“Нататкі таткі” Андрэя Хадановіча пачалі стварацца 5 гадоў таму. Але ў Беларусі кніжка была выдадзеная толькі ў пачатку лета. Як кажа аўтар, гэта вершы на ўсе поры года і на ўсе нагоды: пра катанне на каньках і на ровары, пра першага верасня і першы паход у школу, пра суровы рэжым дзіцячага жыцця і розныя складанасці выхавання.

Фактычна, я пачаў пісаць ад адчування, што чагосьці не хапае. Альгерд Бахарэвіч казаў пра тое, якая далёкая сённяшняя дзіцячая літаратура ад сённяшніх дзяцей. Вясковая тэматыка, у якой адразу аказваецца гарадское дзіця, стылістычны дыяпазон даўнасцю ў паўтара стагоддзя, жывёлы нейкія сельскагаспадарчыя, якіх малыя пакуль не бачылі або ўбачаць толькі ў заапарку. Новае гарадское жыццё таксама патрабуе сваёй адаптацыі: вершаў пра электрачайнік, пра камп’ютар і друкарку. Рыгор Барадулін як мог спрабаваў рабіць гэта ў сваёй дзіцячай кніжцы “Выпаў грук у грома з рук” — апець даступнай дзіцяці моваю, што такое інтэрнэт і камп’ютар, можа быць, сам не да канца разумеючы, таму гэта доля і наканаванне маладзейшых.
У Пушкіна была свая Болдзінская восень, у Купалы — Ляўкоўскі перыяд, а ў мяне быў свой час, калі асабліва добра пісалася. Мы выбраліся ўсёй сям’ёй у Вентспілс, у Дом творчасці пісьменніка. Жылі там 2 тыдні, ды так весела, што потым латышскі Дом пісьменніка памяняў свой статут: з моманту нашага візіту пісьменнік больш не мае права прыязджаць з маленькімі дзецьмі.
Мы бавілі з малой шмат часу штодня, і пачалі пісацца тэксты па прынцыпе “што бачу, тое пяю”. Памятаю, калі я гушкаў маленькую Аленку на арэлях, яны характэрна рыпелі. І вось з пытання дачкі “Чаму рыпяць арэлі?” пачаўся тэкст, які заканчвае кніжку “Нататкі таткі”. Паход на кірмаш у Вентспілсе і пакупка прадуктаў скончылася пытаннем “Чаму агуркі калючыя?”: трохгадовы чалавек на дотык спазнае жыццё, а татка дае разгорнуты адказ. А потым яго Аня Хітрык з “Сундуком” па-хуліганску пераспявалі, чым я вельмі задаволены.
Там жа пісаўся дзіцячы шлягер “Цукерка”. Тады ж аўтар адчуў і першае расчараванне ад таго, што літаратура не заўсёды канкуруе з жыццём: калі верш толькі напісаўся, я хацеў паказаць яго першай чытачцы і спытаўся: “Аленка, хочаш верш пра шакаладную цукерку?” Яна падумала, патрымала паўзу, кажа: “Неа. Не хачу верш, хачу шакаладную цукерку”.
Алена Андрэеўна адназначна асэнсоўвае, што яна муза, ёй вельмі падабаецца быць у цэнтры ўвагі, але паколькі яна расце ў сям’і досыць іранічных бацькоў, смею спадзявацца, што і да сваёй ролі яна ставіцца іранічна. Святая справа: сабралася застолле — трэба ўзяць зэдлік, ускараскацца, прачытаць, але не абы-што, а, безумоўна, верш пра рэжым, які пачынаецца так: “У мяне бацькі звяры, абуджаюць на зары.
У нас перад сном быў такі рытуал: я чытаў малой тэксцікі, ад якіх яна мусіла засынаць. У гэтым сэнсе беларускія класічныя творы ідэальныя: крыху нуднаватыя і крыху павучальныя, дзіцёнак беспамылкова адрубаўся. Мы даследавалі тоўстую анталогію “Побач з намі на зямлі” пра жывёльны свет. І калі дайшлі да бусла, мама ў суседнім пакоі адчула трасенне сцен: відавочна ніхто не збіраўся класціся спаць. Яна прыбягае і бачыць карціну: дзіця ў сваім ложачку скача, падгуквае, падкрыквае, не да канца артыкулюючы, а татка радасна ганяе тэкст Рыгора Барадуліна:
Пераходзіць бусел брод.
Дзюба ўгору ўзведзена.
Гэта едзе бутэрброд
З жабкамі ўсярэдзіне.
Хтосьці кансерватыўны сказаў бы, што гэта па-за межамі таго, што можа быць у дзіцячай літаратуры, надта ж брутальны вобраз: жабкі наўрад ці выжываюць. Але гэта гучыць свежа, нетрывіяльна, нешаблонна, без маралізатарства, затое на гульні і гумары.
Такога вельмі шмат у літаратурах нашых суседзяў: у геніяльных польскіх паэтаў Яна Бжэхвы і Юльяна Тувіма, у рускіх абсурдыстаў, таго ж Данііла Хармса — выхаду з плоскасці, добрага “падману” чытача. Калі фінальная кропка выводзіць у абсалютна іншае вымярэнне, і ты шчасліва падмануты: табе падсоўваюць не тое, што ты чакаў, але нашмат лепшае.
З дзіцячай кнігай як з рок-музыкай: шмат хто хоча быць фронтмэнам, але цяжка знайсці класнага ўдарніка ці бас-гітарыста. Так і ў дзіцячай літаратуры: без добрага ілюстратара не будзе амаль нічога. Мастачка Наталля Кійко знайшла мяне сама. Сказала: “Спадар Андрэй, мне здаецца, я змагу”. І праца пайшла: мы разам вырашалі, чаго кніжцы бракуе, а якія тэксты варта выкінуць. А нейкі тэкст мне, можа, падабаецца не да канца, але так цудоўна праілюстраваны, што я гатовы па-мазахісцку пацярпець сваю непаўнавартаснасць, каб даць магчымасць чытачам паглядзець класны малюнак. Тут выйшла стылістычнае супадзенне амаль поўнае, так, як мне самому хацелася: зайсці далей у стыхійным вальналюбстве, у правакацыі, у абсурдзе. Але не перайсці мяжы, калі дзіцячая літаратура зробіцца незразумелай, траўматычнай, цынічнай. Таму я называю гэта лёгкім дзіцячым панкам.
Выдаць якасную дзіцячую кніжку ў Беларусі цяжка — і цяжэй, чым дзе-небудзь.
Спачатку “Нататкі таткі” выйшлі ва Украіне. Я выкладаў тэксты ў фэйсбук, і ў нейкі момант мне напісалі адразу два чалавекі: рэдактарка аднаго паспяховага кіеўскага выдавецтва і мой патэнцыйны перакладчык, добры ўкраінскі паэт Іван Андрусяк. Мы ўсе ўтраіх проста ў фэйсбуку дамаўляемся, што робім украінскую кніжку. Там рынак развіты настолькі, што любы нетрывіяльны ход адразу выклікае зацікаўленасць. Яны ні хвілінкі, відаць, не сумняваліся, што кніжка з Беларусі можа быць цікавая. Мне, канечне, было і неймаверна прыемна, і адначасова крышачку крыўдна, што на той момант ніхто ў Беларусі такой прапановы не зрабіў. Я ўпэўнены, што аўтар не павінен бегаць за выдаўцом — павінна быць наадварот.
У нейкі момант я атрымаў прапанову ад беларускага дзяржаўнага выдавецтва. І ўсё было нібыта добра: вершы дзіцячыя, не палітычныя, ну і што, што аўтар перыядычна трапляе ў чорныя спісы: дзіцячая літаратура — гэта ж так нявінна. Ішла падрыхтоўка, а потым здарыўся канец 2010 года і ўсе яго падзеі. У 2011 годзе я атрымаў шведскую літаратурную прэмію для замкнутага пад хатнім арыштам Уладзіміра Някляева. Пасля гэтага чамусьці — здавалася б, што да чаго? — выданне “Нататак” у дзяржаўным выдавецтве зрабілася ўтопіяй.
Прайшло яшчэ колькі гадоў, і мой былы ліцэйскі вучань, сёння вядомы культурны дзеяч Глеб Лабадзенка, які займаецца прамоцыяй усяго беларускага ў Беларусі, пабачыў у “Нататках таткі” штосьці такое, з чым можна выйсці да шырэйшага чытача. Прадумаў ідэю кніжнай падпіскі: збіраць праз інтэрнэт заяўкі і такім чынам вылічыць, ці будзе кніжка сустрэтая з цікавасцю. Глебу дапамог (і мне разам з ім) наш вядомы мецэнат Павел Бераговіч, які рызыкнуў сваімі грашыма. Але я спадзяюся, што яны да яго вернуцца, бо чытачы да кніжкі цягнуцца.
Дзякуй спадару Паўлу, у нас такіх мецэнатаў катастрафічна бракуе. Альбо фондаў, стыпендый — таго, што падтрымлівае выдаўца. У Беларусі няма і літаратурных агентаў, таму часам пісьменнік сам павінен рабіць больш для прамоцыі свайго твора, чым аўтары ў іншых краінах. У прынцыпе, ён не павінен быў бы гэтым займацца.
Але я рады, што ўсё так склалася. Цяпер беларуская версія мае для мяне больш адэкватны і скончаны выгляд, чым 2-3 гады таму, — кніжка вырасла разам з гераіняй, з’явіўся цэлы шэраг новых неабходных для яе вершаў. Кніжка была надрукаваная ў Літве: выдай я яе ў тым беларускім выдавецтве — яна не мела б такой паліграфічнай якасці.
— Умоўна мэтавую аўдыторыю “Нататак таткі” можна апісаць так: гэта беларускамоўныя дзеткі, якім не хапае якаснай літаратуры на беларускай мове. Але досвед чытанняў падказвае мне, што гэтым не варта абмяжоўвацца. У мяне ёсць надзея, што і рускамоўнае дзіця сваіх рускамоўных бацькоў-беларусаў, калі прачытае ці паслухае кніжку і яна яму спадабаецца, захоча пачуць на нашай мове больш.
Таксама не трэба забываць, што беларускія дзеткі ёсць не толькі ў Беларусі: да кагосьці мая кніжка нядаўна паехала ў Францыю, а да кагосьці ў Канаду ды іншыя краіны. Шмат “Нататак таткі” засталося ў чытачоў пасля таго, як аўтар выступіў у Беластоку. Вершыкі з цікавасцю слухалі ва Украіне, не ведаючы беларускай. Гэтаксама як я магу прачытаць дачцэ і па-польску, і па-ўкраінску, і калі гэта будзе добры твор, то яна толькі парадуецца, а можа, яшчэ і тую мову трохі падвучыць.
Дарэчы, я ўжо атрымаў першыя водгукі. Адзін з першых пакупнікоў падзяліўся гісторыяй у фэйсбуку: кажа, раней было не прымусіць малога сына пачысціць зубы. А потым пачыталі верш “Шчотка”: “У мяне зубная шчотка, ёю зубы чысціць чотка”. І сын раз пачысціў — ужо здараецца не кожны дзень. Другі раз пачысціў, трэці, чацвёрты раз на дзень мажа пастай шчотку — ужо бацькі не могуць справіцца. Не ведаю, колькі працягнецца, але я як аўтар задаволены.
Беларускай мовы сёння не хапае беларускім дзеткам (як і бацькам). Але і аўдыторыю носьбітаў трэба, наколькі можна, пашыраць. Таму для мяне гэта была б сур’ёзная пахвала, калі б я пачуў, што хтосьці праз такую кніжку зацікавіўся і пачаў больш чытаць па-беларуску.
Глядзіце таксама: Марына Шода: “Мы далі дачцэ матчыну мову”
Я б параіў не толькі арыгінальных аўтараў, але і замежных — бо грэх не пахваліць перакладчыкаў:
Аляксандра Грэчка