Беларускае лета — гэта не толькі Купалле, але і час, калі па лясах, лугах і азёрах ходзяць нябачныя істоты. Нашы продкі ведалі: пад вадой жывуць Азярніцы, у хляве можна сустрэць малочных ведзьмаў, у кустах — Лознікоў, а на палях блукае Палявік. Гэтых нячысцікаў можна было амаль на 100% сустрэць летам (калі вы ў іх верыце). PALATNO расказвае пра летніх нячысцікаў.
Свіцязянкі — прыгожыя, белатварыя дзяўчаты з возера Свіцязь. Паводле легенды, яны — душы жанчын з затопленага горада Свіцязь. Горад затапілі багі па просьбе саміх жыхароў, бо да горада падыходзілі рускія войскі, якія перамаглі вялікага князя Міндоўга і гаспадара горада. Горад затапілі, каб не дапусціць ганьбы на жыхароў.
Кажуць, у цішыні возера можна пачуць стогны свіцязянак.
Гісторыя свіцязянак, па паданню, стала вядомая ад іх саміх. Бо свіцязанку можна злавіць невадам у возеры — і яна тады сама раскажа гісторыю горада і яе жыхароў.
Малочная ведзьма
Самымі шкоднымі нячысцікамі лічыліся малочныя ведзьмы. Яны адбіраліся ў кароў малако, а потым рабілі з яго сваё. Асабліва актыўнымі малочныя ведзьмы былі на Юр’я і Купалле. На Купалле чэрці і малочныя ведзьмы збіраліся, купаліся ў выкрадзеным малацэ, нават ездзілі на каровах!
Малочныя ведзьмы ніколі не насілі з сабой скрадзенае малако. Часам ім было дастаткова ўтыркнуць нож у дрэва, а з яго пачынала цячы малако.
Малочныя ведзьмы пераўтвараліся ў жаб, котак, сабак, ласак, нават курэй і змей. Калі такую «жывёлу» бачылі ў хляве, яе білі крыж-накрыж лазовым прутам. А каб не пацярпець ад малочным ведзьмаў, кароў абавязкова абаранялі: крыжамі, соллю, макам.
Малочныя ведзьмы маглі адабраць малако ў кароў рознымі метадамі. Яны маглі толькі глянуць на вымя каровы ці высмактаць малако, калі ператвараліся ў жывёл. Калі гаспадар быў неасцярожны, то ведзьмы кідалі дзевяць камянёў у ваду і малако «пераходзіла» да ведзьмаў.
Азярніца
Каля вёскі Брусы на Мядзельшчыне ў глыбіні лесу ёсць Чорнае возера. І менавіта там, як казалі мясцовыя, жывуць Азярніцы. Яны не былі звычайнымі русалкамі: Азярніцы выглядалі як маладыя жанчыны з доўгімі зялёнымі валасамі, цёмнай скурай і плаўнікамі замест ног. Замест крыві ў іх была вада, апраналіся яны ў сукенкі з багавіння.
Калі Азярніцы выходзяць на бераг, то між сабой размаўляюць на нейкай птушынай мове. А калі застаюцца пад вадой — спяваюць.
Людзі могуць бачыць Азярніц, але да іх лепш не падыходзяць. Яны любяць зацягваць людзей у багну — і назад яны ўжо не вяртаюцца.
Баламуцень
Баламуцень — вадзяны дзядзька з дзіўнай знешнасцю: галава ў яго як збан, твар азызлы, гусіная скура, тоўсты жывот і тонкія ножкі. Ён халасцяк, але вельмі слабы ад жаночай увагі.
Улетку гэты нячысцік любіць шныраць ля кладак, дзе жанчыны палошчуць бялізну ці купаюцца. Баламуцень можа скінуць жанчыну ў ваду, а калі яна яму спадабаецца, то заганяе яе адзенне на іншы бераг. Жанчына ідзе шукаць бялізну— а Баламуцень насылае на яе чары.
Але не ўсё так страшна: тыя, хто «пабываў» з Баламутнем, вяртаюцца дадому... з дзіўнай здольнасцю. Яны ўжо не могуць патануць, нават калі захочуць.
Гаёўкі глядзяць на Папараць-кветку
Гаёўкі былі прыгожымі дзяўчатамі з лясоў, іх лічылі ўнучкамі Гаюна. Узімку яны пакрытыя густой белай поўсцю, але з надыходам вясны ператвараліся ў звычайных дзяўчат. Гаёўкі любяць жывёл, дапамагаюць параненым птушкам і звярам.
Іх нельга ўбачыць — яны нябачныя для людзей. Гаёўкі часта ўцякаюць з лесу, каб паназіраць за вясковымі танцамі і святамі. Калі спадабаецца нейкая сукенка — могуць ціха адабраць. Аднак Гаюн забараняе гаёўкам выходзіць да людзей, хоць гэта іх не спыняе.
У Купальскую ноч гаёўкі выходзяць з лесу, збіраюць зёлкі і глядзяць, як цвіце Папараць-кветка. І калі нехта з людзей здолее іх высачыць, можа атрымаць шанец убачыць цуд і забраць Папараць-кветку.
Кікімара
Кікімары ці Вешчыцы — гэта душы дзяўчат, якія загінулі яшчэ не хрышчонымі або якіх праклялі маткі яшчэ ў чэраве. Жывуць у хатах, дзе здарылася трагедыя: забойствы дзяцей, праклёны, ці недзе схаванае дзіцячае цела.
Кікімары хаваюцца пад печчу, часам перашкаджаюць — віскам, дзіўнымі гукамі і валтузнёй. Аднак калі маці песціць дзіця, то кікімары зачароўваецца і знікае.
Кікімару можна выратаваць ад праклёну і ператварыць у звычайнага чалавека. Для гэтага трэба злавіць кікімару і выстрыгчы на яе цемені крыж. Тады кікімара стане звычайным чалавекам, але з фізічнымі ці псіхічнымі недахопамі. З часам былая кікімара забывае на сваё мінулае.
Кікімары часам дапамагаюць жанчынам: даробліваюць працу — але няўмела, няроўна. І ўсё ж яны не шкодзяць так, як пра іх часта думаюць: у рускіх і ўкраінцаў у кікімар звычайна адмоўныя рысы.
Лознік
На Віцебшчыне ў кустах лазы жывуць Лознікі. Лознікі з’яўляюцца дробнымі чарцянятамі з зялёнымі целамі, яны вельмі гуллівыя.
Лознікі могуць заблытаць чалавека ў кустах, завесці ў багну, але ўсё гэта робяць як жарт. Робяць гэта Лознікі заўсёды ў кампаніі, ніколі не «палююць» адны, паасобку. Затым, пасля сваёй гульні, яны выводзяць чалавека назад. Але можна не паспець і ахвяру Лознікаў могуць перахапіць больш буйныя і страшныя нячысцікі — Багнікі, Балотнікі ці Вадзінікі.
Самае страшэннае для Лознікаў — гэта асушэнне і знішчэнне лазняку, бо без сваіх кустоў, якіх лічаць домам, яны знікаюць. Цікава, што Лознікаў могуць выпадкова забіваць грамнічныя стрэлы.