Гродзенскі актор і рэжысёр Аляксандр Енджэеўскі пасля вымушанага пераезду ў Польшчу не стаў адкладаць тэатр «на лепшыя часы». У Беластоку ён стварыў новую трупу, заснаваў тэатральную студыю для дзяцей і працягнуў працаваць як рэжысёр. Напярэдадні прэм’еры спектакля «Чырвоны крыж» паводле твора Сашы Філіпенкі мы пагаварылі з рэжысёрам пра беларускі тэатр у эміграцыі, культурны мост паміж Беларуссю і Польшчай і сілу памяці.
Аляксандр Енджэеўскі
— Аляксандр, як бы Вы апісалі сёння ўжо пройдзеную эміграцыю, свой шлях ад Гродна да Беластока?
— Я ўвесь гэты шлях апісаў бы адным словам — калейдаскоп. Калейдаскоп падзей, сустрэч, эмоцый, пачуццяў. Пры тым, што ўсё, што адбывалася са мной да і пасля эміграцыі, — гэта кардынальна рознае. Тут усё трэба пачынаць нанова. І часам выконваць тую працу, якую ты, дапусцім, у Беларусі ніколі б не рабіў, таму што ў цябе не было такой неабходнасці.
Тут новае жыццё, новае ўспрыманне, новыя погляды. Абсалютна ўсё па-новаму.
— Ці быў у Вас момант, калі здалося, што тэатру ў Вашым жыцці прыйшоў канец?
— Не, тэатр ува мне быў заўсёды, і жадання спыніцца і перастаць ім займацца ў мяне ніколі не ўзнікала.
Занятак творчасцю для мяне — гэта нейкая аддушына, якая прымушае мозг зусім па-іншаму працаваць і ўспрымаць. Тэатр вельмі дапамагае мне не пагрузіцца ў эмігранцкую руціну — праца, дакументы, дом і ўсё астатняе.
— Аляксандр, Вы ў Беластоку стварылі сваю тэатральную студыю і пачалі працаваць з дзецьмі. Ці гэта новая роля для Вас — быць тэатральным педагогам?
— Калі казаць пра акцёрскую студыю для дзяцей, падлеткаў, то гэта новае. Таму што ў Беларусі мне ніколі асабліва не хацелася займацца педагагічнай дзейнасцю, але пасля таго, як мы паказалі першы спектакль «Сумны суп», з’явіўся запыт ад бацькоў: а ці не маглі б Вы з нашымі дзецьмі займацца тэатральным майстэрствам?
Так і ўзнікла наша студыя, якая цяпер існуе крыху ў паменшаным выглядзе: адна група замест дзвюх, таму што на ўсё не хапае часу. Я цяпер у першай палове дня працую на дастаўцы, а пасля абеду ўжо займаюся асабістымі справамі: выкладаннем, пастаноўкай спектакляў і творчасцю. Каб ніхто не думаў, што мы тут сядзім на грантах і нічога не робім.
— У тэатральнай студыі Аляксандра Енджэеўскага гавораць па-беларуску?
— У нас у студыі займаюцца не толькі беларускія дзеці, але і ўкраінскія. Заняткі праходзяць і па-руску, і па-беларуску, але спектаклі мы ставім выключна на беларускай мове. І думаю, гэта вельмі важна, таму што ў нас былі выпадкі, што дзіця пачало гаварыць і чытаць па-беларуску дзякуючы працы над спектаклем, супольным чыткам і рэпетыцыям.
— А як Вы сябе адчуваеце ў ролі педагога?
— Працаваць з дзецьмі цяжка, цікава, і, напэўна, усё-такі большае задавальненне адчуваеш, калі бачыш вынік сумеснай працы. Таму што гэта не толькі мая работа. Гэта ж дзеці працуюць над спектаклем, а я ім дапамагаю.
Яны таксама мяняюцца. Напрыклад, вельмі прыемна глядзець на дзіця, як яно расце, як раскрываецца за год навучання ў тэатральнай студыі. Гэта вельмі карысна, асабліва для дзяцей з эмігранцкіх колаў, з пункту гледжання нейкай нават сацыяльнай адаптацыі.
— Распавядзіце, калі ласка, пра Аляксандра Енджэеўскага як рэжысёра.
— Я ставіў спектаклі і капуснікі ўжо ў Беларусі, але больш усё ж працаваў як акцёр. Па прыездзе ж у Беласток я ўжо сур’ёзна заняўся менавіта рэжысурай. І калі да гэтага я і граў, і ставіў, то пры пастаноўцы апошняга спектакля я выступіў выключна як рэжысёр.
Мая партнёрка па тэатры Настасся Суханосік сказала мне: «Саша, давай ты толькі не будзеш іграць, давай ты будзеш займацца чымсьці адным». І я дазволіў сабе быць толькі рэжысёрам, і гэта цудоўна, таму што быць акцёрам і ставіць спектакль адначасова — гэта праўда вельмі няпроста, таму што ты ж многія рэчы збоку не бачыш, не заўважаеш, а калі займаешся толькі рэжысурай, у цябе больш часу падумаць, убачыць збоку, падкарэктаваць, пайсці глыбей у ідэі, у думкі, адчуванні.

Наста Суханосік
— Вы разам з Настай Суханосік і Кацярынай Еўдакімавай стварылі ў Беластоку тэатр «Прыехалі». Калі вы яго стваралі, вы думалі пра тое, як захаваць тое, што было ў Беларусі, у Гродна, ці пра тое, як стварыць нешта татальна новае ў Беластоку?
— Канешне, каб зрабіць нешта новае.
Толькі так. Ну, нешта працягваць — гэта, ведаеце, як чамадан без ручкі з сабой цягнуць. Не, давайце ўсё-такі пачнём, прымем дадзенасць, што мы знаходзімся тут і цяпер, у новым месцы, жывём у гэтых умовах, у гэтых абставінах, і ствараем новае, а не цягнем за сабой нешта. З Беларусі ў нас засталася толькі наша творчая група, наша тройка — і ўсё.
— А ці ёсць такое адчуванне цяпер, што вы робіце не толькі беларускі тэатр, а своеасаблівы культурны мост паміж Беларуссю і Польшчай?
— У нас не толькі ёсць гэтае адчуванне, што мы мост. Мы шмат працуем, каб так яно і было. Напрыклад, наш апошні спектакль «Чырвоны крыж» у нас свядома пастаўлены з польскімі субтытрамі. Наступны спектакль, магчыма, будзе выкананы на польскай мове.
Мы хочам інтэгравацца ў польскае культурнае асяроддзе, узаемадзейнічаць з творчымі калектывамі ў Польшчы, абменьвацца досведам, каб у краіне, дзе мы зараз жывем, даведаліся пра беларускую тэатральную школу, пра наяўнасць беларускіх акцёраў, асабліва лялькаводаў. Іх не так-та і шмат у Польшчы. Нам важна паказаць праз сваю творчасць і прысутнасць разнастайнасць беларускіх тэатраў.
Таму што па збегу абставінаў усе ведаюць ўмоўна адну тэатральную трупу, якая базуецца ў Варшаве.
Але пры гэтым існуе велізарная колькасць іншых тэатральных дзеячаў, якія ствараюць тэатральнае мастацтва ў іншых гарадах... То-бок на Варшаве свет клінам не сышоўся. І ў іншых месцах Польшчы таксама ёсць прафесіяналы, прадстаўнікі беларускага тэатра.

Рэпетыцыя спектакля «Чырвоны крыж»
— Аляксандр, 16 і 17 верасня адбудзецца прэм’ера вашага новага спектакля «Чырвоны крыж» па твору Сашы Філіпенкі. Дата прэм’еры абрана невыпадкова. Што вы адчуваеце, калі чуеце 17 верасня 1939?
— Гэта дата вельмі цесна звязана з маёй сям’ёй, а калі быць дакладней, з маім бацькам. Яго сям’я жыла ў Гродна да 17 верасня 1939 года.
Пасля гэтай трагічнай даты мой дзядуля Анджэй Енджэеўскі быў арыштаваны як былы афіцэр польскай арміі, і потым паступілі звесткі, што ён загінуў у Гродзенскай турме. А ўся сям’я — цяжарная бабуля з чатырма дзецьмі — была выслана ў Казахстан, дзе нарадзіўся мой бацька.
Вось жылі людзі, нікога не чапалі, а нейкія іншыя людзі, якія мелі ўладу, адным росчыркам пяра правялі па паперы і перакрэслілі чалавечыя лёсы. Менавіта гэтую тэму мы хочам падняць у спектаклі «Чырвоны крыж»: што для некаторых асобаў, якія знаходзяцца пры ўладзе, паняцця «чалавечыя лёсы» наогул не існуе. Для іх гэта проста набор літар на паперы, з якімі можна зрабіць усё, што заўгодна — скамячыць, выкінуць, парэзаць, перакрэсліць. Ёсць людзі, якія яшчэ памятаюць, як гэта адбывалася, з аповедаў сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль.
— Калі вы ўпершыню прачыталі «Чырвоны крыж», што ў гэтай гісторыі вас больш за ўсё зачапіла?
— Напэўна, фінал гэтай кнігі мяне больш за ўсё зачапіў. Пра тое, што, з аднаго боку, галоўная гераіня патраціла ўсё сваё жыццё, каб знайсці невядомага ёй чалавека, каб папрасіць прабачэння. То-бок гэта гаворыць пра наяўнасць нейкага сумлення.
Пры тым, што яна сама пацярпела, адседзела там, па-мойму, 10 гадоў у лагеры. Яна ўжо магла б сказаць сабе: «Ну ўсё, я ўжо за свае грахі заплаціла». Але яна ўсё ж працягвала шукаць чалавека, перад якім была вінаватая. Не буду спойлерыць увесь сюжэт. Але зачапілі мяне фінал і гэтая парадаксальная сітуацыя, у якой апынуліся галоўныя героі.
— Саша Філіпенка працаваў над сцэнічнай інтэрпрэтацыяй кнігі?
— Не, ён не ўдзельнічаў у напісанні сцэнарыя. Я падзяліўся з ім тым, што хачу паставіць спектакль па яго кнізе. І першае, што ён сказаў: «Толькі не прымушайце мяне пісаць п’есу».
Я кажу: «Не-не-не, я сам гэта ўсё зраблю». Ён сказаў: «Слава богу, усё рабіце, што хочаце». У Сашы Філіпенкі пазіцыя такая — кніга яго, якая выйшла ў свет, яна ўжо пачынае жыць самастойным жыццём.
Але я спадзяюся, што мы з гэтым спектаклем яшчэ паедзем па іншых гарадах, можа, краінах, і там абавязкова перасячомся з Філіпенкам, для таго, каб ён сам паглядзеў. Ну і, вядома ж, мне цікава пачуць яго меркаванне, яго адчуванні і эмоцыі, якія выкліча ў яго спектакль, пастаўлены па яго кнізе.
— Распавядзіце, калі ласка, пра форму спектакля.
— Форма спектакля — гэта змяшанне тэатра лялек і драматычнага тэатра, таму што акцёры выступаюць і жывым планам, і з дапамогай лялек.
У нас два асноўныя дзейныя персанажы — гэта Таццяна Аляксандраўна і Аляксандр. Я цалкам пакінуў усё, як у кнізе.

Рэпетыцыя спектакля «Чырвоны крыж»
На пляцоўцы два акцёры, якія за час спектакля выконваюць галоўных герояў, а таксама пераўвасабляюцца і ў іншых персанажаў. Я спецыяльна стварыў такую структуру, каб было перамешванне, змяшэнне мінулага і сучаснасці, каб глядач не да канца ўвогуле разумеў, дзе ён зараз знаходзіцца, у якой кропцы гісторыі. Але ўсё гэта зроблена для таго, каб данесці гэтую ідэю дыктатараў, людзей, якія дарваліся да ўлады, у якіх няма паняцця сумлення, а з другога боку — людзей, у якіх вось гэтае пачуццё сумлення прысутнічае, што яны былі, ёсць і будуць, і яны зараз таксама існуюць.
Гэтая гісторыя — прызма, праз якую мы глядзім на жыццё сёння. Рэпрэсіі, арышты, дэпартацыі.

Васіль Дашкевіч
— Ці ёсць небяспека, што грамадства можа прызвычаіцца да слоў «рэпрэсіі», «арышты», «дэпартацыі»?
— Я думаю, што грамадства ўжо прызвычаілася да гэтых страшных слоў і з’яў. З якой лёгкасцю і будзённасцю мы часам гаворым пра палітзняволеных: добра, хоць там два ці тры гады далі, а не дзесяць. Гэта абсурднасць. Часта мы нават не гаворым пра тое, што гэта неправамерна, няправільна, гэта не тое рашэнне, яно не мае месца нават быць за тыя дзеянні, за якія яны як бы караюць. Вось у чым жах.
— Вы лічыце, што гэты спектакль можа быць своеасаблівым люстэркам у 2026 годзе?
— Ён можа быць такім люстэркам у любым годзе, у любы час, таму што дыктатары нікуды не зніклі, але самае галоўнае — яны таксама з’яўляюцца не з ніадкуль, іх ствараюць. І таму ўвесь спектакль напоўнены шматлікімі трыгерамі.
Я думаю, што кожны глядач знойдзе нешта сваё ў гэтым нашым творчым праекце. Таму што ў кожнага гледача сваё ўласнае жыццё, сваё ўласнае ўспрыманне, свае ўласныя ўспаміны. І якія эмоцыі выкліча тая ці іншая сцэна, гэта цяжка прадбачыць, але я вельмі спадзяюся на тое, што эмоцыі з боку гледача, яны будуць.
— А што для Вас было самым складаным як для рэжысёра ў гэтай пастаноўцы?
— Самае складанае — гэта было да абеду працаваць, а потым займацца мастацтвам.
Вось гэты момант пераключэння. Ён быў такі цяжкі, і фізічна, і маральна пераключацца з аднаго на другое.
— Што стала для Вас нечаканым падчас рэпетыцый над спектаклем?
— Напэўна, сам працэс рэпетыцыі — гэта проста такое дастаткова займальнае мерапрыемства, таму што ў цябе як у рэжысёра ў галаве адна карцінка. І часам на сцэне акцёры гэтую карцінку робяць нашмат лепш і цікавей, чым нават ты сабе ўяўляў.
Таму, напэўна, самае істотнае і самае моцнае адкрыццё — гэта калі падчас рэпетыцыі ты бачыш, як увасабляецца на сцэне з дапамогай лялек, акцёраў твая задума. І як яна нават часам нашмат лепшая, чым ты мог сабе меркаваць. Вось гэта самае нечаканае.
— Раскажыце пра сваіх партнёраў.
— Калі казаць пра нашых партнёраў — Цэнтр беларускай культуры дапамог з арэндай залы да паказу спектакля.
Таксама, і гэта вельмі важны момант, наша пастаноўка дафінансаваная Міністэрствам культуры Польшчы. Мы выйгралі грант для рэалізацыі гэтага спектакля.
Фундацыя «Эдуардсіс» — наш фіскальны партнёр, праз якога мы ўсё афармляем. Потым харэаграфічная прастора «Артэя» ў Беластоку — гэта тое месца, дзе мы рэпетуем.
— Што, на Вашу думку, польскі глядач можа ўбачыць у гэтай гісторыі свайго?
— Я думаю, што нават не польскі, а любы жыхар, скажам так, вось гэтага савецкага блока, яму гэты спектакль адгукнецца, гэта гістарычная памяць пра страшныя часы сталінізму — менавіта тое, што аб’ядноўвае нашы краіны і робіць спектакль актуальным.
— Што для Вас сёння азначае слова «памяць»?
— Напэўна, памяць для мяне — гэта як у Метэрлінка, калі, памятаеце, дзеці сустрэліся з дзядулем і бабуляй і кажуць: «Так вы ж памерлі», і чуюць адказ: «Не, пакуль вы нас памятаеце, мы жывыя».
І я думаю, што памяць — гэта вось пра гэта: пакуль будзем памятаць пра ахвяр сталінскага тэрору, усе яны будуць жывыя. Памяць — гэта вельмі важна.
— Ці ёсць нешта, што Вы хацелі б перад прэм’ерай сказаць гледачу?
— Перад прэм’ерай я хацеў бы сказаць гледачу, што падчас спектакля дазваляецца ўспрымаць, смяяцца, плакаць, выражаць любую эмоцыю, якую вы палічыце ў гэты момант патрэбнай, таму што
наша задача, каб гэты спектакль у вас выклікаў непадробныя пачуцці, эмоцыі і памяць.
Падрабязную інфармацыю пра дзейнасць тэатра можна знайсці на сайце.
Наста Пабягунская, Budzma.org
Фотаздымкі з асабістага архіва суразмоўцы