У Вялікай Мядзвядцы адшукалі магілу брата Ігната Дамейкі

У Вялікай Мядзвядцы ў 1802 годзе нарадзіўся Ігнат Дамейка, удзельнік паўстання 1830–1831 гадоў, выбітны навуковец-геолаг і нацыянальны герой Чылі. Нядаўна краязнаўцы зрабілі на мясцовых могілках важнае адкрыццё, звязанае з сям’ёй Дамейкаў. Аднак куды больш увагі прыцягвае фон — знявечаны помнік драўлянага дойлідства, піша «Наша Ніва» са спасылкай на старонку ў Фэйсбук даследчыка Зміцера Юркевіча.

Carkva ŭ Vialikaj Miadzviadcy da i paslia pierabudovy
Царква ў Вялікай Мядзвядцы да і пасля перабудовы

Разгаданая таямніца магілы Казіміра Дамейкі

Як расказаў даследчык Зміцер Юркевіч у сваім фэйсбуку, падчас краязнаўчай талакі на тэрыторыі колішняга маёнтка Дамейкаў былі даследаваныя два паваенныя надмагіллі. Высветлілася, што яны вырабленыя з аднаго старога разбітага каменя. Насамрэч гэтыя абломкі — фрагменты шырокай гарызантальнай пліты, што калісьці была часткай раскошнага пастамента надмагільнага помніка са скульптурным завяршэннем.

На фрагментах захаваўся польскамоўны надпіс: «Тут спачываюць рэшткі ... памерлага 30 студзеня 1872 года ва ўзросце 68 гадоў. Спакой яго душы».

Kazimir Damiejka i jahonaja žonka
Казімір Дамейка, брат Ігната, і ягоная жонка. Фота: фэйсбук Змітра Юркевіча

Раней дакладна вызначыць, каму менавіта належаў гэты манумент, не ўдавалася з-за супярэчнасцей у генеалогіі сям’і. Краязнаўцы падазравалі, што гэта магла быць магіла Казіміра Дамейкі — брата Ігната, які ўсё жыццё гаспадарыў у Мядзвядцы. Але ў розных даведніках і крыніцах дата яго смерці пазначалася як 1875 або 1876 год. З-за гэтага лічбу «1872» на камені ніяк не маглі ўпэўнена супаставіць з Казімірам.

Nadmahiĺny pomnik z fihuraj aniola na mohilkach u Vialikaj Miadzviedcy
Так калісьці выглядаў велічны надмагільны помнік з фігурай анёла на могілках у Вялікай Мядзведцы, ад якога сёння засталіся толькі абломкі пліты. Фота: фэйсбук Змітра Юркевіча

Каб разблытаць гэты вузел, Зміцер Юркевіч звярнуўся да эпісталярнай спадчыны Ігната Дамейкі. У зборніку лістоў знайшоўся ліст да Уладзіслава Ласковіча, напісаны з чылійскага Сант’яга 22 верасня 1872 года:

«Яшчэ не апамятаўся я ад жалю пасля смерці жонкі, як мяне кранула смерць Хэлхоўскага. Тлуміў я ў сабе гэты новы жаль, калі ты паведаміў мне пра смерць брата. <...> Калі мы чыталі, што яго ўжо няма, то быццам нешта адарвалася ў сэрцы. Праз момант я ўспомніў, што калі мы былі дзецьмі, дык мае два браты... рыхтаваліся ў свет... а з мяне смяяліся, што я не думаю ні пра што, як толькі пра гаспадарку... Вось жа, яны спакойна, у доме, на тым самым, можа, ложку, што і бацька, памерлі, а я, Бог ведае дзе, косці пахаваю».

Гэты дакумент стаў ключом. Калі ў верасні 1872 года Ігнат з горыччу піша пра нядаўнюю смерць брата, значыць, Казімір ніяк не мог памерці ў 1875 ці 1876 гадах, як памылкова сцвярджалі энцыклапедыі.

Далей заставалася толькі зрабіць матэматычны падлік. Казімір Дамейка нарадзіўся 26 кастрычніка 1803 года. На момант 30 студзеня 1872 года (дата на камені) яму было роўна 68 поўных гадоў. Храналагічная формула цалкам супала, што дазволіла гісторыкам канчаткова ідэнтыфікаваць парэшткі манумента.

Frahmienty haryzantaĺnaj plity ad pastamienta Kazimira Damiejki
Фрагменты гарызантальнай пліты ад пастамента Казіміра Дамейкі, якія ў паваенны час былі выкарыстаныя ў якасці другасных надмагілляў. Фота: фэйсбук Змітра Юркевіча

«Еўрарамонт» гістарычнай святыні

Сям’я Дамейкаў цесна звязаная не толькі з мясцовымі могілкамі, але і з размешчанай тут жа Свята-Ушэсцеўскай царквой. Ігнат Дамейка прыняў у гэтым храме першае прычасце і разам з бацькамі ўдзельнічаў у святочных працэсіях.

Sviata-Ušescieŭskaja carkva da pierabudovy
Арыгінальны выгляд храма да перабудовы

Царква ўяўляла сабой рэдкі захаваны ўзор народнага дойлідства з элементамі класіцызму, пабудаваны на мяжы XVIII-XIX стагоддзяў. Яна адрознівалася адназрубнай канструкцыяй з паўкруглымі (тэрмальнымі) «італьянскімі» вокнамі, уласцівымі для архітэктуры класіцызму, і арыгінальнымі шаляванымі дзвярыма.

У савецкія часы храм афіцыйна ахоўваўся дзяржавай і быў унесены ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», аднак у 2001 годзе пры стварэнні новага Дзяржаўнага спісу аб’ект проста «згубілі» і пазбавілі ахоўнага статусу.

Нядаўна гістарычных храм перажыў катастрофу пад выглядам надання «новага жыцця».

Sviata-Ušescieŭskaja carkva u pracesie pierabudovy
Храм у працэсе перабудовы. На галоўным уваходзе яшчэ заставаліся арыгінальныя шаляваныя дзверы. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Як паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына», мясцовы святар распачаў варварскі еўрарамонт будынка. Унікальны драўляны храм цалкам абшылі танным ПВХ-сайдынгам, які не толькі змяняе выгляд, але і парушае паветраабмен, што непазбежна прывядзе да хутчэйшага гніення старога зруба.

Арыгінальныя аконныя запаўненні былі выкінутыя, над уваходам з’явіўся недарэчны казырок. Наступным крокам стала знішчэнне гістарычнай вежкі-званіцы, замест якой цяпер узвышаецца нейкая нязграбная кукса, абшытая зялёнай бляхай.

Sviata-Ušescieŭskaja carkva paslia pierabudovy
Фінальны вынік еўрарамонту. Гістарычны помнік канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя цалкам згубіў свой архітэктурны выгляд. Фота: фэйсбук Змітра Юркевіча

Чыноўнікі адмовілі ў абароне

Каб спыніць знішчэнне храма, актывісты ў 2022 годзе, у год 220‑годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі, ініцыявалі наданне царкве статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Была падрыхтаваная грунтоўная навуковая даведка, дзе даказвалася гістарычная каштоўнасць аб’екта, яго ўнікальнасць і непарыўная сувязь з постаццю знакамітага навукоўца.

Аднак Гродзенскі абласны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 8 лістапада таго ж года вырашыў: «Адсутнічае неабходнасць надання статусу».

Šyĺda
За савецкім часам навукоўцы з Акадэміі навук прызналі храм помнікам архітэктуры, у пачатку 2000‑х гадоў беларускія чыноўнікі «згубілі» яго як помнік, а цяпер святар канчаткова знішчыў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У афіцыйным адказе Карэліцкага райвыканкама патлумачылі, што драўляныя канструкцыі былі пашкоджаныя гніллю і мелі «непрывабны выгляд», таму іх проста схавалі за сайдынгам. Чыноўнікі таксама заявілі, што храм з’яўляецца «традыцыйным сельскім», таму падстаў для яго аховы няма.

У той час мясцовая раённая газета з захапленнем піша пра тое, як «мясцовая ўлада і жыхары падарылі новае жыццё» святыні пры падтрымцы старшыні райвыканкама.

Рашэнне чыноўнікаў не вяртаць храму статус помніка архітэктуры фактычна развязала святару давяршыць знішчэнне храма, які ведаў Ігнат Дамейка.