Пра песню апошняга цярпення, як творчасць дапамагае перапрацоўваць траўматычны досвед і што палепшыла жыццё, «Салідарнасці» распавяла салістка гурта Nochy Юля Петраш.
Фота прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці»
Стваральнікі Nochy, поп-гурта з элементамі фольку і электронікі, — кампазітарка і спявачка Юля Петраш і яе партнер, гітарыст і саўнд-прадзюсер Павел Вялічка. У красавіку ў Nochy адбыўся першы сольнік у Варшаве.
— Да таго, у Беларусі, у нас не было выступаў. Мы ўвогуле ладзілі гэты канцэрт каб зразумець колькі людзей будзе зацікаўлена.
І парадаваліся, бо людзі сапраўды прыйшлі. А мы нарэшце ўбачылі гэтыя прыўкрасныя твары, зразумелі нашу аўдыторыю. Гэта важна каб усвядоміць што далей рабіць з творчасцю.
— Якія думкі зараз у вас пра эміграцыю, і што стала самым цяжкім падчас яе?
— Эміграцыя для мяне не была пытаннем камфорту, яна адбылася натуральна праз жыццёвыя абставіны. Мой партнер на той час працаваў з Ляпісамі, які базаваліся ў Кіеве і былі забаронены ў Беларусі. Ён вымушана з’ехаў ва Украіну і, зразумела, я паехала разам.
А ўжо пазней стала відавочна, што і для мяне вяртанне ў Беларусь немагчыма. Праз маю пазіцыю і праз тое, што я не бачу для сябе месца ў той рэальнасці.
— Што для вас 2020-ы, падзеі таго лета і восені?
— Падзеі таго часу падзялілі жыццё на «да» і «пасля». А яшчэ канчаткова прыбілі ілюзіі, у тым ліку таму, што я на ўласныя вочы ўбачыла вайну ва Украіне.
Пасля гэтага стала ясна, што больш няма «перачакаць», няма «потым». Ёсць толькі рашэнне стаць на бок жыцця і праўды.
Сувязь ў Радзімай я адчуваю праз беларускую мову, культуру, людзей. І гэта сувязь не перарываецца незалежна ад таго, дзе я жыву. Я проста крочу далей сваёй дарогай, а ўсе шнары, якія засталіся, не зламалі мяне, яны сталі маёй сілай.
І як бы мы не хацелі забыцца на трыгеры 2020-га, яны ўжо частка жыцця і яны ўжо і ёсць мы.
— Вы не хаваеце, што бываюць розныя перыяды. Пісалі (мо, гэта радкі з новага альбому?), што «чалавек не ідэальны ў ідэальным свеце. І носіць у сабе боль гадамі... Чалавек зрываецца, а потым карае сябе за гэта».
Што вам, акрамя творчасці, дапамагае перамагаць боль? І што робіце, калі не перамагаеце?
— Гэта не радкі з новага альбому, а мае філасоўскія думкі. А што дапамагае... Я ўвогуле да здароўя стаўлюся па даросламу. Проста зразумела, што ўжо час ісці да псіхатэрапеўткі, каб яна прапісала мне пігулкі, якія б палепшылі маю біяхімію. Усё. Зараз я прайшла курс: жыццё маё і партнера стала лепей.
А творчасці ўвогуле дзякуй, без яе б хутчэй з глузду з’ехала. Творчасць — адзін з наймацнейшых інструментаў для псіхічнага здароўя. Нават і даследванні ёсць, якія пацвярджаюць, што творчы працэс дапамагае перапрацоўваць траўматычны досвед і зніжае ўзровень трывожнасці.
— Чым найбольш ганарыцеся і ці не шкадуеце, што калісьці не абралі больш «сытую» прафесію? Бо нам ў інтэрв’ю лідарка гурта Kriwi Вераніка Круглова казала, што ў эміграцыі творчасцю не зарабіць і трэба шукаць іншую працу. Як спраўляецеся і што корміць?
— Насамрэч для мяне музыка і ёсць «сытая» прафесія, я ніколі не ўспрымала яе як дадатак альбо хобі. Гэта мой выбар з дзяцінства, мая прафесія, у якой я адчуваю сябе канкурэнтаздольнай.
Прайшла ўвесь гэты шлях: музычная школа, вучылішча, універсітэт. У мяне вялікі сцэнічны досвед, і сёння музыка дае мне менавіта той даход, у якім я адчуваю сябе камфортна.
Бо музыка шматгранная, я выступаю на карпаратыўнай сцэне, працую з кавер-групай, акустычнымі сэтамі, прадаю песні, ствараю аранжыроўкі, выкладаю вакал, кансультую падчас запісаў, займаюся вакальным цюнам.
Гэта вялікая сфера, і я максімальна ёю карыстаюся. Зараз пішу курс па сонграйтэрству.
А яшчэ ў вучылішчы імя Глінкі пазнаёмілася з маім партнерам Пашай. Разам вучыліся, спачатку атрымаўся музычны тандэм, а потым, як кажуць, пайшло-паехала (усміхаецца).
Таму я ніколі не шкадавала, што не абрала іншую прафесію. Наадварот, мой гонар у тым, што я здолела пабудаваць жыццё выключна на музыцы. І застаюся ў ёй, як у справе якая дае і сэнс, і дастатак.
— У вашай песні «Поле бою» ёсць такія радкі:
«Поле бою ўнутры.
Кожнаму колецца, не кожны змагаецца
Сам-насам
Поле бою ўнутры
Кожнаму колецца
А што жа цябе прымушае глядзець у бурлівы кратар?»
Як нараджалася гэтая песня, і пра што яна менавіта для вас?
— Для мяне асабіста гэта была песня апошняга цярпення. Апошняя песня без хімічнай падтрымкі.
Гэта быў момант, калі ўсё ўнутры гучала на мяжы. І адзінае што заставалася — ператварыць гэта ўсё ў музыку. Песня пра тое, што кожны носіць у сабе выпрабаванні, і рана ці позна надыходзіць момант апошняга цярпення. Калі ўжо немагчыма маўчаць альбо адварочвацца.
І тады застаецца толькі адзіны выбар — паглядзець у гэты бурлівы кратар і сустрэць сябе сапраўднага ці сапраўдную. Са страхамі і болем, але і з унутранай сілай. Песня пра той стан, калі маскі ўжо больш не працуюць. І трэба вырашаць: уцякаць ці заставацца на сваім месцы. Кожны можа даходзіць да сваёй мяжы, і гэта таксама нармальна.
Гэта песня ўваходзіць у трылогію, у блок трывожнага разладу. Першая — «Такая вечарынка», потым была песня «Месяц». А «Поле бою» — гэта ўжо крык душы.
Гэтыя тры песні ўвогуле пра ўнутраны стан, як мінімум пра мой асабісты. Прычым «Поле бою» гучыць не сумна. Куплеты, канешне, крыклівыя, злючыя, але ж пройгрыш такі ўжо лёгкі. Гэта як раз пра тое, што я нарэшце пачула сябе і пайшла змагацца са сваімі праблемамі. І мне стала лягчэй.
— У вас атрымалася файная калабарацыя з мастачкай і спявачкай Анастасіяй Рыдлеўскай. Што было самым цяжкім у працэсе запісу вашай сумеснай песні «Купальскай Ноччу»?
— Усё прайшло з камфортам і лёгка. Наста напісала мне ў дырэкт прапанову музычнай калабарацыі. А песню пачалі рабіць ужо мы, бо ў Насты не было дэмкі. Ёй усё спадабалася. Праца была больш у нашых руках, а Наста ў нашу музычную форму дапісала свой куплет і мелодыю. І яна добра справілася.
Потым яна прыехала да нас у Варшаву, разам знялі кліп. Наста ночыла ў нас гэтыя дні, пазнаёмілася з маім сабакам (усміхаецца). У гэтай песні больш Nochy, а Наста была такой андэграўнднай зорачкай, дадала цікавосткі, свайго прыгожага тэмбру і сябе ўвогуле.
Да таго мы сустракаліся на івэнтах, канцэртах, проста ведалі адна адну. Насамрэч мы ўсе знаходзімся ў адным музычным атачэнні і падаецца, што мы так блізка знаёмыя, і што можна з такой прапановай легка залятаць.
— Вы з Бабруйску. Што першай справай узгадваеце, думаючы пра родны горад? Калі памарыць, што заўтра можна вярнуцца ў вольную Беларусь, куды б адразу пайшлі?
— Бабруйск — гэта мая малая Радзіма, маё сховішча, мой дом, дзіцячыя ўспаміны. Усё самае цёплае з ім асацыюецца.
Вельмі б хацелася абняць блізкіх, наведаць родны дом. Там якраз лазню пабудавалі, а я ж і не была ўжо 5 гадоў. Хацелася б папарыцца разам. І вельмі хацела б паесці халадзец ад матулі майго партнера. Такі ён смачны!
І яшчэ б я ад пачатку да канца прагулялася по менскай вуліцы Кастрычніцкая, зазірнуўшы ў ОК16. Зайшла б у Дэпо, калі яно яшчэ існуе. Блінцы там былі вельмі смачныя! Бо Менск — гэта ўжо другі мой дом, падлеткавыя і дарослыя гады, таксама яго люблю.
Але ж насамрэч у Беларусі засталася толькі адна мая сябровачка, астатнія — амаль усе зараз у Варшаве.
А яшчэ, калі памарыць пра вяртанне, то ў нас з партнерам ёсць асаблівае невялічкае падарожжа да «Іслач-Парк». Гэта аздараўленчы комплекс недалёка ад Менску. Вельмі яго любілі, часам ён выглядаў для нас як прыватны. Бо калі прызджалі, амаль ніколі не было людзей. І ў хамаме, і ў басейне, і ў лазне былі адні.
І самае галоўнае, калі ўжо вярталіся, па дарозе абавязкова заязджалі ў прыдарожную кавярню «Лясное». Ух, якая там смачная ды простая ежа была, асабліва дзеруны на патэльні. І потым ужо сытыя ды распараныя ехалі дадому. Па дарозе ў цемры слухаючы сваю ўлюбёную музыку...