Пра сумную тэндэнцыю з вывучэннем замежных моў у Беларусі і што гэта значыць для перспектыў нашай краіны распавёў для «Салідарнасці» эксперт у сферы адукацыі Андрэй Лаўрухін.
Фота: probusiness.by
Беларусь заняла 35 месца сярод 116 краін свету па ўзроўні валодання англійскай мовай. Прынамсі такія звесткі дае рэйтынг, складзены шведскай кампаніяй EF Education First.
Паводле анлайн-тэсціравання (чытанне і аўдзіраванне), у якім узялі ўдзел звыш 2 мільёнаў гарадскіх жыхароў, Беларусь уваходзіць у групу з сярэднім узроўнем валодання англійскай. Калі глядзець на вынікі суседніх краін, то Літва і Польшча ў рэйтынгу вышэй (23 і 15 месцы адпаведна), а Украіна і Расія — ніжэй за Беларусь (40 і 44 месцы адпаведна).
Выбарка, зазначаюць даследчыкі, прыкладна збалансаваная паміж мужчынамі і жанчынамі і ўлічвае шырокі спектр узростаў — ад 20+ да 60 год. Аднак варта адзначыць, што ўлічваліся вынікі леташніх стандартных тэстаў, а ўдзел у даследаванні бралі толькі матываваныя людзі, якія рэальна хочуць вывучаць англійскую і ведаць свой узровень.
Аднак у Беларусі з 2023 года сітуацыя змянілася, у тым ліку рэпрэсіі закранулі школы замежных моў — нагадаем, ліквідаваныя вядомыя курсы Streamline, днямі прыпыніла працу адна з найбуйнейшых на Брэстчыне моўных школ «АКЦ Мост».
— У такіх варунках ці адпавядае рэальнаму стану рэчаў 35 месца Беларусі ў рэйтынгу валодання англійскай? — запытаўся Филин у эксперта ў галіне адукацыі, акадэмічнага дырэктара Інстытута развіцця сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе Андрэя Лаўрухіна.
Андрэй Лаўрухін
— Так, тут ёсць пытанне. Бо калі ўзяць проста з паўсядзённага досведу і параўнаць з Літвой, дзе я зараз знаходжуся, — яна ў рэйтынгу на 23 месцы, — і калі тут у Вільні, усё роўна каго, на вуліцы запытаць па-англійску, вам заўжды адкажуць. Можа быць, не ўсе ўпэўнена змогуць падтрымаць гутарку. Але прынамсі тыя, хто заняты ў сферы паслуг, ведаюць англійскую на прыстойным узроўні. Нават на рынку — я літаральна сёння ішоў праз рыначак — могуць па-англійску растлумачыць, што колькі каштуе.
І возьмем для параўнання беларускую сітуацыю. Ці можна сабе ўявіць, напрыклад, у Мінску, што вы зайшлі на Камароўку, запыталіся нешта па-англійску, і вам пачнуць адказваць? Ды ніколі. Проста на вуліцы спыніць кагосьці — трэба спытаць у шмат каго з мінакоў, каб пачуць добрую англійскую мову.
Таму ўсё ж такі, калі мы не апытваем толькі студэнтаў і выкладчыкаў, тых, хто адукаваны, хто займаецца вывучэннем моў як справай, патрэбнай у працы, на мой погляд, у Беларусі мы атрымаем усё ж горшы вынік, чым 35 месца.
Андрэй Лаўрухін прыводзіць яшчэ адзін прыклад: пэўны час таму ў ЕГУ, калі беларускім студэнтам ставілі лекцыі на англійскай мове і выкладчыкі пачыналі нешта казаць, праз некалькі хвілін маладыя людзі прапаноўвалі, маўляў, можна ж на рускай. Таму нават у студэнцкім асяродку нельга адназначна сказаць, што англамоўныя кампетэнцыі дастаткова пракачаныя.
— У Беларусі, мяркуючы па расповядах бацькоў школьнікаў, колькасць гадзін англійскай яшчэ не зменшылася (хоць генпракурор Швед заявіў летась, што гадзін зашмат, «мы рыхтуем працоўную сілу для Захаду»), а вось якасць выкладання пагоршылася.
Адначасова мы бачым ціск на моўныя школы, нават рэпетытараў. Калі чыноўнікам удасца тое, што яны робяць, — што гэта значыць для беларускай адукацыі і ў цэлым для перспектыў нашай краіны?
— Англійская мова — адначасова індыкатар светапогляду, што мы ўбудоўваемся ў сусветную, перш за ўсё, у еўрапейскую прастору, бо англійская — lingua universalis, мова свету.
І ў гэтым сэнсе, канешне, падзеі апошніх гадоў, у прыватнасці закрыццё моўных школ, сведчаць: англійская мова ў Беларусі, як і беларуская, стала таксама знакам бяды.
Зразумела, што не паўсюль так, і што ўлады спрабуюць неяк зміксаваць ідэалагічныя ўстаноўкі і сучасныя рэаліі. Англійская з праграмы, безумоўна, не знікне, але разам з тым пастараюцца ўскладніць яе вывучэнне для выезду за мяжу, імкнуцца не пускаць моладзь з’язджаць з Беларусі. Атрымліваецца вельмі незразумелая, супярэчлівая пазіцыя.
Тым не менш, яна будзе замінаць інтэграцыйным працэсам, здольнасці людзей жыць у свеце. Калі казаць пра тое, якія сацыяльныя групы перадусім могуць стаць ахвярамі гэтай палітыкі — канешне, гэта студэнты, выкладчыкі, навукоўцы, агулам адукацыя і навука.
Бо ўсе апошнія адукацыйныя інавацыі, найбольш перспектыўныя і цікавыя ідэі — англамоўныя, а калі выкладчыкі не чытаюць англамоўнай літаратуры, бо не могуць, ці гэта ім забаронена ці нават небяспечна — якія ўжо тут інавацыйныя падыходы. І раней такіх людзей, хто адсочваў і чытаў англамоўныя кніжкі, навуковыя выданні, было няшмат — а зараз будзе ўвогуле апалогія, «не чытаў і не трэба».
Гэта зробіць сферу адукацыю і навуку больш правінцыйнымі, замкнёнымі ў сваю асобную суполку, а таксама ў рускую мову. Наўрад ці пачнецца масавае вывучэнне кітайскай, каб з яе дапамогай перакладаць на рускую/беларускую замежныя падручнікі.
Штучныя абмежаванні да вывучэння і выкарыстання англійскай мовы — усё гэта будзе тармазіць адукацыю, навуку, блакаваць прагрэс і рух у напрамку міжнароднай інтэграцыі.
Бо сённяшняя навука — найперш пра інтэграцыю, супрацу вучоных і навуковых груп з розных краін свету.
А мы бачым па колькасці нобелеўскіх лаўрэатаў, што такія вучоныя сканцэнтраваныя не ў Беларусі і не ў Расіі, і нават не ў постсавецкім рэгіёне, а ў еўрапейскіх краінах, дзе навука з’яўляецца каштоўнасцю, галіной, куды інвестуюць грошы і адбіраюць найталенавітых, дзе ёсць этас і атмасфера пошуку.
Таксама лічу, што бізнес стане ахвярай такой палітыкі беларускіх уладаў. Асабліва той, які не замкнёны толькі на Беларусь і Расію. Дый наогул у грамадстве гэта пытанне пра гарызонт магчымасцяў: куды вы імкнецеся, дзе межы гэтага свету, і ці абмежаваныя яны толькі расейскай мовай (а нават у многіх постсавецкіх краінах моладзь ужо не размаўляе на расейскай, выкарыстоўвае нацыянальныя мовы і англійскую).
Сённяшнія тэндэнцыі адлюстроўваюць досыць драматычны паварот: краіна, якая геаграфічна найбольш еўрапейская, з найбольш мадэрнізаваным насельніцтвам, зараз будзе блакаваць тое добрае, што ўжо ёсць. Забараніць, прыпыніць, зрабіць больш цяжкім вывучэнне англійскай — усё гэта ідзе насуперак той плыні, што дваццаць год прасоўвалася ў напрамку міжнароднага супрацоўніцтва.