Аўтар «Свінняў» Аляксандр Чарнуха выдаў новую кнігу — зборнік апавяданняў пад назвай «Гвалт». З гэтай нагоды ён распавёў budzma.org, ці выкарыстоўваў ён асабіста гвалт у адносінах да іншых, чаго чакае ад амерыканскага тура і ў чым бачыць пазітыў у цяперашнія складаныя часы.
— «Гвалт» — гэта кніжка пра гвалт у сучаснай Беларусі, ці пра што?
— Яна пра гвалт у шырокім сэнсе, але дакладна ўсе сюжэты, якія апісаныя ў кнізе, цалкам беларускія і будуць зразумелыя кожнаму з нас. Нехта пазнае дэкарацыі, нехта пазнае персанажаў, нехта пазнае іншыя складнікі. У сваіх творах я традыцыйна спалучаю фікшн і нон-фікшн.
— Як ты мяркуеш, наколькі ўласцівы гвалт беларусам? Раней ім прыпісвалі талерантнасць, але ў апошнія гады мы назіраем незразумелы ўзровень жорсткасці ў краіне.
— Я даўно казаў, што беларусы насамрэч не коцікі, што гэта міф. Дарэчы, у мяне ў кнізе ёсць апавяданне, якое так і называецца — «Коцікі». Калі нехта дагэтуль лічыць, што беларусы талерантныя і мяккія, то раю яго пачытаць.
Мне падаецца, у нас унутры сядзіць шмат назапашанай агрэсіі, для якой шмат гадоў не было выйсця. Нейкім чынам магла б дапамагчы ўсебеларуская тэрапія, але гэта не дакладна. Відаць, мы яшчэ толькі ў пачатку свайго шляху. Нейкая талерантнасць, дэмакратычнасць не будуюцца за адзін дзень, гэта вельмі складаны і доўгі шлях. Трэба весці пастаянную дыскусію, каб у выніку да нечага дамовіцца.
Хаця не варта агулам казаць, што беларусы і беларускі — яны вось такія. Сярод нас, як і сярод прадстаўнікоў любой іншай нацыі, ёсць зусім розныя людзі: і добрыя, і дрэнныя, і героі, і злодзеі. Сэнс у тым, каб усім гэтым персанажам дамовіцца паміж сабой, знайсці нейкі баланс і ўстойлівасць, якія дапамогуць будаваць краіну далей.
— Асабіста ты ў Беларусі часцей знаходзіўся з боку тых, хто праяўляе гвалт, ці з боку тых, хто быў ахвярай гвалту?
— Пра сябе складана казаць у такім кантэксце, бо гвалтаўнікі вельмі часта не разумеюць, што яны з’яўляюцца гвалтаўнікамі. Але паспрабую. Я быў і ахвярай, але я дакладна быў і гвалтаўніком. Праяўлялася гэта ў розных рэчах: у нейкай манаполіі на меркаванне, у не вельмі ветлівых стасунках з іншымі людзьмі, магчыма, нават таксічнасці.
Але больш падрабязны адказ на гэтае пытанне — тэма для асобнага інтэрв’ю, якое павінна адбывацца ў кабінеце псіхатэрапеўта.
— Якой была гісторыя стварэння тваёй новай кнігі?
— Калі весці адлік ад напісання першага апавядання, апавядання «Рука», якое можна назваць пасляслоўем да майго дэбютнага рамана «Свінні», то кніга стваралася два гады. Іншыя апавяданні нараджаліся паступова, затым нарадзілася канцэпцыя — я зразумеў, што ўсе яны так ці інакш распавядаюць пра гвалт. Калі канцэптуальна кніга была выбудавана, я падаўся на праграму Art Power ад Беларускай Рады культуры. Але ў нас адбылося непаразуменне, якое я падрабязна апісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
У выніку я атрымаў прапанову ад прадстаўнікоў краўдфандынгавай платформы Gronka запусціць кампанію там. Яна была даволі паспяховай: мы не сабралі ўсю суму, але грошай хапіла, каб зрабіць кнігу, стварыць 10 ілюстрацый для яе, якія намалявала мая жонка Таісія Чарнуха, і выпусціць выданне накладам у тысячу асобнікаў.
Як я лічу, справа расцягнулася, але кніжка ёсць — дзякуючы, у першую чаргу, маім чытачам і аўдыторыі. Я зразумеў, што мне давяраюць, таму самае важнае для мяне — працягваць пісаць.
— Тысячу асобнікаў — гэта вялікі наклад.
— Гледзячы якую оптыку прымяняць. Для сучаснай беларускай літаратуры — так, дастаткова вялікі. Для сусветнай літаратуры гэта наадварот маленькі наклад. Былі папярэднія замовы, я ўпэўнены, што кніжка раскупіцца, і магчыма, будзе яшчэ адзін наклад — а можа, і не адзін.
— Ужо на днях у цябе пачынаецца амерыканскі тур: з 29 студзеня па 9 сакавіка запланаваныя сустрэчы з прэзентацыяй «Гвалту» ў Вашынгтоне, Філадэльфіі, Атланце, Мінеапалісе, Сіэтле, Сан-Францыска, Лос-Анджэлесе і Нью-Ёрку. Чаго ты чакаеш ад паездкі?
— Чакаю ў першую чаргу сустрэч з цудоўнымі людзьмі, беларусамі і беларускамі, якія жывуць у ЗША. Акрамя літаратуры, я буду распавядаць і пра беларускую музыку. Наколькі я ведаю, акрамя гэтых анансаваных імпрэзаў у пералічаных гарадах арганізатарамі запланаваныя сустрэчы і з англамоўнай аўдыторыяй — гэта добрая магчымасць і сваю творчасць паказаць, і прадставіць беларускую літаратуру для замежнікаў. Важна распавесці, што ўвогуле ў нас адбываецца, паразмаўляць і парэфлексаваць.
Дзякуй за падтрымку Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы, якая ўзяла на сябе ўсе клопаты па арганізацыі гэтага насычанага тура. Упэўнены, што будзе вельмі цікава.
— Падводзячы ў Facebook асабістыя вынікі 2024 года, ты адзначыў, што займаўся ў тым ліку брэндынгам, піярам, прадусаваннем, кансалтынгам і «чым толькі яшчэ не займаўся». Гэта гісторыя пра тое, як даводзіцца выжываць беларускаму творцу, ці пра нешта іншае?
— Гэта пра іншае: у мяне ёсць пэўныя веды і экспертыза, якімі я гатовы дзяліцца. Рады, што яны запатрабаваныя. Інфармацыя ў пасце — не пра тое, што я вымушаны шукаць працу і знаходжуся ў складаным стане. Упэўнены, што ёсць людзі, якім прыходзіцца нашмат цяжэй. Гаворка не пра выжыванне, а пра тое, што я вельмі люблю пераключацца і вельмі не люблю сядзець на канапе, таму звычайна працую ў рэжыме нон-стоп. Праўда, я не заўсёды лічу загружанасць за працу — гэта натуральная частка майго жыцця.
— Аляксандр, якія ты атрымліваеш водгукі ад людзей, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі? Ці не назіраеш сімптомаў пачатка культурнага разрыву паміж імі і тымі, хто з’ехаў?
— Лічу, што гэта штучна створаны падзел.
На маю думку, усе, хто жывуць у беларускім кантэксце, не могуць лічыцца адарванымі ад рэалій Беларусі. Так, мы ходзім па іншых вуліцах і ў іншыя кавярні, так, у нас трохі большы досвед камунікацыі з прадстаўнікамі іншых краін, але ўсе мы з’яўляемся беларусамі.
Калі казаць пра раман «Свінні» («Гвалт», натуральна, яшчэ не паспелі прачытаць), то ад людзей, якія знаходзяцца ўнутры нашай краіны, атрымліваў толькі станоўчыя водгукі. Шмат хто з іх пазнаваў ці свой горад, ці персанажаў. Было нямала каментароў у стылі: «А ці не пра Масты гэта напісана?». «А можа, гэта пра Глыбокае?».
«Свінні» — універсальны тэкст пра Беларусь і беларусаў. Тыя, хто калі-небудзь у сваім жыцці бывалі за МКАДам, цудоўна разумеюць, што выдумкі ў маім рамане не так і шмат.
— Сёння для беларусаў вельмі няпростыя часы. У чым, на тваю думку, можна знайсці пазітыў?
— Мы дапамагаем адно аднаму, нягледзячы на ўсе абставіны. Клопат, падтрымка, пазітыўнае стаўленне для поспехаў адно аднаго — гэта і ёсць наша ўсебеларускай тэрапія.
Так, гаўна хапае, вельмі шмат балючых навін, але нам трэба працягваць жыць і нешта рабіць, бо нават змрочныя часы маюць уласцівасць сканчацца са з’яўленнем сонейка. Каб яго ўбачыць, каб не аслепнуць да гэтага моманту ў цемры, трэба берагчы сябе і клапаціцца пра іншых.
Набыць кнігу «Гвалт» можна тут і тут.
Антон Навумчык, Budzma.org
Фотаздымкі Kanaplev + Leidik, прадастаўлены для публікацыі Аляксандрам Чарнухам