Аляксандар Кульлінковіч. Першая акустыка

07.11.2011 Афіша

13 лістапада Аляксандар Кульлінковіч у суправаджэньні сваіх калегаў упершыню выканае свае песьні ў акустычным варыянце, а гурт «Da!Бл…» з вёскі Нарач прадставіць свой новы альбом «Эпоха мод» у лайт-вэрсіі. Гэтым разам канцэрт з сэрыі «Тузін. Unplugged» адбудзецца ў новым месцы – менскім Loft-cafe.

Tuzin Unplugged

Паводле задумы праекту «Тузін. Unplugged» самыя цікавыя рок-гурты Беларусі прадстаўляюць свае песьні ў камэрным фармаце. Пост-грандж гурт з вёскі Кабыльнікі (Нарач) «Da!Бл…» атрымаў вядомасьць пасля перамогі на полацкім рок-фэсьце «Ноч ваўкалака-2008» і ўдзелам у чарце на «Тузіне Гітоў» зь песьняй «Параноя». Гурт падрыхтаваў для канцэрту 13 лістапада аблегчаную вэрсію сваёй новай праграмы «Эпоха мод». Як кажуць музыкі, апрацоўкі некаторых песень былі зьмененыя карэнным чынам.

Да непазнавальнасьці зьмененыя і некаторыя творы Аляксандра Кульлінковіча. Выканаўца ўпершыню засьпявае свае галоўныя гіты ў акустычнай вэрсіі. У трэк-лісьце ёсьць такія песьні, як «Ехали уроды», «Полцарства», «Звёздочки», падарунак ад Лявона Вольскага «Марскі чалавек»… Сам Кульлінковіч кажа, што спачатку думаў, што з гэтай задумы атрымаецца «поўнае лайно», але па выніку яму і яго калегам нават спадабалася такое лагоднае гучаньне.

Падчас выступаў гледачы змогуць задаць пытанні музыкам. Весьці імпрэзу «Тузін. Unplugged» па традыцыі будзе Алег Хаменка, музыкант і нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў». Да ўсяго, наведнікі канцэрту 13 лістапада маюць шанец выйграць эксклюзіўную складанку «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2», а таксама іншыя прызы ад партнёра «Тузіна Гітоў» кампаніі «Будзьма беларусамі».

Квіткі будуць прадавацца ў дзень канцэрта, 13 лістапада з 11.00 у Loft-cafe (вул.П.Броўкі, 22). Канцэрт пачнецца ў 19.00. Кошт квітка – 50 000 руб., за столікам – 70 000 руб. Тэл. для даведак: +375 29 6872093.

Тузін Гітоў