Андрэй Дурэйка расказаў пра сучаснае беларускае мастацтва за мяжой

26.05.2014 У краіне

Беларускі мастак з Дзюсельдорфа Андрэй Дурэйка расказаў гарадзенцам пра сучаснае беларускае мастацтва і мастакоў, што жывуць за мяжою. Пачалася сустрэча гісторыяй пра Малевіча і Шагала, а працягам стала сучаснае мастацтва і мастакі, што з’ехалі за мяжу у сярэдзіне 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Сустрэча прайшла ў гарадзенскай антыкавярні “Жывы час”.

Спатканне было арганізаванае ў рамках праекта “На шляху да сучаснага музея — 5: рэгіянальнае вымярэнне”. Пра свой выступ Андрэй Дурэйка сказаў наступнае:

— Гэтыя сустрэчы ладзяцца для маладых мастацтвазнаўцаў, для мастакоў-пачаткоўцаў і, зразумела, для аматараў сучаснага мастацтва. Мэта менавіта гэтага праекта — зрабіць экскурсію у рэгіянальныя вымярэнні. Усе думаюць, што Мінск — гэта ўся Беларусь. Мне здаецца, што мы павінныя распрацоўваць рэгіянальную тэму, што абласныя цэнтры мусяць быць больш актыўнымі ў культурным і палітычным вымярэнні.

— Вы расказвалі пра беларусаў за мяжой у пачатку ХХ стагоддзя. Што змянілася за сто гадоў?

— Змянілася шмат што, і мы кажам, што такія рэчы, як мадэрнізацыя — гэта ўжо палітычная рыторыка. Канечне, мы бачым, што на нас паўплывала пластыка авангарду 20-х гадоў ХХ стагоддзя.

— Як вы ставіцеся да таго, што змянілася месца сустрэчы? Гарадзенскі музей рэлігіі адмовіўся ад правядзення без тлумачэння прычынаў. Такое адбываецца і ў іншых гарадах Беларусі?

— Ніхто ў нашай дзяржаве дакладна не адкажа, чаму пра мастацтва немагчыма размаўляць у музеі. Мне здаецца, што гэтая праблема датычыць вольнага мастацтва, актуальнага мастацтва, якое не баіцца, кажа праўду. Напэўна, некага гэта палохае.

Сустрэча скончылася ў майстэрні гарадзенскага мастака Сяргея Грыневіча позна ўночы. Наступная сустрэча пад назвай “ЗАРАЗ. Тэндэнцыі ў сучасным мастацтве Беларусі” адбудзецца ў Гародні 28 траўня.

Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі

Тэгі: