Пісьменнікі Ірвін Уэлш і Брэт Істан Эліс працуюць над непаліткарэктным серыялам

Аўтары культавых раманаў «На ігле» і «Амерыканскі псіхапат» раскажуць аб выданні, якое пазбаўлена этыкі і палітычнай карэктнасці, піша Esquire са спасылкай на Deadline.

Працоўная назва серыяла — «Амерыканскі таблоід». Прадзюсары апісваюць новае шоў як «гісторыю штодзённага выдання, дзе палітычная карэктнасць, мараль і этыка засталіся за бортам». Серыял будзе мець сатырычны ўхіл, таму працаваць над ім запрасілі менавіта Уэлша і Эліса.
«Мы ведалі, што нам спатрэбяцца пісьменнікі, якія ня стрымліваюцца ў выразах і гатовыя зайсці далей, чым адважыцца хто-небудзь іншы», — патлумачыў прадзюсар Шэлі Хамманд.

Шатландскі пісьменнік Ірвін Уэлш да літаратурнага прызнання працаваў агентам па нерухомасці. У пачатку 1990-х ён пачаў пісаць кнігі і атрымаў аглушальны поспех пасля рамана «На ігле». Творы Уэлша неаднаразова экранізавалі, у тым ліку трагікамедыю «Дзярмо».

Яго калега па серыяле Брэт Істан Эліс найбольш вядомы па рамане «Амерыканскі псіхапат». У 2000 годзе кніга была экранізавана, галоўную ролю граў Крысціян Бэйл.


Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!