«Быццам Беларусь — частка Расіі». У што ператвараюць урокі гісторыі ў школах

У мінулым навучальным годзе ў школьнікаў 10-11 класа з’явіўся новы прадмет — «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» — ён прыйшоў на змену «Гісторыі Беларусі».

Škoĺniki Крыніца: nastgaz.by

Абітурыенты 2026 года на ЦТ ужо будуць здаваць «новую» гісторыю, хоць другой часткі падручніка за 11 клас яшчэ нават не апублікавалі.

Што гэта за прадмет і чаму вакол яго так шмат размоў? «Еўрарадыё» паспрабавала разабрацца, пагартаўшы падручнік і пагаварыўшы з настаўнікам.

«Мы нават не разумеем, чаго чакаць ад новых ЦТшак»

З «Гісторыяй Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» ёсць як мінімум некалькі нюансаў.

Настаўнік гісторыі Сяргей паказвае на такую праблему: другой часткі падручніка, які ахоплівае найноўшую гісторыю з Другой сусветнай вайны і па цяперашні час, пакуль папросту няма.

— Гэта вельмі вялікі перыяд, як у СССР, так і ва ўсім астатнім свеце. Таму дзіўна, што аўтары яго трымаюць у сакрэце.

Другі важны момант, па словах Сяргея, — складанасці з дадатковымі дапаможнікамі.

— Раней былі апорныя канспекты Шаровай, па якіх усё вельмі лёгка і зразумела вучылася. Па новым прадмеце яны таксама з’явіліся, але вельмі позна.

Да таго ж няма зборніка тэстаў — а гэта важная праблема. Некаторыя ўжо здавалі ЦТ і ЦЭ сёлета па новым прадмеце, але зборнік тэстаў у продаж так і не паступіў. Гэта значыць няма практыкі, і мы нават не разумеем, чаго чакаць ад новых ЦТшак.

«Даводзіцца ўчытвацца»

Сяргей распавядае, што новы прадмет стаў больш цяжкім для ўспрымання: аўтары змянілі структуру апавядання і напісалі падручнік складанай акадэмічнай мовай.

— Калі раней інфармацыю падавалі простай мовай, а фармулёўкі былі зразумелыя школьнікам, то цяпер нават мне, як настаўніку, даводзіцца ўчытвацца і ўнікаць, таму што напісана складана.

Цяжэй стала і з паслядоўнасцю ў падручніку. Спачатку разбіралася, напрыклад, грамадска-палітычнае жыццё, затым сацыяльнае, культурнае ... Цяпер жа, напрыклад, дзевятнаццатае стагоддзе разглядаецца адным цэлым перыядам.

Стала больш і самога матэрыялу. Калі раней школьнік вучыў толькі гісторыю Беларусі, то цяпер вучыць, па сутнасці, сусветную гісторыю.

Супраць усяго польскага і за ўсё рускае

У ідэалагічным плане, па словах Сяргея, у новым прадмеце мала што змянілася. Аднак заўважае, што гісторыю сталі падаваць так, быццам Беларусь — частка Расіі.

Калі гартаеш падручнік, узнікае адчуванне, што аўтары змякчаюць і апраўдваюць усё, што тычыцца Расіі, тады як Польшча і Літва паўстаюць калі не ў вобразе ворагаў, то ў якасці зусім чужых беларускай гісторыі.

Напрыклад, у перыяд, які ахоплівае ВКЛ, часта прасоўваецца наратыў, што ў тыя часы балцкія плямёны (продкі сённяшніх літоўцаў) амаль не адыгрывалі ніякай ролі ў дзяржаве.

Дакладна вядома, што ВКЛ — было поліэтнічнай дзяржавай, у якой мірна зжываліся розныя народы розных вераў. Навошта дакучліва паўтараць пра тое, што літоўцы — гэта меншасць, не зусім зразумела.

Skryn
Як падаецца інфармацыя пра балцкія плямёны

А вось рэлігійнае пытанне пададзенае з праваслаўным перакосам, у падручніку ёсць нават цэлы падпункт пра стан праваслаўя ў перыяд ВКЛ.

Аўтары пішуць, што менавіта праваслаўная царква была кансалідуючым элементам беларусаў тых часоў. А прысутнасць на тэрыторыі Беларусі каталіцтва і пратэстантызму «адмоўна паўплывала на фармаванне этнічнай эліты».

Skryn
Як падаецца інфармацыя пра праваслаўе

Перыяд у гісторыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай аўтары не крытыкуюць. Калі любы польскі ўплыў выразна прапісваецца, як «паланізацыя», то развіццё рускай мовы і ўкараненне рускіх законаў — гэта «папулярызацыя і актыўнае ўключэнне».

Skryn
Як пішуць пра паланізацыю і пра рускі ўплыў

Пра паўстанні на тэрыторыі Беларусі ў 19 стагоддзі сказана няшмат і ў асноўным у нейтральна-негатыўным ключы. Асноўныя тэзісы: паўстанні здзяйснялі палякі, якія хацелі аднавіць Рэч Паспалітую, звычайны народ іх не падтрымаў, і нічога агульнага з набыццём беларускай дзяржаўнасці яны не мелі.

Кастусь Каліноўскі згадваецца толькі аднойчы, а грамадствы «філаматаў» і «філарэтаў» наогул названыя радыкальнымі.

Skryn
Пра паўстанні 19 стагоддзя і Кастуся Каліноўскага

Гісторыя ўтварэння БНР у 1918 годзе таксама падаецца суха. Пра тое, што гэта была першая спроба стварыць беларускае дзяржаўнае утварэнне, складальнікі падручніка згадаць забыліся.

Перыяд з 1921 па 1939 год, калі Беларусь была падзелена паміж Польшчай і СССР, выразней за ўсё паказвае, наколькі перакошана ў падручніку падаецца інфармацыя.

Сяргей таксама на гэта звяртае ўвагу.

— Я дзецям так і кажу, калі бачыце 1921-1939 гады і Польшчу — выбірайце варыянт у якім мы памерлі.

Skryn
Аб перыядзе з 1921 па 1939 год

Аўтары распавядаюць і аб канцэнтрацыйным лагеры «Бяроза-Картузская», у якім загінулі каля 10 тысяч беларусаў.

А што ў гэтыя гады рабілася ў БССР — не сказана ні слова. Ні пра сотні тысяч рэпрэсаваных беларусаў, ні пра сталінскія рэпрэсіі — нічога няма.

Skryn
Пра БССР

Нагадаем, з 2024/2025 навучальнага года са школьнай праграмы зніклі прадметы «Гісторыя Беларусі» і «Сусветная гісторыя». Замест іх у 10-11 класаў з’явіўся новы інтэграваны курс — «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». З новага навучальнага года гэты прадмет можна будзе вывучаць у старэйшых класах на павышаным узроўні.

Прадмет будзе складацца з двух частак, як для 10-га, так і для 11-га класа. Хоць навучальны год ужо наступіў, другой часткі для выпускнікоў да гэтага часу не апублікавалі — вядома, што ў ёй будуць адлюстраваныя падзеі 2020 года і лёгка прадбачыць, што ў іх будзе напісана.