«Сімвалічныя рэсурсы пачынаюць выкарыстоўвацца дзеля барацьбы ў іерархіі. Мы атрымалі схему, калі той, хто кантралюе гісторыю Беларусі, той фактычна і з’яўляецца нейкім кантралёрам грамадска-палітычнага жыцця».
12 студзеня Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт распачаў цыкл публічных лекцый. Па чацвяргах лекцыі будуць чытаць запрошаныя даследчыкі з Беларусі, Украіны і Расіі, якія атрымліваюць зараз стыпендыйную падтрымку ва ўніверсітэце. Партал Budzma.org наведаў першую лекцыю з цыклу — «Перакадзіраванне нацыі: падсумаванне Года гістарычнай памяці ў Беларусі» гісторыка і сацыёлага Аляксея Ластоўскага. Прапануем вашай увазе галоўныя тэзісы аўтара.
Аляксей Ластоўскі, фота з ФБ
Мінулы год у Беларусі быў абвешчаны Годам гістарычнай памяці. Чаму ўласна адбыўся такі паварот да гісторыі? Раней, у 1990-х, Аляксандра Лукашэнку часта абвінавачвалі ў тым, што ў краіне ствараецца агістарычная форма нацыянальнай ідэнтычнасці. Што кіраўнік дзяржавы не цікавіцца гісторыяй, што ўсё гэта ў заняпадзе. І раптам гісторыя становіцца тэмай нумар адзін у публічным дыскурсе Беларусі. Больш за тое, гістарычная тэматыка нават пераважае ў дзяржаўных СМІ над тэмай вайны ва Украіне. Дзіўна, на першы погляд.
Такое панаванне гістарычнай тэматыкі, безумоўна, выклікана тым сацыяльна-палітычным крызісам, які адбыўся ў 2020 годзе. Фактычна, мы ўбачылі правал, поўную дыскрэдытацыю дзяржаўнага праекта палітычнай ідэнтычнасці, які ў Беларусі будаваўся на спалучэнні двух прынцыповых рэчаў: палітычнай пасіўнасці і лаяльнасці. Фактычна, быў выбудаваны сацыяльны кантракт, насельніцтва атрымоўвала свае бонусы і не ўмешвалася ў палітычнае жыццё.
Улады звярнуліся да гісторыі ўжо ў сам момант палітычнага крызісу. Пры спробах мабілізацыі сваіх прыхільнікаў не было знойдзена ніякай іншай магчымасці, чым сабраць іх на глебе апеляцыі да міфалогіі Вялікай Айчыннай вайны. Была дзіўная сітуацыя, калі падчас масавых шэсцяў улады ўключалі вайскова-патрыятычныя песні часоў вайны, рабіўся выгляд, што вяртаецца адвечнае супрацьстаянне сілаў дабра і зла.
На маю думку, склалася так, што ніякага іншага рэсурсу для ідэалагічнай мабілізацыі, апроч міфалогіі Вялікай Айчыннай вайны, не прыдумалі, не знайшлі. Да таго ж, былі некаторыя актары ў праўладных колах, якія былі дужа зацікаўленыя, каб выкарыстоўваць менавіта гістарычны рэсурс.
Першай ластаўкай (у звароце ўлады да гісторыі) стала абвяшчэнне 2021-га Годам народнага адзінства. Пры гэтым была выкарыстана апеляцыя да падзей 17 верасня 1939 года, якое традыцыйна называецца ўз’яднаннем беларускага народа. Тут мы бачым выразныя паралелі з расколам грамадства 2020 года, калі абодва бакі былі ў жорсткай канфрантацыі. Улада па-свойму пераадольвае раскол, абвясціўшы фармальна курс на адзінства. Але абраная дзіўная мадэль, бо 17 верасня не з’яўляецца масава пашыраным святам, згодна з даследаваннямі, у калектыўнай свядомасці беларусаў гэты дзень не з’яўляецца нейкай вельмі значнай падзеяй. Больш за тое, у памяці людзей з Заходняй Беларусі гэта зусім не такая адназначная падзея. (...) Мне падаецца, што ў выніку недахопу інтэлектуальных і палітычных рэсурсаў проста ідзе запазычанне мадэляў з Расіі. Там таксама ёсць нядаўна створаная традыцыя народнага адзінства (4 лістапада святкуецца Дзень народнага адзінства «ў гонар выгнання з Масквы літоўска-польскіх захопнікаў» — Budzma.org), але і ў Беларусі, і ў Расіі гэтая ідэя не стала аб’яднальным фактарам. Насамрэч мы (у Беларусі) бачылі больш жорсткую кансалідацыю лагера прыхільнікаў улады, далейшую маргіналізацыю і нават абесчалавечванне тых людзей, якія знаходзіліся ў апазіцыі да ўлады. Фактычна, усё больш паглыбляўся той раскол 2020 года.
Эклектычны быў год. Цэнтральным блокам Года гістарычнай памяці стала рэарганізацыя палітыкі што да падзей Вялікай Айчыннай вайны — адбылася імплементацыя закона пра генацыд беларускага народа. Але не было грамадскага і палітычнага абмеркавання закона. Як юрыдычны дакумент ён вельмі праблемны. Там адсутнічае вызначэнне, што такое генацыд, там прапісваецца адмаўленне генацыду беларускага народа, але няма ніякай дэфініцыі, што азначае і як вызначаецца гэтае адмаўленне. Там прапісана вельмі дзіўная перыядызацыя. Усё сканчаецца 1951 годам. Ясна, што гэта зроблена, каб падвесці пад закон калабаранцкія структуры, Армію Краёву, украінскія фармаванні, беларускія нацыяналістычныя арганізацыі. Беларускія нацыяналісты па гэтай логіцы ажыццяўляюць генацыд беларускага народа — гучыць вельмі экзатычна. Тут ізноў бачны расійскі след — апошнія дзесяць гадоў там прасоўваецца тэма генацыду савецкага народа. То-бок ідэя імпартаваная.
У чым галоўная праблема з гэтым законам, апроч няяснасці дэфініцый. (...) У 90-я і нулявыя гады тэрмін «генацыд» атрымаў ва Усходняй Еўропе надзвычайнае пашырэнне. Ясна, што ёсць такое класічнае разуменне тэрміну «генацыд» — гэта Халакост. (...) Трагедыя габрэяў на землях Усходняй Еўропы стала асновай для канцэптуалізацыі тэрміну. Пазней мы бачым, што многія іншыя краіны, палітычныя сілы пачынаюць апеляваць да генацыду як да звышрэсурсу, да таго, што дае найвышэйшае маральнае апраўданне выжылым пасля генацыду, яны становяцца тымі, хто мае права прэтэндаваць на прызнанне. Асабліва гэта заўважна ва Усходняй Еўропе, дзе паўстала некалькі новых дзяржаваў, якім трэба было нейкім чынам легітымізаваць сваё з’яўленне. Яскравы прыклад, гэта Украіна, дзе Галадамор быў абвешчаны генацыдам на заканадаўчым узроўні. Дарэчы, на Алеі ў памяць ахвяр Галадамору ёсць дрэва, пасаджанае Лукашэнкам падчас ягонага візіту да прэзідэнта Віктара Юшчанкі. Ну і Літва, Латвія, Эстонія — тут рэпрэсіі савецкай улады таксама названыя генацыдам.
Генацыд — гэта катэгорыя, якая мае сэнс для палітыкаў. Мае сэнс як інструмент міжнароднага прызнання. (...) У Беларусі быў разлік на міжнародную рэакцыю, але ўсе запыты па выдачы нацысцкіх злачынцаў былі дэманстратыўна адрынутыя. Паказальна, што генпракуратура абяцала сабраць міжнародную канферэнцыю па гэтай тэме ў Беларусі. Адразу, як пра гэта пачуў, мог бы паспрачацца на тое, што яе не будзе. І яна не адбылася — бо няма магчымасці гэта інтэлектуальна прасоўваць, абмяркоўваць, таму што ніякай навуковай дыскусіі тут у прынцыпе не можа быць. (...)
Што цікава, тут адбылася такая рэч як сек’юрытызацыя — гэта калі сілавыя структуры, спецслужбы пачынаюць займацца гісторыяй. Яны выціскаюць з гэтага поля прафесійных гісторыкаў і пачынаюць самі перахопліваць парадак дня і выкарыстоўваць гісторыю і для сваёй легітымацыі, і для ўнутрыслужбовай барацьбы — захоп важнага сімвалічнага рэсурсу дае перавагу ў канкурэнцыі паміж рознымі блокамі. Завалоданне тэмай генацыду беларускага народу стала такой вось «залатой рыбкай» для Генпракуратуры Беларусі. Вынік можам бачыць у кнізе, якая выйшла пад рэдакцыяй генпракурора Андрэя Шведа. І якая пакідае шмат пытанняў ад гісторыкаў. Пры хібах гістарычных, у кнізе таксама выразна бачыцца дыскрэдытацыя апанентаў, палітычная апазіцыя праз выкарыстанне нацыянальнай сімволікі альбо агулам праз нейкія дзікія інтэрпрэтатыўныя механізмы атаясамляецца з калабарантамі часоў Другой сусветнай вайны.
Адбыўся інтэлектуальны паварот Расіі да Беларусі. І гэта нядобра. Доўгі час Расія практычна ігнаравала тое, што адбываецца ў Беларусі. Ім здавалася, што гэта малаважна, што Беларусь і так з’яўляецца прарасійскай краінай, што там Лукашэнка, які ўсё кантралюе, такі свой, прарасійскі хлопец. Што няма сэнсу. (...) Але паварот адбыўся ў 2021-м, самыя яскравыя ўвасабленні — у 2022 годзе. Так, гэта канферэнцыя, прысвечаная падзелам Рэчы Паспалітай. Спачатку мусіла адбыцца вялікая канферэнцыя ў Смаленску, ініцыяваная расійскім бокам, але яна не адбылася, бо туды не падаліся беларускія гісторыкі. Па выніку прайшло дзве канферэнцыі: адна ў нашым Інстытуце гісторыі (пра сялянства), другая — уласна пра падзелы — у Полацкім дзяржуніверсітэце. І ўяўляеце, на апошняй да ўдзельнікаў афіцыйна звяртаецца міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. То-бок бачым, наколькі Расія прыдае значэнне зараз гэтаму. Лейтматыў канферэнцыі быў зразумелы — пра вяртанне «отторженного». Але падпісаць агульную дэкларацыю на полацкай канферэнцыі беларускім і расійскім гісторыкам не ўдалося, усё ж ёсць нейкі лакальны супраціў (у беларускіх гістарычных колах).
Раскрутка Аляксандрам Дзюкавым (расійскі гісторык, дырэктар фонда «Гістарычная памяць», стаіць на імперскіх пазіцыях — Budzma.org) тэмы Кастуся Каліноўскага з мэтай дэміфалагізацыі постаці героя. Выйшла публікацыя, дзе ён спрабуе прыбраць беларускі чыннік дзейнасці Каліноўскага, абапіраючыся на тое, што свой апошні ліст да каханкі Каліноўскі пісаў па-польску. Хаця любы гісторык разумее, на якой мове ў тых гістарычных умовах магло быць ліставанне паміж выхадцамі з колаў арыстакратыі. На польскай, інакш і быць не магло. І любоўная перапіска — гэта дакладна не маркер ідэнтычнасці Кастуся Каліноўскага.
Вайна з магіламі Арміі Краёвай.
Могілкі да руйнавання і пасля. Фота: Марэк Занеўскі (з сацсетак)
Фактычна, першыя званочкі пайшлі ў 2021 годзе, калі мясцовыя ўлады пачалі ціснуць на касцёлы, каб прыбралі памятныя шыльды ў гонар байцоў АК. Публічна гэта не агучвалася, але я тады шмат ездзіў па Беларусі і з гэтым сутыкаўся. Улетку 2022 года пачалася новая стадыя гэтай сімвалічнай барацьбы, калі на могілкі АК прыганялі тэхніку і раўнялі з зямлёй. (...) Адным з матываў як бы была барацьба з помнікамі ў гонар Савецкай Арміі, што пачалася ў краінах Усходняй Еўропы, выкліканая агрэсіяй Расіі супраць Украіны. Тут цікава, што мы назіраем цэласную кампанію, якая скіравана на маргіналізацыю цэлых этнічных і рэлігійных груп, што разглядаюцца ўладамі варожымі да беларускай дзяржаўнасці. (...) З другога боку, знішчэнне магіл АК — гэта ўдар не толькі па Польшчы і яе дзяржаўнай палітыцы, але і па мясцовай супольнасці. Аснову гэтых атрадаў складалі мясцовыя людзі. Уявіце сабе рэакцыю мясцовага насельніцтва на знішчэнне могілак, дзе пахаваныя іх продкі, сваякі. (...) Для мяне застаецца загадкай, навошта з лаяльнага ў прынцыпе да ўлады насельніцтва гэтых каталіцкіх раёнаў Гарадзеншчыны ўлада сама стварае сабе ворагаў. Адзінае рацыянальнае тлумачэнне, што гэта такія паліттэхналагічныя крокі, ініцыяваныя расійскім бокам. Але дакладна прасачыць гэтага не магу, таму пазбегнем сыходу ў канспіралогію.
Чытайце па тэме:
Культ мёртвых і вайна з магіламі. Архаіка, якая заўжды з табой
Важным сімвалічным крокам стаў Урок гістарычнай памяці. Адзначу два моманты. Па-першае, уладзе так і не атрымалася цалкам інкарпараваць свой наратыў гісторыі ў свядомасць моладзі. Пытанні і рэакцыя слухачоў часам былі непрадказальнымі, часам выбіваліся з таго, што чакалася арганізатарамі.
Па-другое, цікава, што Лукашэнкам была агучана абсалютна нацыяналістычная праграма інтэрпрэтацыі спадчыны Вялікага Княства Літоўскага як беларускай дзяржавы. Было заяўлена, што гэта была дзяржава, у якой жыло праваслаўнае беларускае і ўкраінскае насельніцтва, якое было дзяржавастваральным элементам — і мова наша, і статуты, і г. д. Гадоў пяць таму ўсе б узрадаваліся такому. Дарэчы, апошняя хваля падручнікаў для 5–6 класаў (2019 год) таксама давала беларусацэнтрычнае бачанне гісторыі ВКЛ. Але тое, што рабілася з добрымі намерамі, зараз стала інструментам барацьбы ўлады за гістарычнае мінулае.
Фінальным акордам Года гістарычнай памяці назаву выхад падручніка па гісторыі беларускай дзяржаўнасці, ініцыятарам якога стаў гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк. Падручнік меў складаны лёс — быў абвешчаны вельмі даўно, нават ва ўмовах сучаснай Беларусі яму было няпроста. Так, Інстытут гісторыі даў адмоўную рэцэнзію. Давялося выклікаць «ратавальную каманду», выхад быў зацягнуты. Падручнік напісаны з ненавуковых і дзяржавацэнтрычных пазіцый. Цэлая глава прысвечана таму, як фармаваўся культ Вітаўта, і гэта ўсё прама пераводзіцца на тое, што дзяржава павінна быць згуртаваная вакол моцнага лідара. То-бок легітымуецца дзяржаўны лад нашага часу ў Беларусі. Там дзіўныя рэчы, напрыклад, вельмі незвычайныя ўражанні пакідае раздзел пра Вялікую Айчынную вайну, большая частка якога прысвечана калабарацыяністам, а не ваенным дзеянням на франтах. І педагагічна ён не падрыхтаваны. Вялікі блін комам, але бачым, што ёсць сілы, каб такі прадукт максімальна прасоўваць у Беларусі.
Мне падаецца, што ў гэтым акцэнтаванні гістарычнай праблематыкі былі зацікаўленыя розныя групы актараў, для якіх гісторыя стала важным рэсурсам для свайго прасоўвання і барацьбы за ўладу. Сімвалічныя рэсурсы пачынаюць выкарыстоўвацца дзеля барацьбы ў іерархіі. Мы атрымалі схему, калі той, хто кантралюе гісторыю Беларусі, той фактычна і з’яўляецца нейкім кантралёрам грамадска-палітычнага жыцця.
І самы небяспечны трэнд — гэта нават не агучаная вышэй сек’юрытызацыя, калі гісторыю пачынаюць пісаць сілавыя структуры, а тое, што мы зараз фактычна знаходзімся ў сітуацыі, калі ідзе вельмі моцны інтэлектуальны і рэсурсны ціск з боку Расіі, якая спрабуе праціснуць і рэалізаваць абсалютна прарасійскае бачанне гісторыі Беларусі.
Але гэта насамрэч не так проста рэалізаваць, паколькі рэалізаваць задуманае павінны выкладчыкі ўніверсітэтаў, даследчыкі, беларускія гісторыкі, а сярод іх не так ужо і шмат тых, хто прытрымліваецца выразна прарасійскіх поглядаў. Таму гэта ўсё пакуль альбо сабатуецца, альбо рэалізуецца зусім іншым чынам, чым гэтага хацелася б расіянам. Таму сітуацыя не выклікае шмат аптымізму, але яна і не такая адназначная, як можа падацца, калі чытаць толькі дзяржаўныя СМІ.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org