Лявон Вольскі прыгадвае сваё дзяцінства ў простай савецкай школе — бездань часу, змарнаванага на нікому непатрэбныя прадметы і такія ж непатрэбныя абавязковыя мерапрыемствы — і разважае пра тое, што і сёння, праз столькі гадоў, у нашых дзяцей працягваюць красці час. «А бацькі глядзяць на гэты абсурд скрозь пальцы: што зробіш, мы таксама праз гэта праходзілі, так ужо прынята ў нашым рэгіёне...»
Лявон Вольскі
Прайшоў чарговы так званы Дзень ведаў — 1 верасьня. Дзеці пайшлі ў школу, праслухаўшы абавязковыя патрыятычныя прамовы на ўрачыстых лінейках з чырвона-зялёнымі сьцяжкамі й шарыкамі ды іншымі неабходнымі атрыбутамі дзяржаўнасьці, кшталту партрэтаў ды цытатаў першае асобы.
Так з маленства (а пачынаецца ўсё яшчэ да школы — у дзіцячым садку) нас прывучаюць да неабходнага непазьбежнага рытуалу — марнаваньня каштоўнага часу на непатрэбныя (нават, шкодныя) рэчы.
Да гэтага мы будзем ставіцца як да зьмены пораў году, да сьнегу, дажджу ці сьпёкі — вось яно ёсьць, заўсёды было і будзе. У маленстве мы ня думаем пра каштоўнасьць часу — трэба ісьці на занятак па «патрыятычным выхаваньні» — мы ідзем. Бо, калі ня пойдзем, пачнуцца санкцыі, бацькі будуць незадаволеныя: «Як гэта так? — ты мусіш быць як усе, асабліва не адрозьнівацца. Усе ўступілі ў піянэры — і ты мусіш. Усе пайшлі на непатрэбны нікому занятак па «патрыятызме» — і ты ідзі. Мы таксама хадзілі». Так ужо прынята на гэтай тэрыторыі...
«Дзень ведаў». Малюнак Лявона Вольскага
Я вучыўся ў простай савецкай школе. На раёне. Бацькі большасьці вучняў пераехалі ў сталіцу зь вёсак і працавалі таксоўцамі, сьлюсарамі, мулярамі, мэханікамі, сантэхнікамі. У пачатковых клясах дзеці яшчэ спрабавалі так-сяк вучыцца, але потым «троечнікі» (добрая палова клясы) скемілі, што пасьля восьмае клясы пойдуць у ПТВ, і таму няма чаго тут напружвацца і самаахвярна грызьці граніт навукі.
Таму ў сёмай клясе француская мова самаліквідавалася, бо палова вучняў не разумела, пра што, наогул, вядзецца, якія, да халеры, дзеяслоўныя формы, і навошта гэта ўсё ім патрэбна, калі ў наступным годзе яны пойдуць у прафтэхвучэльню (яе міжсоб называлі «хабзой»). Урэшце на занятках чыталі фантастыку і дэтэктывы. Частка вучняў нават гэтае чытво ўспрымала далёка не пазытыўна.
Шкада настаўніцу, яна вельмі пераймалася і спадзявалася, што дзеці «загарацца» ейным прадмэтам, але цуду ня здарылася. Завядзёнка перамагла...
Катастрофа адбылася і зь беларускай мовай. Настаўніца пайшла ў дэкрэт, на замену прыслалі практыкантку — толькі з інстытуту. Вучні не адчувалі да яе ані кроплі піетэту ды павагі, пастаянна даводзілі да сьлёз, хамілі, пахабілі і рабілі, што хацелі.
Захавалі парадак на сваіх занятках хіба што суворыя, жорсткія настаўнікі, які пастаянна падвышалі голас, кпілі з вучняў, маглі ў скрайнім выпадку даць поўху ці ўляпіць указкай у плечы, карацей, выкарыстоўвалі «антыпэдагагічныя мэтады». Гэтых выкладчыкаў баяліся. І паважалі. Сьмешна, але так было.
Ніхто з самых бязладных закарэлых двоечнікаў ня мог падвысіць голас на занятках па «працы». Бо «трудавік» меў выбуховы характар і, калі што ня так, хапаў вучня за вуха ці нос і круціў, аж пакуль той не пачынаў нема раўці, увесь у сьлязах. Лішне казаць, паскардзіцца на «трудавіка» было сорамна і страшна. Цярпелі.
Усіх цягалі на абавязковыя мерапрыемствы — суботнікі, патрыятычныя ранішнікі ды вечарыны, прысьвечаныя рэвалюцыі, Леніну, перамозе ў вайне, Хатынскай трагедыі, зьезду кампартыі, камсамолу і дню савецкае арміі. Ва ўсім гэтым трэба было ўдзельнічаць пасіўна (сядзець у зале і пляскаць у ладкі ў патрэбныя моманты) ці актыўна (артыстычна дэклямаваць завучаныя вершы:
«Ён ускалыхнуў стары сусьвет,
Жыцьцё па-свойму перайначыў.
Глядзім на ленінскі партрэт
І мар сваіх зьдзяйсьненьне бачым»).
Яшчэ практыкаваліся абавязковыя заняткі па вывучэньні трылёгіі савецкага боса Брэжнева — «Малая зямля», «Адраджньне» і «Цаліна». На занятках чыталі гэтыя «творы», адказвалі на пытаньні, «дыскутавалі» (у двукосьсі — таму што ўсе выдатна разумелі бессэнсоўнасьць гэтага працэсу, ён быў, хутчэй, фармальны, проста «для галачкі»), карацей, усебакова «вывучалі» гэтыя пярліны патрыятычна-мэмуарыстычнай літаратуры.
Школьнікі на лінейцы. Крыніца: fishki.net
Колькі дзіцячага неацэннага часу было змарнавана на ўсё гэта — не падлічыць. На Паўліка Марозава, Пецю Клыпу, гартаваньне сталі, лямпачку Ільіча, Шушанскае, Бонч-Бруевіча і дзядулю Калініна... Процьма часу. Бездань. На веды пра тое, што ведаць зусім не абавязкова, а хутчэй — і не патрэбна.
Колькі ўжо гадоў мінула, а ў бедных дзяцей працягваюць красьці час. Марнуюць іх у «лінейках», на вайскова-патрыятычных мерапрыемствах, вучаць непатрэбным (а часта — неіснуючым) дысцыплінам, распавядаюць біяграфіі герояў (часьцяком — злачынцаў) ... А бацькі глядзяць на гэты абсурд скрозь пальцы: што зробіш, мы таксама праз гэта праходзілі, так ужо прынята ў нашым рэгіёне...
А потым віншуць адно аднаго ў сацыяльных сетках з 23 лютага — Днём савецкай армі і ваенна-марскога флоту, 8 сакавіка — Днём жанчынаў, 7 лістапада — Днём Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, Днём незалежнасьці РБ — 3 ліпеня... І зь першым верасьня — Днём ведаў.
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org