“Быць беларусам – што гэта значыць?” — у супольным праекце Budzma.org i TUT.by вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Сёння на пытанні анкеты адказвае Андрэй Кудзіненка, рэжысёр, вядомы фільмамі “Акупацыя. Містэрыі” (2004), “Масакра” (2010).
– Нарадзіўся ты ў БССР, прычым жыў ва Украіне, інтэрнацыянальная сям’я, вучыўся то там, то там… Калі ты прыблізна пачаў задумвацца, што ў вялікім Савецкім Саюзе з рознымі нацыянальнасцямі ты беларус?
– Я чалавек, які ідзе насупраць ветру. З дзяцінства мне падабалася беларуская эстэтыка. Мне не падабаецца сітуацыя, калі ты аматар Дынама-Кіеў, а ўсе – Дынама-Мінск. Заўжды біліся праз гэта. Кожнае лета праводзіў на Украіне. Мне падавалася, што гэта паўднёвая гісторыя, мне заўжды больш падабалася Украіна. Пасля паехаў вучыцца ў Кіеў, а там сутыкнуўся з такой гісторыяй: ва ўкраінцаў ёсць такая тэма – ты не наш, ты з Беларусі, прыехаў “бульбаш”, мяне так увесь час клікалі. На другім ці трэцім курсе нас цалкам перавялі на ўкраінскую мову выкладання. Пасля я трапіў у Мінск, які не падабаўся мне з дзяцінства. Як ні дзіўна, Мінск я палюбіў дзякуючы дзяўчыне. Я прыехаў на вяселле да сястры, а гэтая дзяўчына мне паспрабавала за адзін дзень паказаць Мінск, і я афігеў. Раней я Мінска не ведаў, для мяне гэта быў жорсткі серы горад. Але калі прыгожая дзяўчына вяла мяне па Мінску, я закахаўся ў гэты горад, яшчэ больш закахаўся ў гэтую дзяўчыну, але лёс нас развёў. Пасля я ўжо прыехаў вучыцца ў Мінск, гэта былі 1990-я гады. Я прыехаў і тут застаўся.
Гэта якраз быў час нацыянальнага ўздыму. У Кіеве ў мяне былі праблемы, таму што я не свой, не ўкраінец, мовы не ведаў. Дарэчы, праз гэтыя праблемы я пасля «ваяваў» з беларускімі нацыяналістамі ў Акадэміі. Я трапіў у асяроддзе цяплічнага заляцання да маладога пакалення, дзе кіравалі «монстры» беларускага кіно – Ганкін, Ігнацьеў, Вінаградаў. Яны, сыходзячы, павдзіліся вельмі далікатна. Атрымалася асяроддзе, савецкае яшчэ. Нам расказвалі, што ў 1960-я гады ўсе музыкі, рэжысёры былі адной кампаніяй, хадзілі ў адныя і тыя ж рэстараны і дзеялі – так нараджалася прыгожае беларускае мастацтва, пасля такога не было. Ну і я заспеў гэтых старыкоў і закахаўся ў іх ва ўсіх, бо яны былі шчадралюбныя, зайздрасць паміж пакаленнямі – гэта ўжо комплексы. Нас білі пад жопу ўверх.
– Што значыць – “быць беларусам”?
– Беларусы творчыя. Бо яны ўбіраюць у сябе ўсё, і толькі на гэтай зямлі маглі з’явіцца такія геніі кінематографа.
Вінаградаў казаў: «З’ехаў з Беларусі, і ўдача ад мяне адвярнулася». Таму што менавіта тут было нешта хуліганскае, творчае. Я не кажу пра талерантнасць, гэта тэрыторыя ўмоўнай свабоды.
Быў чалавек, які пачаў збіраць кадры беларускія пасля вайны, у чалавека была ідэя сабраць, вярнуць сюды ўсіх, хто меў якое-небудзь дачыненне да Беларусі. Ён прыцягнуў сюды кучу людзей.
— Якія ўнікальныя беларускія рысы характару і светагляду ўласцівыя беларусам?
– Беларусы не такія талерантныя, як думаюць астатнія, яны падазроныя. У Расіі людзі ставяцца да цябе значна прасцей. Беларусы недаверлівыя, іх трэба «прабіваць», ёсць планка для праверкі. Ёсць і злосныя беларусы. Не трэба лічыць, што беларусы – талерантныя мілыя хлопцы, гэта брутальныя тыпы. У беларусаў ёсць нейкае адчуванне сабранасці перад чужаком.
А з пазітыўных – убіранне культураў. Людзі, калі прыязджаюць, хутка адаптуюцца і робяцца сваімі. У людзей з былых савецкіх рэспублік стварыўся нейкі стэрэатып, я нават супраць часам, да Беларусі асаблівае стаўленне.
— Назавіце тры-пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх беларус — не беларус.
— Крэўская унія.
— Апошні падзел Польшчы.
— Паўстанне Каліноўскага.
— Кастрычніцкая рэвалюцыя.
— 1991 год, людзі пачалі і прафукалі ўсё . Шкада, што так добра пачалі і так крыўдна і па-дурному скончылі.
— Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?
– Для мяне традыцыі – гэта людзі альбо аб’екты.
Я не ў кантэксце традыцыяў, накшталт Радуніцы. Але я іх паважаю, мне гэта падабаецца.
— Беларус без ведання мовы — беларус?
– Гэта асабістая справа кожнага. Не будзе нічога добрага, калі цяпер зрабіць беларускую мову адзінай дзяржаўнай – нельга гвалтоўна ўводзіць. За ХХ стагоддзе столькі пераблыталася, асабліва ў СССР, столькі людзей тут змянілася. Чалавек павінен ведаць шмат моваў – чым больш, тым лепш. Я перакладаю тэхнічную літаратуру на беларускую мову.
— Што робіць нас, беларусаў, адметнымі сярод суседзяў і ва ўсім свеце?
– Беларуская гісторыя – гісторыя назірання, настальгіі. Мне падабаюцца ўкраінцы, асабліва дзяўчаты, тэмпераментныя, а ў нас усё нібы ў дэкадансе.
— Якой Вы бачыце будучыню Беларусі?
– Я думаю, што гэта будзе культурны вектар. Я спадзяюся на лепшае, на тое, што краіна ўсё ж такі выруліць, і гэта будзе нармальная еўрапейская дзяржава, якая будзе з гонарам і спакоем паводзіць сябе, як нашыя тайскія байцы.