Скажам шчыра, стваральнік унікальнага сайта “Глобус Беларусі” Андрэй Дыбоўскі ўспрыняў прапанову кампаніі “Будзьма” скласці маршрут беларускіх цмокаў скептычна. Спадар Андрэй — праграміст з адукацыі, таму да “ўсякіх цмокаў” ставіцца з усмешкай. Аднак Дыбоўскі — занадта каштоўны эксперт, каб здавацца так проста! Бадай, гэта адзіны чалавек у Беларусі, які аб’ехаў 99% нашых помнікаў архітэктуры — і стварыў найпаўнейшую інтэрнэт-энцыклапедыю, куды трапілі 10 тысяч аб’ектаў на 50 тысячах фатаграфіяў. Таму замест “мясцінаў, дзе жыве цмок” мы пайшлі на саступку, запісаўшы ад спадара Андрэя “мясціны, дзе мог бы жыць беларускі цмок, калі б ён існаваў”.
“Другі падземны паверх палаца Сапегаў — добрае месца для цмока”
— Я карэнны мінчук, — кажа Андрэй Дыбоўскі, — таму і пачну з Мінска. Зразумела, што ў сённяшнім горадзе на паверхні цмоку не было б дзе схавацца, таму ён быў бы вымушаны жыць пад зямлёй. А таму як пячораў у нас няма, цмок, натуральна, абраў бы нашую падземную раку Нямігу, якую загналі ў трубы ў першай палове ХХ стагоддзя. Як мы памятаем, менавіта з гэтай ракой (а дакладней, з бітвай на Нямізе ў 1067 годзе) звязаная першая згадка пра Менск. Ды і на нашай памяці, у 1999 годзе, тут адбылася страшная трагедыя, калі загінулі 53 чалавекі… Калі б я не быў праграмістам, то сказаў бы, што гэтае месца нейкае містычнае, няпростае. І цмока тут можна было б уявіць! Зрэшты, калі мы не бачым саму раку, то ўявіць там можна ўсё што заўгодна.
Далей спадар Андрэй прапануе перанесціся адразу ў Пружанскі раён, у палац Сапегаў у Ружанах.
— Напэўна, гэта адзіная старая пабудова ў Беларусі, дзе я на свае вочы бачыў два падземныя паверхі, — кажа спадар Дыбоўскі. — Ну а раз ужо ў нас прынята ўсялякія падзямеллі звязваць з таямнічасцю і загадкавасцю, чаму б нам не ўявіць, што беларускі цмок мог жыць менавіта там? Нават калі да рэстаўрацыі самога палаца рукі дойдуць няхутка (пакуль адноўленая толькі брама і два прыбрамныя карпусы), то арганізаваць бяспечнае наведванне гэтых лёхаў варта было б, бо людзі ўсё адно пранікаюць туды самастойна, а гэта больш небяспечна для жыцця. А ў часе экскурсіі можна было б і цмока туды прыплесці!
Вандруючы па Берасцейшчыне, Дыбоўскі прапануе зазірнуць у маёнтак Рэйтанаў Грушаўка (Ляхавіцкі раён).
— Там захавалася адна з самых маляўнічых у Беларусі пахавальняў. Сёння яна ў неблагім стане, аднак патрабуе рэстаўрацыі. Стаіць яна на ўзлеску, непадалёк ад самой сядзібы. Векавыя дрэвы і агромністая пахавальня ў рэтраспектыўна-гатычным стылі робяць гэтае месца асабліва ўзнёслым. Не будзем сяліць нашага цмока ў саму пахавальню, але сядзець недзе побач у лесе і ахоўваць яе ён бы мог.
“Кажуць, у гэтага бліндажа ёсць і другі, падземны паверх”
Там жа, на Берасцейшчыне, варта зазірнуць у мястэчка Высокае, мяркуе наш эксперт.
— Тут таксама стаяў замак Сапегаў другой паловы XVII стагоддзя, — тлумачыць Дыбоўскі. — На вялікі жаль, ад яго захавалася толькі брама ды рэшткі земляных умацаванняў. Але і гэта дае нам уяўленне пра магутнасць замка. Руіны брамы ўздымаюцца над вадою, наўкол пагоркі параслі дрэвамі — месца вельмі маляўнічае. А калі ўжо мы пасялілі цмока ў падзямелле адной рэзідэнцыі Сапегаў, то ўявім, што перыядычна наш цмок завітваў і сюды. Калі ж уласна цмока вы там не знойдзеце, раю паглядзець у Высокім Траецкі касцёл 1772 года, сядзібу Патоцкіх 1816 года, кляштар баніфратаў 1773 года, руіны дзвюх сінагог і старадаўнюю гарадскую забудову.
Працягваючы падарожжа па поўдні Беларусі, наш эксперт запрашае ў вёску Парэчча Пінскага раёна.
— Для разнастайнасці маршруту паселім нашага ўяўнага цмока ў… самы вялікі нямецкі бліндаж часоў Першай сусветнай вайны! — прапануе спадар Андрэй. — Бліндажу, як вы разумееце, амаль 100 гадоў, і ён настолькі ўмела схаваны ў лесе, што і цяпер заўважыць яго нялёгка. Здалёк выглядае як звычайны пагорак, парослы дрэвамі. Бліндаж вельмі вялікі — усярэдзіне доўгі калідор, ад якога адыходзяць пакоі. Даследчыкі мяркуюць, што тут мог быць штаб альбо шпіталь. Мясцовыя краязнаўцы расказвалі мне, што насамрэч бліндаж двухпавярховы — яшчэ адзін паверх ідзе пад зямлю і цяпер завалены смеццем. І нібыта ў гэтым бліндажы аж паўтара дзясятка пакояў! Дарэчы, у Парэччы раю паглядзець таксама цукровы завод Скірмунтаў. Яго заснавальнік Аляксандр Скірмунт — аўтар першага вядомага на сёння беларускага патэнта. Звязанае вынаходніцтва Скірмунта з выпарваннем цукровага сіропу, якое паскорыла працэс у разы. Сядзіба Скірмунтаў не захавалася, але ў парку можна пабачыць магілу Рамана Скірмунта — чалавека, які ў 1918 годзе падтрымаў стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. У верасні 1939 яго без суда і следства забілі прыхільнікі новай савецкай улады.
На ўскрайку Берасцейскай вобласці Дыбоўскі прапануе наведаць два месцы. Першае — сядзіба Стайкі Баранавіцкага раёна.
— Гэтая сядзіба — прыклад нашай сённяшняй нядбайнасці, — абураецца Дыбоўскі. — Яна ў вельмі добрым стане — сцены стаяць цэлыя, толькі дах месцамі абваліўся. Сядзіба нетынкаваная, з чырвонай цэглы, збоку мае вельмі арыгінальную вежачку, аднак разбураецца літаральна на вачах, нікому не патрэбная… І такіх сядзібаў у нас сотні. Я не супраць, каб знайшліся людзі, якія “паселяць” туды цмока ці каго яшчэ. Калі гэта дапаможа ўратаваць нашыя помнікі архітэктуры — цудоўна!
Са Стайкаў варта заехаць у Вялікую Сваротву (таксама Баранавіцкі раён).
— Гэта адзіная ў Беларусі трохвугольная царква! Зразумела, што без цмокаў тут ніяк абысціся не магло, — смяецца Андрэй Дыбоўскі. — Яшчэ некалькі гадоў таму яна стаяла ў руінах і рабіла асабліва таямнічае ўражанне. Але цяпер святар аднавіў яе, дзякуй яму. Таму ў самім храме цмока ўжо дакладна няма, але наўкол пашукаць можаце! Чаму царква трохкутная, адзінага меркавання няма, версіі самыя розныя. І што грошай на чацвертую сцяну не хапіла, і што зрабілі так, каб між іншых храмаў вылучалася, і што масоны руку прыклалі…
“Калі цмока не знойдзеце, прынамсі на зубы маманта паглядзіце!”
З Берасцейскай вобласці пераносімся ў Гомельскую.
— Прыдатнае месца для нашага маршрута — вёска Юравічы Калінкавіцкага раёна, — кажа Андрэй Дыбоўскі. — 28 тысяч гадоў таму нашыя продкі арганізавалі тут адну з самых першых стаянак (паселішчаў) на тэрыторыі Беларусі. Археолагі знайшлі тут шмат артэфактаў таго часу. А косткі, біўні і нават зубы мамантаў можна пабачыць у мясцовым школьным музеі! Так што, калі цмока не знойдзеце, прынамсі гэта паглядзець вельмі цікава! Тут аднаўляецца езуіцкі касцёл і кляштар 1726 года.
У Веткаўскім раёне Гомельшчыны ёсць сядзіба Рудня, якая знаходзіцца ў пасёлку Першамайскі, але часам яе адносяць і да суседняй вёскі Рэчкі.
— Гэтая сядзіба канца ХІХ стагоддзя трапіла ў Чарнобыльскую зону, — апавядае Дыбоўскі. — Наўкол на шмат кіламетраў няма людзей, стаяць закінутыя хаты… Атмасфера там асаблівая, вельмі трывожная. Пры гэтым дзікія жывёлы пачуваюцца там сапраўды вольна — і дзікі, і ваўкі… Думаю, людзі з добрай фантазіяй могуць уявіць недзе там і цмока…
На Гарадзеншчыне Андрэй Дыбоўскі таксама прапануе некалькі пунктаў маршруту.
— Я чытаў меркаванні астатніх экспертаў “Будзьмы”, што цмокі жывуць у азёрах, — прыгадвае спадар Андрэй. — Калі дапусціць гэта, я б назваў возера Свіцязь (Наваградскі раён). Яно незвычайна прыгожае. Ды і Міцкевіч нездарма ўславіў яго ў сваёй паэме. Калі б я быў цмокам, то напэўна пасяліўся б менавіта тут!
Непадалёк, на Слонімшчыне, ёсць вёска Навадзявяткавічы.
— Некалі тут стаяў вялікі палац Слізняў, — кажа наш эксперт. — Як кажуць мясцовыя жыхары, яго знішчылі партызаны ў канцы вайны. Але ад палаца, здаецца, захаваліся падземныя хады — адзін нібыта да касцёла, другі — у панскі парк. Тое, што яны ёсць, — гэта дакладна. Чатыры гады таму ў адзін з гэтых хадоў уваліўся калгасны грузавік. Мясцовы настаўнік гісторыі знайшоў там чалавечыя парэшткі і некаторыя старыя рэчы, напрыклад, падсвечнікі… Так што калі казаць пра таямнічыя падзямеллі, то гэты пункт мусіць трапіць у маршрут дакладна!
У Астравецкім раёне Андрэю Дыбоўскаму запомнілася стараверская царква ХІХ стагоддзя ў Ляшчынаве (урочышча Стрыпішкі).
— Там далёка наўкола няма людзей, царква стаіць практычна пасярод лесу, — каментуе Дыбоўскі. — Яна закінутая, але ў даволі добрым стане. Не ведаю, чаму, але калі вы папрасілі скласці “маршрут беларускіх цмокаў”, мне адразу прыгадалася гэтае месца.
Скончыць маршрут беларускіх цмокаў Андрэй Дыбоўскі прапанаваў у Пустынках, дзе знаходзіцца старадаўні манастыр.
— Паводле легенды, яго заснаваў вялікі князь Альгерд у 1380 годзе. Сын Альгерда Лугвен аслеп, і нехта параіў яму прыйсці да цудадзейнай крыніцы ў гэтым месцы. Да Лугвена вярнуўся зрок, і Альгерд заснаваў манастыр. Крыніца дзейнічае і цяпер. Яшчэ колькі гадоў таму манастыр быў цалкам закінуты і рабіў таямнічае ўражанне. Потым сюды прыйшлі манахі, пачалі яго аднаўляць, і як раптам на сцяне аднаго з пакояў праявіўся лік Хрыста… А ўсяго за 200 метраў ад манастыра праходзіць мяжа з Расіяй. Карацей, гэта цікавае месца, каб скончыць на ім нашае падарожжа.
Прапануем вашай увазе відэаверсію маршруту беларускіх цмокаў ад Андрэя Дыбоўскага
Глеб Лабадзенка, для www.budzma.org
Фота, відэа аўтара