Калі напрыканцы XIX стагоддзя французская публіка ўпершыню прачытала невядомае прозвішча O. V. de L. Milosz, крытыкі параўналі з’яўленне гэтага аўтара з нечаканым пралётам каметы. Незвычайнае падарожжа Оскара Мілаша з Беларусі ў Парыж.
«Я бачыў. Той, хто бачыў, перастае думаць і адчуваць. Ён больш не ведае, як апісаць тое, што бачыў». Оскар Мілаш
Оскар Мілаш. Архіўнае фота
Сучасная французская энцыклапедыя пра сына беларускай зямлі піша: «З’яўленне ў наш час гэтага літоўскага паэта на французскай мове, які нагадвае Нерваля, Верлена і Кладэля, нагадвае камету: ён прыйшоў з іншых месцаў, жыве асобна ад свету і літаратурных модаў, можна сказаць, рамантык, згублены паміж канцом сімвалізму і пачаткам сюррэалізму».
Літаратуразнаўца Жан Бэльмін-Наэль адзначаў, што Оскар Мілаш захапляўся ілюмінатамі, алхіміяй і кабалой, а сапраўднымі яго героямі з’яўляліся Фаўст і Саламон. «Гэтага сузор’я імёнаў дастаткова, каб змясціць яго па-за часам, асабліва па-за нашым часам. Але ягоны падыход, адзінства якога заключаецца ў «паломніцтве да вытокаў», дазваляе яму быць сучаснікам усіх эпохаў», — пісаў французскі аматар творчасці Мілаша. Дык хто ён, таямнічы Оскар?
«Прыйшоў трэці дзень». — І мяне скаланула, бо голас
Ішоў з майго сэрца. Голас майго жыцця.
«Прыйшоў трэці дзень». — І я ўжо не спаў, бо я ведаў: прыйшла
Гадзіна ранняй малітвы. Ды я стаміўся
І думаў пра рэчы, што мусіў убачыць ізноў; бо там
Быў вабны архіпелаг і востраў Сярэдзіны,
Засмужаны, чысты, што некалі знік ад мяне
З каралаваю магільняй маёй маладосці.
Оскар Мілаш, «Няскончаная сімфонія», урывак. Пераклад на беларускую: Андрэй Хадановіч.
Чарэя, пачатак ХХ ст. Архіўнае фота
Оскар нарадзіўся 28 траўня 1877 года ў мястэчку Чарэя (сённяшні Чашніцкі раён Беларусі). Па ўспамінах лес там адбіваўся ў вачах азёраў, а дарогі разыходзіліся на чатыры сталіцы — Вільню, Варшаву, Пецярбург і Парыж. Бацька, шляхціч Уладзіслаў Мілаш гербу Любіч, служыў афіцэрам у арміі. Маці, Разалія Разэнталь, была дачкой варшаўскага прафесара іўрыту.
Яго дзед Артур Мілаш, адважны афіцэр, якога ён лічыў героем, ажаніўся ў свой час з міланскай спявачкай. У сям’і на поўначы сучаснай Беларусі гучалі французская, польская, нямецкая, ангельская, беларуская мовы і літоўскія песні.
«Дзіця без матчынай мовы, але з усім светам у вушах» — такім чынам пра Оскара Мілаша кажуць сённяшнія даследчыкі яго жыццёвага шляху. Гэтая поліфанія падрыхтавала паэта да шматгалосся ўласнай творчасці.
Малады Оскар Мілаш. Архіўнае фота
У раннім узросьце, калі будучаму паэту было 12, сям’я пераехала з Чарэі ў Парыж. Вось што Оскар Мілаш пазней казаў пра Чарэйшчыну: «Хадземце, я павяду вас у думках у край дзівосаў, сутоння, імглы і ціхіх шэптаў... Вось мы і тут, на ўскраінах польскіх зямель, ужо паўночных, але закаханых у колеры. Адзін мах крыла — і мы праляцім над краінай, дзе ўсе рэчы пазначаны прыгаслым колерам успамінаў. Нас агортвае пах гарлачыкаў, імжыстая лясная смуга...»
З 1904 года, пасля смерці бацькі, Оскар Мілаш вярнуўся ў Чарэю, дзе займаўся гаспадаркай у сядзібе. Па вайне вярнуўся на новую радзіму. Ён быў вымушаны шукаць працу з акладам. Гэта была адна з прычынаў пачатку яго дыпламатычнай кар’еры. Адкрыццё Мілашам нацыянальна-вызваленчага руху Літвы падчас Першай сусветнай вайны прывяло да таго, што ён вырашыў прыняць літоўскае грамадзянства пасля заканчэння канфлікту.
Яго патрыятычны запал, здольнасці да шматмоўя і міжасобасныя навыкі хутка зрабілі яго ідэальным чалавекам для абароны інтарэсаў маладой Літоўскай дзяржавы, якая імкнулася да міжнароднага прызнання. На пасадзе прадстаўніка Літвы ў Францыі ён заставаўся да 1925 года.
«Сын мой, памятай: трэба дбаць пра істоты і пра рэчы, бо ўсё — ад камянёў да Хрыста — усё складае тваю кроў. Сонца і атам — увесь рух ёсць жыццё і любоў, ён стварае прастору-час-матэрыю», — як заўсёды паэтычна пісаў сам Оскар Мілаш.
Оскар Мілаш, вокладка кнігі
Мілаш сябе адчуваў перадусім паэтам. Дастаткова ўзгадаць яго расчараванне, калі Андрэ Жыд выключыў яго вершы з анталогіі сучаснае французскае паэзіі. Бо, хоць ён без вагання ўслаўляў свае карані і пасля Першай сусветнай вайны ўзяў на сябе дыпламатычную місію прадстаўляць новую Літоўскую Рэспубліку, на працягу ўсяго жыцця Мілаш ужываў французскую мову.
Гэты твор Оскара Мілаша стаіць на асобнай паліцы яго жыцця і творчасці. У ім аўтар ставіць у цэнтр любоў, але ў значна шырэйшай, метафізічнай, нават касмалагічнай перспектыве. Первая частка твора мае форму ліста да Сторгэ — аднаго з грэцкіх словаў, якім абазначалі любоў, у дадзеным выпадку сямейную. Сам Оскар Мілаш апісваў гэта наступным чынам:
«Ідэальная чалавечая згода, утвораная прывабнай мудрасцю жаніха і любоўнай гравітацыяй нявесты, сапраўдным духоўным становішчам аднаго адносна другога, істотнай таямніцай, такой жахліва прыгожай, што з таго дня, як я пранікнуў у яе, мне немагчыма гаварыць пра яе без патоку слёзаў», — кажа ён, прыгадваючы містычны досвед начы 14 снежня 1914 года, з якога вырастае гэты тэкст.
Оскар Мілаш, аўтограф аўтара на першай старонцы яго кнігі
Як адзначае даследчык Жан Бельмін-Наэль, гэтая развага паўстала з патрэбы вярнуць слову «Любоў» яго сапраўдны сэнс, «вырываючы яго з невуцтва і вульгарнасці эпохаў, што аддзяляюць нас ад Сярэднявечча». Мілаш лічыў «Ars Magna» сваім духоўным запаветам.
Але гэтым ён не абмяжоўваўся. Оскар Мілаш быў раманістам, захавальнікам літоўскіх традыцый, палітычным публіцыстам, тлумачальнікам Святога Пісання і па-свойму філосафам. Ён прайшоў шлях ад захаплення герметызмам да прыняцця каталіцкай веры, пра што сведчаць яго пазнейшыя творы.
Заўвага: (Герметызм — гэта філасофска-містычнае вучэнне, якое сцвярджае, што ўсё ў свеце ўзаемазвязана, а шлях да пазнання Бога і ісціны ляжыць праз нутранае самаўдасканаленне).
Хоць Оскар Мілаш і знаёміў французскіх чытачоў са скарбніцай літоўскіх казак, ён сам прызнаў сваю віну перад адной з вялікіх постацяў літоўскага культурнага жыцця, а менавіта Ёнасам Басанавічусам. Апошні працаваў этнографам і на пачатку ХХ стагоддзя апублікаваў некалькі зборнікаў літоўскіх казак.
Мілаш не збіраў гэтых казак, ён недастаткова добра ведаў літоўскую мову, каб зрабіць гэта. Але ён выбраў каля пяцідзесяці з іх і перапісаў (сам ён адкінуў тэрмін «пераклад»), можна нават сказаць, што ён аднавіў іх вельмі асабістым і гумарыстычным чынам. Так нарадзіліся «Казкі са старой Літвы» і «Літоўскія казкі ад маёй маці Гусыні».
У 1931-м паэт атрымаў французскае грамадзянства, ордэн Ганаровага легіёна і пасяліўся ў Фантэнбло. Там яго наведвалі Чэслаў Мілаш і эзатэрык Рэнэ Швалер. Пляменнік Чэслаў, які праз некалькі дзесяцігоддзяў атрымаў Нобеля па літаратуры, перакладаў вершы Оскара на польскую. Чэслаў Мілаш узгадваў:
«Мой браценнік Оскар Мілаш быў першым прадстаўніком незалежнае Літвы ў Парыжы, што для палякаў было раўназначна здрадзе. Бацькі мае матулі былі лаяльнымі грамадзянамі Літвы польскае нацыянальнасці, па-літоўску не гаварылі. Мая матуля мела два грамадзянствы, літоўскае i польскае, заўсёды залічала сябе да польскае нацыянальнасці, літоўскую ведала слаба.
Апроч таго, мне насамрэч былі бліжэйшымі «краёўцы», чымся прававерныя патрыятычныя палякі, a як сваяк Оскара Мілаша, які хацеў Вільні для Літвы, я не мог гадаваць y сабе варажнечу да «літоўскай акупацыі».
Чэслаў Мілаш, пляменнік Оскара, выступае перад слухачамі. Фота: Przestrzeń Kultury Polskiej
Пазней польскі пісьменнік прысвяціў шмат увагі творчасці Оскара Мілаша, ён бачыў у ім свайго духоўнага настаўніка, якому ўдалося пазначыць рэлігійную перспектыву ўспрымання свету і сябе як частку Божага Провіду.
Оскар Мілаш памёр у французскім Фантэнбло у сакавіку 1939 года, за некалькі месяцаў да вайны, апакаліптычны выбух якой ён пастаянна прарочыў. Больш за тое, можна толькі здагадвацца, да якога трагічнага фіналу прывяло б яго габрэйскае паходжанне, калі б яго не заўчасна забрала эмбалія на шэсцьдзесят другім годзе жыцця.
Музычнае дыханне яго радкоў працягвае жыць: у 2024-м у Францыі выйшаў фаліянт амаль на паўтары тысячы старонак. Тэксты, думкі і жыццё Оскара Мілаша. Камета творцы працягвае свой шлях, і кожнае новае пакаленне бачыць яе ўпершыню.
Музычнасць яго радкоў ужо каля стагоддзя застаецца загадкай для літаратуразнаўцаў. Жан Бельмін-Наэль бачыць у паэце кампазітара, што «прымацоўвае тэмбр да слова, як музыку да нотаў».
Андрэ Сільвер, выдавец Мілаша, аб’яднаў усіх жывых сяброў і прыхільнікаў паэта, калі стварыў у 1966 годзе асацыяцыю. Іх мэтай было сабраць усе неапублікаваныя тэксты паэта, сабраць прадметы, якія належалі яму, — з ідэяй, магчыма, калі-небудзь стварыць музей, прысвечаны Мілашу. У наш час французскія чальцы асацыяцыі «Сябры Мілаша» рыхтуюць штогадовыя чытанні на магіле паэта.
Оскар Мілаш, помнік на могілках у Фантэнбло
Дзяцінства? Што колеры вашыя і галасы, і каханне маё,
Што гэтае ўсё было мізарнейшым ад бліскавіцы асы
На вятрыску, ад гуку слязы, што спадае ў труну, —
Суцэльным падманам, біццём майго сэрца, пачутым у сне?
Сам-насам із старасці ледавіком! Толькі я
Ды імя адгалосак! А вусцішнасць ночы і вусцішнасць дня
Стаяць, замірыўшыся ў горы, як родныя сёстры,
На гэтым і тым берагох майго сну, адна адной робячы, робячы нейкія знакі!
Оскар Мілаш, «Вераснёвая сімфонія», урывак. Пераклад на беларускую: Андрэй Хадановіч.
І сёньня, калі сусвет стаіць, быць можа, на парозе глабальнай катастрофы, Мілаш прапануе бяспройгрышны шлях: адчыніць дзверы ў саміх сябе, каб паслухаць, як мовы зліваюцца ў хор, як палітыка становіцца паэзіяй, а паэзія — мапай бясконцага неба. Камету з Чарэі ўсё яшчэ відаць — трэба толькі ўзняць галаву.
Павал Хадзінскі, budzma.org