Дакументаліста Максіма Шведа не пусцілі на борт самалёта Ryanair

Аўтар фільма «Чыстае мастацтва», рэжысёр Максім Швед  збіраўся ў Чарнагорыю на паказ сваёй стужкі («Чыстага мастацтва» і працоўнага матэрыяла будучага праекта «Эфект Джоні Косміка»), але ва Уроцлаўскім аэрапорце яму не далі сесці на борт самалёта. Пра гэта даведаўся тэлеграм-канал «Священный Белавуд».

Maksim Švied
Максім Швед. Фота: Ірына Тарасава

Прычынай адмовы стала адсутнасць актуальнага беларускага пашпарта і наяўнасць польскага спадарожнага дакумента. Як патлумачыў Максім «Священнаму Белавуду», супрацоўнікі аэрапорта не зразумелі, што гэта за дакумент і не далі яму ўляцець. 

«Я прайшоў анлайн-чэкін Райнейр з пазнакай «удакладніць» дакумент у аэрапорце, — пракаментаваў сітуацыю тэлеграм-каналу Максім. — Там супрацоўніца аэрапорту адаслала да пасярэднікаў Райнейр, бо ў аэрапорце іх непасрэдных працаўнікоў няма. Яны даслалі мой трэвэлдок і карту пабыту ў міграцыйную службу авіякампаніі, а там палічылі, што мой польскі трэвэл-дакумент не падыходзіць для наведвання краінаў па-за шэнгенам і адмовілі, не выдаўшы нават афіцыйных папераў пра прычыны адмовы», — расказаў рэжысёр.

Зараз Максім Швед знаходзіцца ў Варшаве.

Польскі праяздны дакумент для замежніка (Polski dokument podróży dla cudzoziemca) — гэта легальны міжнародны дакумент, які выдаецца грамадзянам іншых краін (у тым ліку беларусам), якія не могуць атрымаць ці аднавіць свой нацыянальны пашпарт. Згодна з міжнароднымі пагадненнямі і ўнутранымі правіламі Чарнагорыі, гэты дакумент разам з дзейнай картай побыту дае права на ўезд у краіну і павінен прызнавацца авіяперавозчыкамі як паўнавартаснае пасведчанне асобы для міжнародных паездак. Адмова Ryanair у пасадцы ў дадзеным выпадку выглядае як памылка наземных службаў аэрапорта, якія не маюць кампетэнцыі ў працы з праязнымі дакументамі для бежанцаў.

Reform.news знайшоў паведамленне на сайце ўрада Чарнагорыі, які пацвярджае гэта.

«Уладальнікі праязных дакументаў з дзейнай шэнгенскай візай... а таксама з дазволам на жыхарства (residence permits) у гэтых краінах могуць уязджаць і знаходзіцца на тэрыторыі Чарнагорыі да 30 дзён...», — гаворыцца ў пастанове.