У апошнім справаздачным месяцы перад пяцігоддзем са дня старту агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі”, у межах гэта жа самай кампаніі, куды толькі не кідала беднае і знясіленае Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў. За адсутнасцю вялікага і магутнага, пачыўшага ў Бозе, а хутчэй у д’ябле, Савецкага Саюза, не можам пахваліцца геаграфіяй паездак ад Калінінграда да Чукоткі, а вось у межах мілай бацькаўшчыны нашай прышлося паездзіць ад Берасця аж да Рамнёў на самым паўночным усходзе нашай Сінявокай, за якімі неўзабаве таксама Беларусь ідзе, але чамусці зараз гэтыя землі па непаразуменню Расійскай Федэрацыяй клічуць.
І ў той час, калі ўсё прагрэсіўнае грамадства краіны нашай па цэнтру Еўропы было заклапочанна праблемай угнаенняў, дзякуй Богу, што арганічныя ўгнаенні неяк ў баку застаюцца, бо заклапаціліся нашыя суграмадзяне каліем, элементам табліцы вялікага рускага хіміка з цудоўным рускім прозвішча Мендзелееў. А гэты элемент, як аказалася, з’яўляецца для нас лёсавызначальным такім металам, праўда не ў металургічнай галіне, а ў вытворчасці тых жа ўгнаенняў.
Калій каліем, сёння ён ёсць, заўтра яго ўвесь выкапалі, а гісторыка-культурная спадчына – катэгорыя вечная. Таму і насіла нас з усходу на захад, з поўначы на поўдзень менавіта па той прычыне, што спадчына кліча, спадчына чакае. І атрымалася так, што менавіта спадчыне былі ў верасні ў чарговы раз прысвечаны экспедыцыі, сустрэчы, нарады, ды ўсё астатняе, што гнала нас у дарогу, не давала лішні дзень на канапе паляжаць.
Ну і сапраўды, ў экспедыцыях зафіксаваны былі найцікавейшыя аб’екты архітэктуры ад старажытнасці да даваеннага перыяду, як, напрыклад, цудоўны канструктывісцкі помнік горадабудаўніцтва – пасёлак беларускіз энэргетыкаў, які быў узведзены паралельна з будаўніцтвам першай электрастанцыі ў Савецкай Беларусі – БелДРЭС, цудоўныя грамадскія, прамысловыя і культавыя збудаванні ў Дуброўне, Рамнях, Гарадку. Праведзены шэраг кансультацыйных сустрэч і працоўных нарадаў па праблемах адраджэння старадаўнік могілак, па заснаванню музеяў і рэстаўрацыі манументальных будынкаў.
Так у Гарадку праблема добраўпарадкавання старажытных жыдоўскіх могілак абмяркоўвалася з прадстаўнікамі мясцовай жыдоўскай супольнасці, на Капыльшчыне з унукам вядомага беларускага пісьменніка Янкі Скрыгана, Юрасём Скрыганам, абмяркоўваліся перспектывы адраджэння хаты ў в. Труханавічы, у якой пісьменнік нарадзіўся, і ў гэты ж дзень папярэдне была абмеркавана з галоўным архітэктарам Капыльшчыны праблема захавання хаты-месца нараджэння Цішкі Гартнага. Праводзілася нарада з працоўнай групай па інвентарызацыі Брэсцкай крэпасці, а Глуша і музей Алеся Адамовіча, традыцыйна вымагаюць вялікіх высілкаў, у тым ліку выездаў на месца.
Так вось у Глушы ужо ў межах стварэння архітэктурнага праекту музея праводзілася валанцёрамі – актывістамі Таварыства тапаздымка зямельнага ўчастку вакол аптэкі – будынку, дзе размесціцца музей. І, як ні дзіўна, у апошнюю суботу месяца, калі ў Глушы адбываўся стаўшы ўжо традыцыйнам фэст народнай творчасці “Глушанскі хутарок”, брыгада Таварыства не святкавала, а праводзіла геадэзічныя вымярэнні. Праўда, ні Таварыства, ні кампанія “Будзьма беларусамі” у баку ад фэста не засталіся. Бо і ад кампаніі і ад нашага аб’яднання глушанцы і іх госці атрымалі падарунак – выступ на канцэртнай сцэне беларускага барда Змітра Бартосіка.
Так што да юбілею кампаніі Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў падышло з добрымі паказчыкамі, па нашым меркаванні нават пераможцамі будзьмалістычнага спаборпніцтва, у выніку чаго будзем патрабаваць для сябе пераходзячы чырвоны вымпел з выявамі ўсіх каардынатараў кампаніі.
Будзьма разам!, Будзьма з “Будзьмай”, Будзьма з гумарам! І ўсім будзьмакам шчырыя віншаванні.
Канструктывісцкая забудова ў Арэхаўску
Арэхаўскі цуд. Царква 18 ст. побач з узорным сацыялістычным пасёлкам
Прыстанская пабудова ў Дуброўне
Фабрычны будынак у Дуброўне
Бернардынскі кляштар у Дуброўне
З Юрасём Скрыганам на Капыльшчыне
Капыльшчына, в. Труханавічы. Хата, дзе нарадзіўся Янка Скрыган
Гарадок. На магіле ахвяр Халакосту
Гарадок. Жыдоўскія могілкі
Брэсцкая крэпасць. Разам з Аляксеем Старковым, кіраўніком працоўнай групы па інвентарызацыі аб’ектаў крэпасці
У крапасных казематах
Аптэка ў Глушы – будучы музей
Фасад глушанскай аптэкі. Абмерны чарцёж
На “Глушанскім хутарку”
Геадэзічныя вымярэнні
Бартосік на “Хутарку”
https://pomniki.budzma.org/