Беларускі сатырычны бестселер «Свінні» выйшаў у фармаце аўдыякнігі

Агучвалі вельмі пазнавальных персанажаў гэтага раману ў тым ліку акторы-купалаўцы — і ў выніку выйшаў сапраўдны аўдыяспектакль пра свіны апакаліпсіс у вёсцы Качанава Груздзеўскага раёна. Праца над агучкай кнігі Аляксандра Чарнухі вялася амаль два гады, і цяпер паслухаць «Свіней» можна бясплатна на сайце audiobooks.by і на ўсіх буйных пляцоўках.


Raman «Svinni»

— Бадай, гэта самы доўгі праект, які я рабіла, — кажа прадзюсарка праекту Крысціна Дробыш. — Так склаўся лёс, што кніга чакала свайго часу, каб выйсці менавіта цяпер. Аднак праца над ёй пачалася прыкладна адразу пасля выдання расейскамоўнай версіі. Складана было падступіцца, зразумець з чаго пачаць, каб не сапсаваць смачны тэкст, пераклад, падабраць правільную каманду галасоў са здаровай дозай іроніі і характару. Знайсці грошы і самае складанае для мяне — разабрацца ў безлічы персанажаў, а іх я налічыла больш за 40. Цяпер магу сказаць, што «Свінні» пайшлі ў народ. І гэта крута!

Кнігу ў беларускім перакладзе Алеся Плоткі агучвалі вядомыя акторы Сяргей Чуб, Андрэй Дробыш, Алег Гарбуз і Крысціна Дробыш, а гукарэжысурай займаўся Аляксандр Зелянеўскі.

«Свінні» — гэты дэбютны раман журналіста і пісьменніка АляксандраЧарнухі, які быў апублікаваны ў 2022 годзе. Праз год з’явіўся пераклад кнігі на беларускую мову, які выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч». За два гады кнігу прачыталі ў 42 краінах па ўсім свеце — ад Новай Зеландыі і Паўднёвай Карэі да Іраку і Канады, а прэзентацыі твору адбыліся ў 12 краінах.

««Дажыначны постапакаліпсіс», «Оруэл з-пад Шчучыншчыны», «Дэманічная батлейка» — стылістычна гэта нейкая сумесь сюррэальных фельетонаў Мастаўшчыкова і хтоні ранняга Елізарава плюс Сарокінскі, вядома ж, фінал. Калі б гэты тэкст выйшаў у 2005, ён быў бы роўна такім жа надзённым і актуальным: ён вельмі моцна вяртае ў пекла правінцыйных нулявых. Усё гэта жахліва смешна і нават стамляешся смяяцца, але гэта менавіта батлейка і вар’яцтва».

— Таццяна Заміроўская

«У часы чалавечых трагедый слёзы не ратуюць. Таму Аляксандр Чарнуха паспрабаваў засмяяцца. З’едлівай, саркастычнай усмешкай, але ўсміхнуўся. І аказалася, што на час, у якім выпала нам шчасце жыць, скрозь смех глядзець страшней, чым скрозь слёзы».

— Уладзімір Някляеў

Спасылка на аўдыёверсію рамана «Свінні» —  тут.

Спасылка на кнігу — тут.