не падабаецца міністр культуры Руслан Чарнецкі. А мне — падабаецца. Сваёй гранічнай шчырасцю. Ён кажа: «Мастацтва дапамагае растлумачыць сэнсы, якія дзяржава хоча данесці да свайго народа». Вось яно, ёмістае тлумачэнне, што такое прапаганда. Хоць у слоўнік бяры. Роля мастацтва — службовая.
Руслан Чарнецкі
Канешне, найлепшым міністрам культуры быў бы Мікалай Іванавіч Чаргінец. Калі б так сталася, мы б убачылі кінаэпапею пра Мікалая Чаргінца, у якой зняўся б Мікалай Чаргінец. У фінале ён бы заходзіў у музей імя Чаргінца ў школе імя Чаргінца... А «Тайна овального кабинета» нарэшце стала б настольнай кнігай кожнага беларуса.
Але вернемся да Чарнецкага. І — да беларускага кіно, якое той падняў з кален. Не сам, вядома, а пры падтрымцы галоўнага кіназнаўцы: «Наш Прэзідэнт заўсёды пільна сочыць за ўсім. Увага да беларускага кіно адчувалася пастаянна. Пасля візіту на „Беларусьфільм“ змяніліся патрабаванні да стварэння кіно (...). Яны сталі больш жорсткія на ўсіх этапах...»
Так кажа Чарнецкі, а пасля распавядае пра тое, як расіяне апанавалі беларускую кінавытворчасць. Толькі ў 2025-м у Беларусі здымалі «Батька Минай. Партизанская легенда», «Август», «Почтальон Победы». Крыху раней у Мінску і Берасці здымалі драму «В списках не значился». Усё пра вайну, усё з машковымі і бязрукавымі ў галоўных ролях.
Дзе тут, у Беларусі, беларускае кіно? Краіна — палігон для расійскай кінаіндустрыі. А тэматычная падборка ілюструе ролю, адведзеную Беларусі ў гістарычнай рэтраспектыве і перспектыве: быць расійскім рубяжом перад агрэсіяй «калектыўнага Захаду». Ёмістае тлумачэнне, навошта Расіі тая Беларусь патрэбная.
Беларускімі шэдэўрамі Чарнецкі лічыць стужкі «Класная» і «Пераломны момант». Апошні фільм знялі за рэкордныя паўтара месяцы! Магчыма, на стаханаўскія тэмпы паўплываў акурат візіт на «Беларусьфільм» галоўнага кіназнаўцы. Каб часцей прыязджаў, знялі б і за тыдзень.
Навучэнцаў Мінскага гандлёва-эканамічнага каледжа змусілі праглядзець фільм «Класная». Фота з тэлеграм-канала каледжа
Пра што фільмы? А галоўнае — навошта? Мэтай, паводле міністра, ёсць «Фарміраванне характару, асобы, адказнасць, дапамога бліжняму — вечныя тэмы». Вяртаемся да пачатку: мастацтва тлумачыць цёмнаму народу сэнсы, якія дзяржава хоча да яго данесці. Таму фільм «Класная» трапіў нават у падручнік па гісторыі для 11-га класа.
У саміх фільмах з пазнакай «6+», магчыма, няма нічога дрэннага. Не глядзеў і — не асуджаю. Але звыклыя гісторыі пра падлеткаў, якія на Захадзе ды ў Расіі выходзяць сотнямі, выстаўляюцца як нейкае надзвычайнае дасягненне. Прарыў! Калі дзіцёнак вучыцца гаварыць — гэта радасць і свята. Толькі вось дзіцёнку ўжо... 101 год. Нагадаю, «Беларусьфільм» заснаваны ў 1924-м.
«Беларусьфільм», ілюстратыўнае фота
Кажуць, у яўрэяў ёсць звычай: калі старая бажніца марнее, урастае ў зямлю... яе не ратуюць. Хай завальваецца. Не трэба біць у званы. Трэба, каб яе жаласны выгляд абудзіў пачуцці людзей. І толькі тады яны — людзі — нешта зразумеюць і прачнуцца.
«Беларусьфільм» — як тая бажніца, урослая ў зямлю. Лепш не чапаць. Усё, што там робіцца — найлепшая ілюстрацыя таго, як рабіць не трэба.
Як прызнаецца міністр Чарнецкі: «Мастацтва апрыёры — павелічальнае шкло, праз якое бачна тое, што адбываецца ў нашым жыцці. Інакш навошта яно?..»
Лепш не скажаш. Напэўна, некалі нават з’явіцца фільм, у якім героі мелькам глядзяць на экране ўрыўкі з «Паштальёна Пабеды», «Класнай» ці «Бацькі Міная». Але гэта будзе зусім іншае кіно. І іншая Беларусь.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org