Анімэ, манга і фанфікі ў беларускай культурнай прасторы. Дзе шукаць?

У пачатку верасня на Падляшшы адбыўся буйны фестываль японскай культуры — Moricon 2023. Трохдзённы фестываль у Беластоку наведалі больш за паўтары тысячы чалавек, адбылася сотня імпрэзаў і актыўнасцяў. Гульні, караоке, дыскусіі, лекцыі, кірмаш, кнігі і конкурс касцюмаў. Так, само сабой, усё па-польску. Стала цікава: а ці можна быць фанатам анімэ і мангі... па-беларуску? Ці ёсць у Беларусі анімэ-фестывалі? Дзе паглядзець анімэ ці пачытаць мангу па-беларуску? Магчымасцяў не так шмат, але яны ёсць. Распавядаем пра ўсё па парадку.


На фестывалі Moricon 2023
На фестывалі Moricon 2023

Як выглядае анімэ-фестываль?

Moricon 2023 — гэта штогадовы Падляшскі фестываль японскай культуры (але таксама фантастыкі, фэнтэзі, камп’ютарных і настольных гульняў). Выглядае гэта, безумоўна, шыкоўна: натоўпы моладзі, дзяцей і дарослых, пераважная большасць — у вобразах разнастайных персанажаў і герояў. А таксама меганасычаная штогадзінная праграма: лекцыі, конкурсы, выступы, дыскусіі, бітвы і гульні. Фестываль арганізуецца мясцовым таварыствам Żabenka разам з Беластоцкай політэхнікай (універсітэт выдзяліў пад імпрэзу памяшканні ў двух сваіх карпусах!).

На фестывалі Moricon 2023
На фестывалі Moricon 2023

Анімэ-канвенты — з’ява досыць распаўсюджаная па ўсім свеце. У Беларусі ў 2016 годзе адбылося ажно пяць фестываляў, у тэматыцы якіх была і японская культура! Нават былі «фірмовыя» беларускія — «Аматэрасу» і «Хіган». Сёлета адбылося толькі два, і тыя вельмі шырокай накіраванасці. Адзін з буйных фестываляў FreeTime-Fest увогуле ў пачатку года патрапіў пад хвалю забаронаў Мінкульта і быў адменены.

Падобная імпрэза — гэта заўсёды найперш месца сустрэчаў. Як з аднадумцамі, так і з самой культурай. Пабачыць новае, абмяняцца цікавосткамі, закупіцца наклейкамі / значкамі / фігуркамі з улюбёных серый і таму падобным — напрыклад, адзін са стэндаў кірмаша быў цалкам прысвечаны манзе. Можна было нават убачыць польскі варыянт мангі — аўтарка Кацярына прывезла свой першы зборнік коміксаў. Галоўны герой шляхціц, і ў сюжэце — менавіта гістарычныя замалёўкі, традыцыйная шляхецкая культура.

Комікс "Шляхта"
Комікс «Шляхта»

Старонкі комікса "Шляхта"
Старонкі комікса "Шляхта"

Ці можна глядзець анімэ па-беларуску?.. А то ж!

Анімэ — японская анімацыя са спецыфічнай малёўкай, разлічаная не на дзяцей, а на падлеткаў і дарослых. Сюжэты могуць быць самыя розныя (дужа папулярныя рамантычныя і магічныя гісторыі). Важныя рысы — гіпербалізацыя і драматызацыя сюжэта і дзеянняў персанажаў.

anime.jpeg
Анімэ

Над беларускім дубляжом галоўным чынам працуе ды стварае субцітры праект «Анібел». У іх калекцыі ўжо 105 тайтлаў (завершаных анімэ ці анімэ-серыялаў). Пад відэа ёсць каментары і ацэнкі ад карыстальнікаў.

Скрыншот з сайта anibel.netСкрыншот з сайта anibel.net

Сайт існуе з 2017 года. Пра сябе распавядаюць наступным чынам:

«"Анібел" — гэта некамерцыйны праект па беларусізацыі анімэ і мангі, які існуе дзеля папулярызацыі беларускай мовы і японскай культуры. Мы дзейнічаем у трох напрамках: перакладаем мангу (Белманга), ствараем разважальны кантэнт (Ўчан), агучваем і робім субцітры для анімэ (Анібел).anibel.net. Мы пачалі перакладаць у 2017 годзе і з таго часу выпусцілі па-беларуску дзясяткі тайтлаў мангі і анімэ. Сёння ў камандзе больш за 50 прафесіяналаў: перакладчыкаў, дабераў, рэдактараў, маркетолагаў. Гэтыя цудоўныя людзі вельмі розныя ў жыцці: настаўнікі і студэнты, бармены і інжынеры, музыканты і фрылансеры. Усе рознага ўзросту і поглядаў на жыццё; але аб’яднаныя агульнымі каштоўнасцямі — узаемапавагай, апантанасцю мовай і анімэ, любоўю да сваёй краіны».

Каманда падкрэслівае некамерцыйнасць праекта і не просіць матэрыяльнай падтрымкі. Але заклікае «проста глядзець тайтлы і чытаць мангу ў нашым перакладзе, падпісацца на акаўнты ў сацыяльных сетках, ставіць падабайкі і дзяліцца кантэнтам з сябрамі».

Анімэ «Хайдзі, дзяўчынка Альпаў» (Heidi, Girl of the Alps) атрымалася знайсці на канале студыі Gavarun.by.

А дзе (што) чытаць?

Самы папулярны і вядомы від японскай літаратуры — Манга. Гэта чорна-белыя (часцей за ўсё) коміксы ў фармаце кніг, якія чытаюцца справа налева.

Манга па-беларуску

Мангу па-беларуску можна знайсці ў адпаведным раздзеле на сайце «Анібел». Тут 91 серыя, 67 з якіх завершаны цалкам. Дарэчы, за новымі рэлізамі і абнаўленнямі можна сачыць і праз Тэлеграм.

Вы ведалі?

Існуе комікс паводле кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Ён створаны ў Японіі, аўтар — Кейто Каумэ. Гэта першая манга паводле твора беларускага аўтара.

Комікс паводле кнігі Святланы Алексіевіч

Комікс паводле кнігі Святланы Алексіевіч

Комікс паводле кнігі Святланы Алексіевіч
Комікс паводле кнігі Святланы Алексіевіч

У Тэлеграме ёсць як мінімум яшчэ два каналы па перакладзе мангі. Аўтары працуюць над канкрэтнымі серыямі і выкладаюць у адкрыты доступ:

  • Пераклад MADK
Аўтары перакладаюць з англійскай мовы мангу MADK аўтара Рэ Судзуры. На дадзены момант перакладзена 19 глаў і 3 экстры.

Аўтары перакладаюць мангу «Проза вандроўных сабак» на беларускую мову.

А калі вельмі прынцыпова хочацца чытаць не анлайн, а папяровае выданне — то нельга не ўзгадаць беларускае выданне «Гарэзлівы пацалунак» — твор Евы Вайтоўскай па матывах японскай мангі «Itazura na kiss» Tada Kaoru.

Вокладка кнігі "Гарэзлівы пацалунак"
Вокладка кнігі "Гарэзлівы пацалунак"

Фанфікі па-беларуску: ад Караткевіча да Genshin Impact

Яшчэ адзін цікавы жанр, які звязваюць і з японскай культурай — фанфікі (фан-літаратура). Ён не дужа вядомы, але гэта і не дзіўна — у нас папросту няма ніводнай анлайн літаратурнай пляцоўкі для маладых аўтараў. А фанфікі тым не менш ёсць. Прычым не толькі пра анімэ ці блізкае жанру, але і па класіцы — іх пішуць нават па творах Караткевіча і Марціновіча.

Вынікі пошуку на сайце archiveofourown.org
Вынікі пошуку на сайце archiveofourown.org

Адна з самых буйных пляцовак для фан-творчасці, папулярных сярод моладзі — старонка Фікбук. Мінус платформы ў тым, што яна выключна рускамоўная і публікаваць творы на іншых мовах забаронена.

Пару год таму з’явілася магчымасць публікавацца і для беларускамоўных аўтараў. Міжнародная платформа archiveofourown.org аб’ядноўвае больш за 6 мільёнаў карыстальнікаў і любыя мовы! Фанфікаў па-беларуску тут ужо 520.

Тэматыка самая розная: сусветы Гары Потара і Толкіена, музычныя гурты, аўтарская творчасць, гульнявыя сусветы Genshin Impact і Dragon Age і нават Другая сусветная вайна. Сайт на англійскай мове, але ўсё цікавае можна знайсці праз пошук.

Галоўнае — каб было жаданне шукаць.

Дар'я Палынская, budzma.org

Чытайце яшчэ:

13 фільмаў, здольных патлумачыць феномен 2020 года