Андрэй Эзерын выдаў кнігу з практычнымі рэкамендацыямі для беларусаў-эмігрантаў сталага ўзросту

Камунікацыйны кансультант і аўтар сацыяльных праектаў Андрэй Эзерын дэбютаваў як пісьменнік. Ён выдаў кнігу «Ген мігранта. Пачатак». Як адзначае аўтар, выданне ўяўляе сабой «гібрыд мастацкай прозы і камунікацыйнага кансалтынгу».
Ezeryn.jpg

«Напісаў кнігу. Не толькі напісаў, выдаў. Шмат гадоў таму я займаўся выдавецкім бізнесам (была такая серыя — „Стары Свет“), пазней прадзюсіраваў выданні. Гэтым разам я — і аўтар тэксту, і аўтар фатаграфій, і прадзюсар. Час такі», — напісаў Андрэй Эзерын на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

У кнізе чытач знойдзе «25 кароткіх гісторый, 10 000 слоў аб выкліках, з якімі сутыкаецца чалавек, які адважыўся на пераезд у іншую краіну ў немаладым узросце. Кожная частка — не проста назіранне, а практычная рэкамендацыя, якая ператварае тэкст у гібрыд мастацкай прозы і камунікацыйнага кансалтынгу. Гэтая кніга — аб тым, што ўзрост можа быць не перашкодай, а перавагай. Што досвед, мудрасць і ўстойлівасць да жыццёвых нягодаў — гэта магутныя рэсурсы для адаптацыі. Што „позна“ — гэта ўсяго толькі слова, якое мы можам выкінуць са свайго слоўніка. Мае фатаграфіі, зробленыя ў розных гарадах Еўропы, служаць візуальнай падтрымкай гэтых гісторый», — піша аўтар у анатацыі да выдання.

Кніга мае пазнаку «45+», але, як адзначае аўтар, яе варта чытаць і маладзейшым людзям. Для іх яна стане настаўленнем, якое засцеражэ ад многіх памылак і дазволіць падысці да чарговага жыццёвага рубяжу падрыхтаваным да магчымых выпрабаванняў.

Выданне ўжо даступнае для перадзамовы з адмысловай зніжкай. Пакуль толькі ў Еўразвязе, але Андрэй Эзерын адзначае ў Фэйсбуку, што ўжо працуе над тым, каб кніга была даступная ва ўсіх краінах, дзе ёсць яе патэнцыйныя чытачы.