Беларускія выдаўцы запусцілі апытанку, каб зразумець патрэбы чытачоў. Ужо вядомыя першыя вынікі

Якія кнігі патрэбныя беларускім чытачам? У чым прычына таго, што наклады беларускіх кніг малыя: мала пакупнікоў ці ўсё ж справа ў саміх кнігах? Колькі павінна каштаваць беларуская кніга? Ці купляюць беларусы сваім дзецям кнігі па-беларуску? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, беларускія выдаўцы запусцілі адмысловую апытанку, скіраваную найперш на беларусаў за мяжой (але беларусы ў Беларусі таксама могуць адказваць — апытанка ананімная).

Knižny kirmaš

З дапамогай апытанкі плануецца сабраць інфармацыю пра патэнцыйных чытачоў беларускай кнігі і іх прыярытэты. Усяго 20 кароткіх пытанняў, якія займуць не болей за 5 хвілін.

Вынікі апытанкі будуць прааналізаваныя і апублікаваныя як артыкул. Яны паўплываюць на стратэгічныя планы выдаўцоў і, спадзяемся, дапамогуць адным атрымаць болей патрэбных ім кніг, а іншым — лепшае разуменне патрэбаў чытача.

Спасылка на апытанку

Першыя вынікі

Цягам некалькіх дзён сабрана без малага 250 адказаў у апытанцы ад беларускіх чытачоў (прычым не толькі ў эміграцыі, 12% — адказы з Беларусі).

«Важна разумець, што першыя вынікі — гэта галасы нашай найбліжэйшай супольнасці: людзей, якія застаюцца актыўнымі ўдзельнікамі культурных працэсаў і лаяльна ставяцца да беларускай кнігі. Наша наступная задача — пашырыць кола ўдзельнікаў і атрымаць больш разнастайныя дадзеныя. А пакуль можам падзяліцца цікавымі назіраннямі, якія ўжо вымалёўваюцца», — кажа Ілля Андрэеў, прадстаўнік выдавецтва Gutenberg Publisher, якое падрыхтавала апытанку.

Паводле інфармацыі Іллі Андрэева, апытаная група прадказальна аказалася даволі заангажаванай у чытанне: больш за палову рэспандэнтаў штогод прачытваюць больш за 12 кніг. Для параўнання: 12 кніг у год — гэта парог, які аддзяляе краіны з моцнай чытацкай культурай ад сярэдніх па паказчыках.

Аднак нечаканым апынуўся іншы факт: амаль 45 % апытаных усё ж чытаюць менш за гэты паказчык. І тут, магчыма, справа не ў чытачах.

На пытанне «Што перашкаджае набываць / чытаць па-беларуску часцей?» 47 % рэспандэнтаў адзначылі як адну з галоўных праблем «мала патрэбнай літаратуры». І гэта кажуць людзі, з «цёплай» аўдыторыі.

З аднаго боку, чытачы дэманструюць давер да кнігі і гатоўнасць набываць выданні. З другога — амаль кожны другі не знаходзіць таго, што яму сапраўды патрэбна. Важны сігнал як для выдаўцоў, так і для аўтараў.

Асобна вылучаецца і моўны аспект чытання. Беларускія чытачы ў эміграцыі карыстаюцца чатырохмоўнай мадэллю:

— беларуская мова — безумоўны прыярытэт, безумоўная культурная каштоўнасць;
— мова арыгіналу — маркер адукаванасці і адкрытасці да глабальнага кантэксту;
— англійская — асноўны канал доступу да сучасных ведаў і нон-фікшну;
— польская — мова інтэграцыі для большасці беларускіх мігрантаў у Польшчы.

Расейская мова, наадварот, фіксуецца як перыферыйная: яе выбіраюць толькі ў выпадку, калі няма альтэрнатывы.

Каб зрабіць вынікі больш прадстаўнічымі і карыснымі для выдаўцоў, аўтараў і даследчыкаў, патрэбна больш рэспандэнтаў.

Выдаўцы запрашаюць далучыцца да апытання.

— ваш адказ сапраўды мае значэнне.

Апытанка падрыхтаваная выдавецтвам Gutenberg Publisher пры падтрымцы праграмы ArtPower Belarus і прафінансаваная Еўрапейскім Саюзам.