Ціхі дзень на Энгельса, 7. Былы прэс-сакратар Купалаўскага тэатра пра стогадовы юбілей з зачыненымі дзвярыма

14 верасня спаўняецца 106 гадоў Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы. Шэсць гадоў таму, калі ўстанова набліжалася да свайго стагоддзя, у яе сценах адбываліся падзеі, якія змянілі тэатр: большая частка трупы была звольнена, юбілейныя мерапрыемствы адменены, а дзень стагоддзя тэатр сустрэў з зачыненымі дзвярыма. Пра юбілей, які не адбыўся, згадвае тагачасны прэс-сакратар тэатра Мікалай Заяц.

Kupalauski-2.jpg
Лагатып 100-га сезона Купалаўскага тэатра

Фрагмент з прэс-рэліза да стагоддзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы:

«Змяняюцца эпохі і людзі, палітычныя строі і рэжымы, а ідэалы Купалаўскага тэатра застаюцца нязменнымі. Дзякуючы Купалаўскаму тэатру, мы як нацыя ўносім у палітру свету яскравы і непаўторны колер, бо цікавыя свету тым, што нас адрознівае, і тым, чым здольныя дапоўніць і расквеціць сусветную культуру.

100-годдзе Купалаўскі тэатр адзначае з зачыненымі дзвярыма. Аднак немагчыма «зачыніць» памкненні людзей, якія смела называюць сябе купалаўцамі, якія падзяляюць ідэалы беларускай культуры. За сваю 100-гадовую гісторыю тэатр перажыў мноства няпростых момантаў. Аднак ніводзін з іх не змог знішчыць дух Купалаўскага тэатра».

Памятаю, як рыхтаваўся гэты прэс-рэліз. Камунікацыйная падрыхтоўка да юбілею — гэта часам спроба звесці ў адно цэлае доўгую лінію часу і няроўную гісторыю. У такім тэксце імкнешся адлюстраваць і момант заснавання, і цяжкія старонкі мінулага, і імёны тых, хто вызначаў аблічча тэатра, і пры гэтым не абмінуць падзей, якія адбываліся ўжо на вачах. Калі спрабуеш асэнсаваць маштаб спадчыны, непазбежна ўсведамляеш, наколькі ўласная роля ў гэтым працэсе абмежавана. Ты застаешся часовым хранікёрам, чый абавязак — скласці з гэтай спадчыны кароткі святочны тэкст, не страціўшы пры гэтым яе сутнасці.

Mikalaj Zajac
Мікалай Заяц. Фота з асабістага архіва

Купалаўскі не дажыў да стагоддзя роўна месяц. 13 жніўня 2020 года калектыў прыняў рашэнне аб часовым прыпыненні паказаў — разглядалася магчымасць забастоўкі. 17 жніўня была скасавана працоўная дамова з генеральным дырэктарам Паўлам Латушкам. На наступны дзень міністр культуры Юрый Бондар прыбыў у тэатр «на размову», якая скончылася масавай дэманстрацыяй купалаўцамі заяў на звальненне. 

Зачынены ўваход у Купалаўскі тэатар. Жнівень 2020. Фота: "Радыё Свабода"

19 і 20 жніўня былі абвешчаны выходнымі «ў сувязі з правядзеннем санітарна-эпідэміялагічнай апрацоўкі ўсіх памяшканняў тэатра» — фактычна тады дзверы тэатра зачыніліся. 21 жніўня большая частка калектыву была выведзена ў прастой. А 26 жніўня тэатр задаволіў заявы 58 супрацоўнікаў, з якіх 36 былі акцёрамі — пазней былі прыняты рашэнні і па астатніх заявах.

Nacyjanaĺny akademičny teatr imia Janki Kupaly
Будынак на вуліцы Энгельса, 7 у Мінску: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Фота з Вікіпедыі

Гэты абрыў адбыўся на фоне кантрасту і насычанасці апошняга, 100-га сезона — за ім я назіраў як глядач. Калектыў выпусціў прэм’еры «Кароль Лір» і «Першы». Спектакль «Паўлінка» быў афіцыйна прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Падчас пандэміі тэатр выйшаў у анлайн і сабраў больш за 100 тысяч гледачоў з розных краін на сваіх спектаклях у інтэрнэце, а пашывачны цэх быў перапрафіляваны на выраб масак для медыкаў.

Časopis «Kupalaŭski»
Часопіс «Купалаўскі»

У тым жа сезоне Купалаўскі стаў першым драматычным тэатрам у краіне, які пачаў выпускаць уласнае выданне — часопіс «Купалаўскі»: восемдзесят старонак, шмат ілюстрацый, крэатыўная вёрстка і цікавыя нататкі. Сезон стаў стартавай кропкай для новых праектаў: «Музычныя вечары ў Купалаўскім», «Легенды Купалаўскага», «Экскурсіі па закуліссі», а таксама для дабрачыннага праекта «Купалаўскі адкрывае сэрцы». З поспехам адбыліся гастролі ў Парыжы, Беластоку, Бранску, Вільнюсе, Гданьску, Маскве. Пасля шматгадовага перапынку былі адноўлены і гастролі па Беларусі: у Гродне, Гомелі, Слоніме, Бабруйску, Лідзе, Наваполацку, Салігорску, Маладзечне і іншых гарадах. Сезон завяршыўся бясплатным паказам «Паўлінкі» ля сцен Лідскага замка.


Scena sa spiektaklia «Paŭlinka»
Сцэна са спектакля «Паўлінка»

Якім магло б быць стагоддзе тэатра, калі б яно адбылося?

Паводле папярэдніх планаў, урачыстасці на Энгельса, 7 мусілі праходзіць цягам некалькіх дзён. Святкаванне павінна было пачацца 11 верасня з прэс-канферэнцыі з тэатралізаванымі эпізодамі са спектакляў. Падчас яе планавалі ўрачыста пагасіць юбілейны канверт з маркай, а таксама прэзентаваць памятную манету ад Нацбанка. Кульмінацыя была прызначана на 14 верасня: бліжэй да вечара перад будынкам тэатра збіраліся адкрыць алею зорак. Цырымонія павінна была прайсці пад гукі аркестра — гэта задумвалася як гістарычны перагук з пажарным аркестрам, які граў у Аляксандраўскім скверы стагоддзе таму. Унутры будынка — цырымоніймайстар, жывая музыка, выстава 100 партрэтаў на сценах, у каміннай зале — святочны пачастунак і экспазіцыя тэатральных касцюмаў і элементаў сцэнаграфіі. У 18:45 гледачоў павінны былі запрасіць у глядацкую залю. 

Увесь гэты графік так і застаўся толькі тэкстам у файле — дэталёвым, але нездзейсненым планам таго юбілею, якога ў Купалаўскім не было. Замест свята тэатр сустрэў стагоддзе з зачыненымі дзвярыма.

Сёння, праз шэсць гадоў, можна паглядзець на тыя падзеі з адлегласці. Ці застаецца тоеснасць тэатра ў межах будынка і назвы, ці яна працягвае існаваць там, куды пайшлі тыя, хто некалі напаўняў яго сцены? Магчыма, менавіта ў гэтай незавершанасці і палягае адна з найбольш драматычных рыс гісторыі Купалаўскага.

Мікалай Заяц, Budzma.org