Андрэй Катлярчук: «Мадэрная гісторыя краіны ніяк не адужае цыкл бяспамяцтва»

04.12.2023 Гісторыя

Гісторык Андрэй Катлярчук у сваім фэйсбуку распавядае пра справу «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і інжынера Яўгена Макоўскага, які стаў ахвярай савецкага рэжыма.



Крыніца: Facebook Андрэя Катлярчука

«Вока зачапілася за прозвішчы з «няпоўнага спіса» ахвяраў па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»: «Яўген Макоўскі, інжынер з Турава». Паспрабаваў знайсці больш інфармацыі», – піша гісторык.

Беларус з вышэйшай адукацыяй, на думку Катлярчука, асоба рэдкая на той час. Да таго ж Яўген Макоўскі нарадзіўся ў Вільні.

«Магчыма, з гэтай сям’і паходзіў таксама вілянчук Вячаслаў Макоўскі, намеснік сакратара ЦК БСРГ. У 1928 годзе ён быў арыштаваны i пасаджаны ў Лукішкі, дзе ў хуткім часе захварэў на сухоты. У 1929-м вызвалены з турмы пад заклад i праз некалькі дзён памёр. З крыніц тых часоў вядома таксама пра беларускага ксяндза Макоўскага

Тураўскі леспрамгас – вядомае тураўцам прадпрыемства. Дзед Васіль казаў, што на пачатку 1930-х гэта была самая прэстыжная кантора ў мястэчку. Леспрамгасаўцы зараблялі рэальныя грошы і, што было яшчэ важней, мелі ўласную прафесійную «лаўку», дзе прадаваліся добрыя прадукты і прамтавары»

Гісторык прыгадвае, што у леспрамгасе працавала багата хлопцаў з Заходняй Беларусі, якія ўцяклі ад пераследу польскіх уладаў. Мяжа, што праходзіла пад Туравам, паміж Малым і Вялікім Малешавым, ахоўвалася да 1930-х гадоў слаба.

«Яўген Макоўскі рабіў інжынерам-таксатарам. Гэта дужа адказная пасада. Інжынер-таксатар арганізоўвае мерапрыемствы па таксацыі лесу, вызначае лясныя запасы, максімальныя аб'ёмы лесанарыхтоўкі, арганізоўвае пасадку новых дрэваў.

Больш нічога пра Яўгена знайсці не ўдалося. Невядома, ці былі ў яго жонка і дзеці. Фота Макоўскага ў адкрытых крыніцах няма»

У 1956 годзе справа Беларускага нацыянальнага цэнтра была спынена «за адсутнасцю складу злачынства». Аднак, справа Макоўскага паводле законаў Беларусі можа быць выдадзена толькі сваякам забітага беларуса. «Але дзе знайсці тых сваякоў?», – разважае Катлярчук.

«У Нясвіжы ўстаноўлены бюст дзеяча ВКЛ Тамаша Макоўскага. А помніка Яўгену Макоўскаму ў Тураве няма. Мадэрная гісторыя краіны ніяк не адужае цыкл бяспамяцтва»