Прадмова Андрэя Хадановіча да латвійскага выдання кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?»
Два месяцы таму напісаў прадмову да кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», якая толькі што зьявілася ў Латвіі ў перакладзе Мары Паляковай. Магчыма, нешта падасца беларусам занадта відавочным, бо пісалася найперш для латвійскіх чытачоў і чытачак. А нешта, наадварот, — спрэчным, бо ў кожнага з нас свая Ева Вежнавец, якая не пакідае абыякавым нікога. І, спадзяюся, цікавасьць, павага і любоў да яе будуць толькі расьці. Вельмі шкадую, што, чакаючы публікацыі, не паказаў тэксту самой аўтарцы. Публікую сёньня, у памяць пра любімую пісьменьніцу, якая цяпер тамсама, дзе і Уладзімір Караткевіч, зь якім яе тут параўноўваю.

Вокладка латвійскага выдання «Па што ідзеш, воўча?»
Колькі разоў перачытваю «Па што ідзеш, воўча?», і заўжды цягне рабіць закладкі, бо кніга аж стракаціць афарызмамі, парадоксамі ды іншымі літаратурнымі скарбамі, якімі хочацца падзяліцца (пачаў проста з назвы свайго тэксту). Бяру рознакаляровыя стыкеры ды ляплю побач з той ці іншай бліскучай паэтычнай формулай, але на сярэдзіне аповесці кідаю, таму што ўвесь гэты кароткі твор можна цалкам разабраць на цытаты, а выпадковых сказаў, якія спакойна прамінаеш, нічога не губляючы, проста няма. Мяркуйце самі:
«Калі ты ў грамадзкай прыбіральні адкаркоўваеш пляшку ключом і аблізваеш зь яго віно, каб ні кроплі не прапала, табе ўжо няма чаго баяцца. Тым больш калі гэта ключ ніадкуль».

Святлана Курс падчас сустрэчы з беларусамі ў Вільні, 27 лютага 2026. Фота: "Наша Ніва"
Галоўная гераіня Ірына — Рына, як называе яе бабуля, а сьледам за ёй і мы, — вяртаецца з замежжа ў родную вёску на пахаваньне сваёй бабкі, якая памірае безь яе, пакуль Рына ў Нямеччыне даглядае чужых бабуль у дамах спакойнай старасьці. Рына, як вы заўважылі, алькагалічка, а таксама галоўная (але не адзіная) апавядальніца ў кнізе, якую сама аўтарка жанрава вызначыла, як балотную казку. Выбраць іншую наратарку, як прызнаецца ў інтэрвію пісьменьніца, было б няправільна:
«Я хацела, каб у маёй гісторыі была ненармальнасьць. Такая канцэнтрацыя шаленства, якая адбываецца на старонках маёй аповесьці, ...магла быць апісаная толькі праз даволі зламанага чалавека, траўматызаванага чалавека, чалавека, які ня вельмі прыстасаваны да гэтага сьвету, які паламаны і цэлым быць ня хоча. Бо здаровыя і чыстыя героі... мне ніколі не былі цікавыя. Я хутчэй люблю дзівакоў і слабакоў».
Назіраючы за гераіняй зь яе перасоўваньнямі цягніком, аўтобусам ды пешкі, а таксама іранічнымі й самаіранічнымі, часам вельмі дасьціпнымі падарожнымі камэнтарамі, чытач(ка) можа падумаць, што мае справу зь яшчэ адной гратэскавай, карнавальнай алькагольнай адысэяй, на якія так багатыя літаратуры Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Згадайма «Туўлу» літоўца Юргіса Кунчынаса, «Пад моцным анёлам» паляка Ежы Пільха, вядома ж, «Маскву-Петушкі» расейца Венічкі Ерафеева. У сучаснай беларускай літаратуры такія прыгоды таксама ўжо ёсьць — раманы «Шалом» ды «Шклатара» Артура Клінава.
Але не пасьпее чытач(ка) гэтак падумаць, як аўтарка пераключыць хуткасьць, і рытм, стылістыка ды ляндшафт зьменяцца настолькі, што «алькагольная адысэя» стане адысэяй як такой. Прычым гераіня не працьверазее. Працьверазеюць ад канцэнтрацыі ўражаньняў чытачы ды чытачкі. Бо ўсе чатыры борхесаўскія сюжэты згорнуцца ў адзін зусім не літаратурны аповед, накрэмзаны хімічным алоўкам у самаробных сшытках другой галоўнай гераіняй, толькі што памерлай вясковай шаптухай Дарафеяй. (Ці проста Дарошкай, прыслухайцеся да гучаньня імені, нічога не нагадвае?)
«Анілінавыя алоўкі трэба час ад часу сьлініць, каб хвацка пісалі. Толькі што праз гэта ў цябе пераходзіць іх атрута. То бок такім чынам ты нібыта прыплочваеш за сваю пісаніну жыцьцём, а пісаніна тая ўся на тваёй сьліне, як ластаўчыны гнёзды».
Гэта пакуль яшчэ голас Рыны, а заадно высокага класу пісьменьніцкая самарэфлексія самой аўтаркі.

Святлана Курс падчас сустрэчы з беларусамі ў Вільні, 27 лютага 2026. Фота: "Наша Ніва"
Еву Вежнавец у яе не-пісьменьніцкай іпастасі завуць Сьвятлана Курс. Яна нарадзілася ў 1972 годзе ў вёсцы Загальле недалёка ад Любані, на памежжы Меншчыны, Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Гэтыя мясьціны потым і апіша ў сваёй галоўнай на сёньня кнізе. Але сьпярша вырасьце сярод вясковых бабак, слухаючы іх жывую, адметную, зусім не літаратурную мову. Пазьней скончыць філфак БДУ ў Менску, папрацуе колькі гадоў у незалежнай журналістыцы ў дзевяностыя — найцікавейшым часе, калі і саму Беларусь можна было назваць незалежнай. Пасьля зьедзе на некалькі тыдняў у Варшаву, і застанецца там на дваццаць гадоў, да сёньня.
У 1998 дэбютуе апавяданьнем «Мы два хохлікі» і будзе названая «празаічным адкрыцьцём году». Дзесяць гадоў пісацьме сваю першую кнігу, зборнік апавяданьняў «Шлях дробнай сволачы», а потым наступныя дзесяць гадоў — другую кнігу, «Па што ідзеш, воўча?», за якую атрымае галоўную ўзнагароду для беларускіх празаікаў, Прэмію імя Ежы Гедройця. Прычым упершыню гэтую ўзнагароду атрымае аўтарка-жанчына. І, здаецца, упершыню ўсе, ад мацёрых экспэртаў да шараговых фанаў, будуць аднолькава радавацца гэтаму прысуджэньню. За некалькі гадоў кніга будзе перакладзеная на шэраг эўрапейскіх моваў, сярод якіх швэдзкая, нарвэская, польская, чэская ды колькі іншых. Адносна нядаўні нямецкі пераклад будзе намінаваны на высокую ўзнагароду ў Нямеччыне, а зусім нядаўні літоўскі — атрымае прэстыжную прэмію ў Літве.

Вокладка літоўскага выдання "Па што ідеш, воўча?"
Яшчэ цікавей тое, што пэўныя матывы кнігі пачнуць перацякаць у рэальнае жыцьцё — прынамсі, у прыватнае жыцьцё яе аўтаркі. Так, у часы каранавірусу Сьвятлана Курс, зусім як ейная Рына, зробіцца апякункай пажылых людзей. А потым стане супрацоўніцай у музэях Варшаўскага паўстаньня і Катыні, то бок працавацьме ў такой блізкай прысутнасьці трагедыі ды сьмерці, пра якую апавядае большасьць старонак яе твору.
І ўжо зусім цікава тое, як успрымаюць кнігу сёньняшнія беларускі і беларусы. Скончаная ў 2019 годзе, гэта значыць яшчэ да ўсіх грандыёзных узрушэньняў, што пачалі адбывацца з намі ў 2020-м, — пандэмія, потым самая вялікая за апошнія дзесяцігодзьдзі фальсыфікацыя выбараў, самыя вялікія і працяглыя ў нашай найноўшай гісторыі пратэсты, паўмільённыя маршы і «партызанскі» дваровы рух у сотнях месцаў адначасова, беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, якія толькі ўзмацніліся з нападам Расіі на Ўкраіну і падтрымкай гэтага нападу рэжымам Лукашэнкі, тысячы палітычных вязьняў у краіне і сотні тысячаў людзей, што былі вымушаныя пакінуць радзіму і цяпер жывуць у выгнаньні, — усё гэта як бы нябачна прысутнічае ў творы, вынікае з самой лёгікі аповеду, за апошнія гады кніга не згубіла ані каліўца сваёй актуальнасьці, наадварот, максімальна зрэзанавала з усімі нашымі надзеямі, расчараваньнямі і адчуваньнем нацыянальнай катастрофы.

Вокладка польскага выдання "Па што ідеш, воўча?"
І гэта пры тым, што гісторыя Евы Вежнавец зусім не пра гэтае, што ў ёй няма ні граму палітычнага папулізму, нічога на злобу дня, ніякіх комплексаў ахвяры ды перакладаньня адказнасьці з хворай галавы на здаровую. Няма нічога велічна-гераічнага, ніводнага камплімэнту ў адрас беларусаў. Параўнайма з найлюбімейшым нашым пісьменьнікам усіх часоў Уладзімірам Караткевічам, які выхаваў і працягвае выхоўваць ужо якое па ліку пакаленьне беларускіх патрыётаў і патрыётак; з аўтарам, які бязьмежна любіць жыцьцё, а таксама створаны сабой ідэальны мастацкі сьвет, сваіх герояў ды чытачоў, да таго ж ведае, як узвысіць іх (нас!) ва ўласных вачах. Вось своеасаблівая «касмагонія» ад стваральніка культавага рамана «Каласы пад сярпом тваім».
«Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім — тое. Прыйшлі беларусы... Вельмі ж пану богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: «Рэкі вам даю поўныя, пушчы — нямераныя, азёры — нялічаныя. Сьпёкі ў вас ніколі ня будзе, але і холаду — пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі ня дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, але і голаду ў вас ніколі ня будзе...» Тут яго Мікола ў бок штурхае: «Пане божа, да вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаяце!..» Бог падумаў, крактануў, але назад адбіраць ня будзеш... «Добра, — кажа, — зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся — дам я вам найгоршае ўва ўсім сьвеце начальства».
Параўнайма з «касмагоніяй» нашай аўтаркі, у пераказе бабулі галоўнай гераіні:
«Гарэлку і ўсялякую тхлань зрабіў чорт. Ён падгледзеў, як Бог сее зямлю, ухапіў трохі і схаваў сабе ў горла. Бог кажа: што ты ясі? Шатан праглынуў зямлю, і яго стала расьпіраць, і ён збляваў. Балота ёсьць шатанскія ваніты. А як бог усюды людзям ваду праўёў, чорт ухапіў і яе таксама схаваў у горла. Бог кажа: што ты п’еш? А шатан засьмяяўся і збляваў. І гарэлка ёсьць шатанскія ваніты».
Суседзтва балотаў ды гарэлкі тут цалкам невыпадковае. Яшчэ ня так даўно наш рэжысёр-постмадэрніст Андрэй Кудзіненка іранічна карыстаўся тэрмінам «хранатопь», дзе выразна адчуваюцца і «хронікі» і «топі». Але ж чуецца і знакаміты тэрмін «хранатоп» Міхаіла Бахціна, які паяднаў мастацкія час і прастору ў адзін літаратурны кантынуўм. Нешта падобнае (вядома ж, на Бахціна, але й трохі на Кудзіненку таксама) робіць на практыцы Ева Вежнавец, калі стварае з роднай Любані — Ліпень, беларускі адказ фолкнэраўскай Ёкнапатафе ды маркесаўскаму Маконда, нашую тэрыторыю магічнага рэалізму, дзе настолькі працінаюць страшныя скразьнякі, што хочацца назваць гэта ўсё «магічным экзістэнцыялізмам». Калі ў беларускай гістарычнай рэальнасьці сто зь лішкам гадоў таму суседні горад Ігумен у межах барацьбы з рэлігіяй перайменавалі ў Чэрвень, то чаму ў мастацкім сьвеце немагчыма стварыць Ліпень, горад і месяц у адной назьве, час, паяднаны з прасторай?
Таму і вялікая адысэя галоўнай гераіні — вяртаньне «Рыны-пустадомка» дадому і да самой сябе — адбываецца ня толькі з захаду на ўсход. У нейкі момант яе ўнутранае падарожжа разьвівае касьмічную хуткасьць. У «Зорных войнах» сказалі б пра скачок у гіпэрпрастору, але нашая ненадзейная апавядальніца мае толькі тое паліва, якое мае, — і геаграфія пераходзіць у гісторыю. Праз Рыну пачынае апавядаць яе памерлая бабуля, шаптуха Дарошка. А праз Дарошку — у сваю чаргу, ейная бабуля, таксама шаптуха Мар’янка. То бок голас апавядальніцы амаль незаўважна робіцца паліфаніяй, а падзеі аднаго вечара разгортваюцца ў стагадовую балотную хроніку пяці пакаленьняў.

"Па што ідзеш, воўча?" па-нямецку
З аднаго боку, канцэнтраванае ў бабуліных (і прапрабабуліных) сямейных аповедах стагодзьдзе беларускай гісторыі — гэта дзьве сусьветныя вайны і дзевяць аднолькава чужых, акупацыйных уладаў, суцэльная калянізацыя, сацыяльны ды нацыянальны прыгнёт. І ёсьць спакуса паўтарыць за Караткевічам, маўляў, добрыя людзі, ды начальства нядобрае. Але давайце ўважліва ўчытаемся:
«Вялікія балаты ў нас, непраходныя, а чалавеку ні схову, ні спасу няма. Як захочуць, то дастануць цябе і выкалацяць усю душу — ці ваўкі, ці ўласьці».
Заўважце, паміж «ваўкамі» ды «ўласьцямі» стаіць коска, гэта ў творы далёка не заўжды сінонімы.
Ёсьць у кнізе і ваўкі ў прамым сэнсе слова, яны блукаюць вакол чалавечага жытла і адгукаюцца ў дзіцячых кашмарах. Часам зь імі можна дамовіцца ў стылі «Кнігі джунгляў» Кіплінга: «Брат, дай мне паўдарогі, і я табе дам паўдарогі». Часам зь імі нават можна даць рады: «Танька Залатая Страказа праславілася на ўсю краіну тым, што некалі ўзімку білася на дарозе з галодным ваўком і перамагла: засунула яму ў зяпу руку, ухапіла за язык і прывяла ў вёску».
Часам воўк можа быць надзвычай паэтычны:
«Хто выдумаў, нібыта воўк шэры? Воўк паўтарае ўсе фарбы позьняе восені — шарсьцінка як мокры пясок, другая — як белы мох, трэцяя — як гліна, чацьвертая — як мокрая алешына, пятая — як торф, а ўсё разам — нябачнае, але, калі сонца пачынае граць на воўчай поўсьці, воўк пераліваецца як восьмы цуд сьвету».
Але сачыце за рухамі літаратурнай чарадзейкі, праз паўсотні старонак сустракаем ужо такое:
«Валасы незразумелыя, бо кожны волас свайго колеру — ад сярэбранага надрэчнага пяску да рудаватага лісьця і шараватага падсасоннага імху», — гэта ўжо аб чалавеку, новым аднакласьніку Рыны, Алоўнікаву, які неўзабаве пачне праяўляць свае «ваўчыныя» якасьці. Дарэчы, ён родны сын той самай Залатой Страказы, якая перамагла ў лесе ваўка рэальнага. А заадно ўнук такога драпежнага зьвера, што... Лепш знайдзіце ў тэксьце самі, і ўвогуле зьвярніце ўвагу, як па-майстэрску аўтарка да пэўнага часу паказвае дзіцячы сьвет Рыны і яе аднакласьнікаў ізалявана ад сямейных гісторыяў пра мінулае, і толькі напрыканцы дае зразумець, хто чый нашчадак — і шмат сюжэтных загадак разгадваецца сама сабой.
Дык вось, пра ваўкоў, якія lupus est і зь якімі па-воўчы выць. Уся прадстаўленая ў кнізе стагадовая гісторыя, прынамсі ў яе мужчынскай частцы, — гісторыя бязьлітаснага, братазабойчага самавынішчэньня. З такімі лютымі землякамі ўжо і захопнікаў-чужынцаў у прынцыпе ня трэба. Вось, скажам, «гераічны партызанскі рух» часоў «вялікай айчыннай вайны», які дагэтуль міталягізуецца ў Беларусі лукашэнкаўскай прапагандай, выяўляецца брутальнай цынічнай мясарэзкай. Але ня меней лютасьці і ў выведзеных у кнізе ўдзельнікаў антысавецкага супраціву. І, вядома ж, пагромы.
«Павыбівалі жыдоў самі свае ва Убібацьках, у Серадзібары, у Бродах, Бацюках, Берве Высокай, Ярэмічах, Верацьці, у Камяжышчах і Вострых Елках, у Лапачовым Бродзе і Сьвісьціне. Савось Халаём ехаў зь пярынамі на вазах і з самаварам, а тыя самавар і пярыны ўсе ў крывавых пырсках. Агапе сваёй прывёз швейную машынку. Усе ведалі, чыя то швейная машынка і што з той сям’ёй стала».
Прыклады можна прыводзіць і множыць бясконца. Сама назва кнігі — частка беларускай прыказкі, яе поўная вэрсія мае дыялягічную форму:
— Па што ідзеш, воўча?
— Па астатняе.
Героям — і гераіням — аповесьці можна спачуваць, можна іх шкадаваць, але наўрад ці знойдзецца сярод іх хоць адзін цалкам пазітыўны. Магчыма, адзіным бясспрэчна станоўчым пэрсанажам твора выявіцца... трактар. Але і тут стэрэатыпы не спрацуюць, гэта будзе зусім ня трактар «Беларусь».
Затое самастойнымі, скажам так, другараднымі пэрсанажамі аповесьці ёсьць літаратурныя алюзіі, якія шчодра рассыпаныя па ўсім тэксьце Вежнавец і жывуць тут ледзь не паўнавартасным жыцьцём. Прычым, як гэта бывае ў добрым пісьменстве, цэніцца ня толькі і ня столькі сам факт пазнаваньня, колькі іх адхіленьне ад першакрыніцы. Так, апроч цэнтральнага матыву вяртаньня дадому, мы знойдзем тут, паўтаруся, адсылкі да кожнага з чатырох сюжэтаў, вызначаных Борхесам. Гэта матыў ахвярапрынашэньня Бога, у габрэйскай вэрсіі, падчас пагромаў. Гэта калі ня горад у аблозе, то блякады партызанскіх балотаў у часы другой сусьветнай. І асабліва нечаканы ды кранальны ў рэаліях ужо лукашэнкаўскай Беларусі матыў пошукаў — і знаходжаньня! — «сьвятога грааля». Ёсьць і матыў, што заляцеў у твор непасрэдна з Эдгара По. Сівы крумкач, што падае сыгналы гераіні й даводзіць яе да таго самага прадмету пошукаў. Прычым, замест nevermore, крумкае ён: «Кроў! Кроў!» — і гэта зусім не пра ангельскую назву вароны. Што ўжо казаць пра «Адысэю»? У аповесьці Вежнавец няма цыклёпаў у прамым сэнсе слова, але ёсьць прынамсі два пакаленьні аднавокіх жанчын, скалечаных хатнімі гвалтаўнікамі.
Сымэтрычны адказ на мужчынскі гвалт — жаночая магія. Гэтаму прысьвечанае асобнае апавяданьне пісьменьніцы «Іра ў залатых басаножках», што зьяўляецца недзе на пэрыфэрыі мастацкага сьвету аповесьці «Па што ідзеш, воўча?». Але шмат пра гэта і ў самім творы:
«Мар’янка пасьля таго бацьку напаіла дзедзінцом, ці дзедаўцом — хто як называе. Добрая траўка, каб мужыка ўмарыць. Калі патрошку, то ён ходзіць сабе й ходзіць, і нічога зь ім такога, толькі што нешта смокча яго і пад’ялдыквае. Так што сап’ецца ці павесіцца скоранька».
Магія, вядома ж, служыць у кнізе ня толькі помсьце «пітушчым ды бітушчым» мужыкам. Заклёны і рытуалы традыцыйна суправаджалі найважнейшыя падзеі ў жыцьці чалавека, ад народзінаў да сьмерці, рэгулявалі ня толькі стасункі між людзьмі, але й адносіны з прыродай. Вызначаюць яны і дачыненьні жывых з памерлымі. Сама аўтарка прызналася, што ў сваім творы «толькі мазнула па паверхні» гэтай магіі, але адзін такі эпізод у кнізе надзвычай важны.
Як паўнавартаснае вяртаньне гамэраўскага Адысэя на ягоную Ітаку немагчымае без сыходжаньня героя ў падземнае царства Аіда (ён мусіць выклікаць цень прарока Тырэсія і атрымаць ад яго належныя парады), так і «плаваньне» нашай гераіні дадому патрабуе ў пэўны момант кантакту са сьветам мёртвых. Трэба перадаць на той бок — празь нябожчыцу Дарошку ў дамавіне — пэўны артэфакт. Гэта дазволіць дазавершыць шмат чаго недазавершанага папярэднімі пакаленьнямі, так бы мовіць, зьвязаць усе канцы і пачаткі. І на пачатку другога разьдзелу гераіня наважваецца на такі рытуал:
«Вось яно, баба. Перадай там яго сама ведаеш каму. Ня шлі мне ўляку сьмярцёнага праз срэбра даронае. Ня я дару, зямля дорыць, стаяць на мяжы тры каласы, у зямлю карані, у неба валасы».
З гэтага моманту і мяняецца характар падарожжа гераіні, а чытач, адразу пасьля сюжэтнай завязкі, трапляе ў вялікую рэтардацыю-рэтраспэкцыю, зь якой, нібы з горнага тунэлю ў іншую краіну, вынырне вельмі яшчэ няхутка, у самую разьвязку. Цяпер адысэя будзе адбываецца праз час, памяць і любоў.
Наймацней сярод ста гадоў нянавісьці ў гэтым беларускім маконда, зь якога, як той казаў, быццам бы высмакталі ўсю радасьць сьвету, — уражваюць якраз праявы чалавечнасьці, любові і каханьня. Можа, уласна гэта і ёсьць найбольшым цудам у страшнавата-магічнай кнізе нашай аўтаркі. Так, азлоблены сын Дарошкі і абыякавы бацька галоўнай гераіні цалкам нечакана выяўляецца чулым, адданым мужам сваёй жонкі. А вобраз стаханаўкі Параскі зь яе шматгадовай пяшчотнай прывязанасьцю да свайго трактара, які безь яе нават працаваць ня можа, во ўжо дзе сапраўдная верная Пэнэлёпа! Або зусім ужо нежартоўная любоў у абліччы сьмерці: дачка арганізатара яўрэйскіх пагромаў, што аддаецца іх ахвяры, — дзякуючы чаму на сьвет некалі зьявіцца Рына.
Святлана Курс, 2023 г., фота Яўгена Ерчака
І, вядома ж, каханьне самой Рыны. Каб не адбіраць у чатычоў прыемнасьць спойлерамі, скажу праз аналёгію зь іншай кнігай, якую чытачы дачыталі амаль 200 гадоў таму. У рамане Стэндаля «Чырвонае і чорнае» сьмяротна абражаны герой набывае пісталет і, палаючы прагай помсты, страляе ў гераіню проста пасярод імшы ў храме. А потым лезе ад радасьці на сьценку (турэмнай камэры), дазнаўшыся, што гераіня выжыла. Бо разумее, што ўсё жыцьцё кахаў толькі яе, і тое, што прымаў за нянавісьць, таксама было каханьнем. Проста выродлівыя міжлюдзкія стасункі не пакінулі іншага шанца прызнацца, апроч пісталетнага стрэлу.
У Евы Вежнавец няма пісталета, суду і сьмяротнага пакараньня, але аналітыка пачуцьцяў чыста стэндалеўская. На зьдзіўленьне чытачоў — і, здаецца, самой аўтаркі, — сюжэтная разьвязка нават нагадвае нясьмелы хэпі-энд. Як напісаў Одэн у першы дзень другой сусьветнай вайны, «нам застаецца толькі палюбіць адно аднаго ці памерці». Аднак, ледзь накрэсьліўшы гэтую шчасьлівую разьвязку, дзе, дарэчы, ніяк не пакарала героя за злачынства, а гераіню за алькагалізм, аўтарка адразу спахапілася — і «прыкрыла» яе апошнім разьдзелам аповесьці зь ляканічным і брутальным апісаньнем адразу сямі сьмярцей.
Навошта? А памятаеце, як Ўайлд, быццам пасаромеўшыся лагоднага фіналу сваёй сумнай казкі, дзе зорны хлопчык зрабіўся ўрэшце справядлівым каралём, дадае фразу, што караля потым мучыла мінулае й наагул чалавечыя пакуты, чаго ён ня вытрымаў — і праз тры гады памёр. Такая вось казачка, маляты... Шчасьлівае заканчэньне занадта б вытыркалася (ужо вытыркаецца!) над балотнай паверхняй нашага моцна недасканалага сьвету. Давялося б, перафразуючы адну сцэну аповесьці, браць за руку самога Караткевіча, каб прыняць дар ад генія раджонага генію вучонаму. Мабыць, аўтарка трохі збаялася, бо, як казаў адзін ейны пэрсанаж: «Я ня веру ў бога, але ведаю, што ён ёсьць».
Андрэй Хадановіч, Budzma.org