З сярэдзіны красавіка ў Беларусі і за яе межамі ў дзяржаўнай сетцы кінатэатраў паказваюць «Спаленыя вёскі» і «Лагеры смерці» — дылогію прапагандысцкіх фільмаў аб ваенных злачынствах Трэцяга Рэйху, здзейсненых падчас акупацыі тэрыторыі Беларусі ў часы Другой сусветнай вайны.
Кадр з фільму «Спаленыя вёскі» / РУП «Беларусьфільм»
Асаблівасцю праекта, знятага на студыі «Летапіс» (дакументальнае падраздзяленне «Беларусьфільма) рэжысёрам ігравога кіно Аляксандрам Анісімавым, стаў поўны кантроль з боку Генпракуратуры.
Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі паглядзеў фільмы і цяпер расказвае на Еўрарадыё, як з дапамогай нацыянальнай траўмы рэжым вырашае свае палітычныя мэты па ўмацаванню ўлады ў краіне. І чаму гэта абясцэньвае трагедыю беларусаў.
Мастацка-ідэалагічны імпэт, якім пасля 2020 году заўважна фантанаваў «Беларусьфільм», роўна праз пяць год раптоўна змялеў.
Кадр з фільму «Лагеры смерці» / РУП «Беларусьфільм»
Інакш не патлумачыць чаму да важнейшай для ўлады падзеі — 80-годдзя з дня Перамогі ў Другой сусветнай вайне — дзяржстудыя так і не змагла прадставіць ніякага значнага праекту.
Была нязграбная спроба выдаць за творчую перамогу вытворчасць расійскіх ваенных драмаў «Каруза» Івана Харацьяна і «У спісах не пазначаны» Сяргея Каратаева, якія часткова здымаліся ў Беларусі. Але ўсё, што зрабіў «Беларусьфільм» там — здаў у арэнду здымачныя пляцоўкі і склад рэквізіту. Супраца, што называецца, на пяць балаў — выдаткаў нуль, адныя прыбыткі і медыйныя лаўры.
З уласнага ж кантэнту дзяржстудыя прадэманстравала толькі так званую «дылогію пра генацыд» — дзве тэматычна звязаныя дакументальна-публіцыстычныя стужкі «Спаленыя вёскі» і «Лагеры смерці», прэм’еры якіх так і не дачакаўся памерлы ў пачатку гэтага года Аляксандр Анісімаў.
Аставім зараз за дужкамі створаны для школьнікаў працяг анімацыйнага альманаха «Мемарыяльныя комплексы Беларусі-2» — яго прэм’ера на агульным фоне ідэалагізаванага святкавання амаль згубілася.
Таму для юбілейнай даты, калі звычайна здымаюцца вялікія ігравыя праекты, атрымаўся адчувальна слабы вынік. А калі пачынаеш глядзець гэтую дылогію, то адразу бачыш відавочнае — гара ў чарговы раз нарадзіла мыш.
Кадр з фільма «Лагеры смерці» / РУП «Беларусьфільм»
Справа ў тым, што гэты праект ад пачатку задумваўся не як самастойны, а хутчэй як відэапрезентацыя працы Генпракуратуры на чале з генпракурорам Андрэем Шведам.
Дзяржведамства вясной 2021 года, у час яшчэ не закатанага ў асфальт грамадства пасля паслявыбарчага крызісу, раптоўна вырашыла завесці крымінальную справу пра генацыд беларускага народу. Не пра факты рэпрэсій 2020 году, а пра ваенныя злачынствы ў часы Другой сусветнай.
Мэта ў сілавікоў была зразумелая — адшукаць «знешняга ворага» (Еўрасаюз і краіны Паўночнай Амерыкі) і прыпісаць да яго усіх незадаволеных рэжымам беларусаў, навесіўшы на іх цэтлік фашыстаў і калабарантаў.
Каб даказаць гэта, пракуроры ператварыліся ў гісторыкаў — пачалі штудзіраваць архівы, праводзіць археалагічныя раскопкі, вынікам чаго стала выданне кнігі «Генацыд беларускага народа».
Выданне было аздоблена красамоўнай вокладкай, дзе выява сучасных пратэстоўцаў аб’ядноўваецца з фотаздымкам жаўнераў Трэцяга рэйху. Усё ў лепшых традыцыях ранняй фільмаграфіі праўладнага прапагандыста Юрыя Азаронка.
Кадр з фільма «Лагеры смерці» / РУП «Беларусьфільм»
«Беларусьфільму» заставалася толькі адшукаць кінамову, каб распавесці, якой фактуры там накапалі генпракуроры. А выявілася, што нічога асабліва новага яны і не накапалі, акрамя ўдакладнёных фактаў пра колькасць знішчаных людзей і вёсак.
Менавіта таму абедзве стужкі зроблены, як пярэсты калаж, у якім львіную долю склала трафейная нацысцкая хроніка часоў акупацыі. А яшчэ матэрыялы савецкіх дакументалістаў, якія заснялі судовыя працэсы над калабарантамі і размовы выжыўшых ахвяр нямецкага тэрору.
Каб звязаць архіўны матэрыял з сучаснасцю, Анісімаў паздымаў сучасныя мемарыяльныя комплексы на месцы спаленых вёсак і канцэнтрацыйных лагераў («Хатынь», «Азарычы», «Шталаг 342» і г.д.), а таксама запісаў каментары генпракурораў, палітычна лаяльных гісторыкаў і нешматлікія сведкаў тых часоў.
Прысутнічаюць і эпізоды з археалагічных раскопак брацкіх магілаў забітых ваенных ахвяр, але іх на ўвесь хранаметраж літаральна дзве-тры.
Ёсць у абодвух фільмах і абавязковая ўзгадка бела-чырвона-белага сцяга, якім карысталіся людзі, што працавалі на акупацыйную адміністрацыю, а таксама эпізод з прамовай Лукашэнкі, які прызывае не забываць злачынствы нацыстаў. Аўтары не ўзгадваюць 2020 год, але ўсяляк спрабуюць на яго намякаць.
Вось і атрымліваецца, што Анісімаў не расказвае практычна нічога новага. У яго скудным наборы — школьны курс гісторыі Беларусі з 7 па 11 клас і шэраг прапагандысцкіх штампаў.
То-бок тое, што беларусы і так добра ведаюць без усялякага «Беларусьфільму» і гістарычных патуг Генпракуратуры. І пра спаленыя вёскі. І пра карныя аперацыі войскаў СС. Пра канцэнтрацыйныя лагеры. І пра план «Ост». І пра жахі нямецкай акупацыі.
Уражвае і абраны стыль, нібы перад намі сапраўднае расследаванне, не пераказ вядомых фактаў. Стваральнікі фільмаў пералічваюць іх з такім апломбам, нібы за апошнія 80 год ніхто да іх пра вайсковыя злачынствы Трэцяга рэйху і не распавядаў.
Як бы разумеючы другаснасць сваёй працы, Анісімаў выходзіць на эксплуатацыйную сцежку — дадае ў аповед ігравыя сцэны расстрэлаў жыхароў гарадоў і спальвання ў сараях сялян.
Усё гэта падмацоўваецца скразной лініяй размовы ўнучкі з дзедам, які распавядае малой усе гэтыя жарсці. Каб да ўсіх дакладна дайшло, што беларускія кінематаграфісты займаюцца важнай справай, а не абы чым па замове Мінкульта.
Кадр з фільма «Лагеры смерці» / РУП «Беларусьфільм»
Бадай адзіная новая рэч, якой могуць пахвастаць стваральнікі стужкі — гэта ідэалагізаваная інтэрпрэтацыя злачынстваў, якія тады адбыліся. Усе героі — ад запрошаных архівістаў, гісторыкаў, пракурораў да закадравага голаса міністра культуры Руслана Чарнецкага — характарызуюць безумоўную трагедыю як генацыд беларусаў.
Праблема толькі ў тым, што Нюрнбергскі працэс 1945-1949 гадоў прызнаў генацыдам палітыку знішчэння габрэяў, а смерці іншых жыхароў СССР толькі як злачынствы вайсковыя і супраць чалавечнасці.
Гэта сапраўды спрэчны момант, калі абапірацца на сутнасць плану «Ост», які прадугледжваў масавыя перасяленні, забойствы і каланізацыю мясцовага насельніцтва, але разбірацца ў ім павінны зараз гісторыкі, а дакладна не Генпракуратура.
Тады б жаданне рэжыму назваць акупацыйную палітыку немцаў генацыдам магло вызваць як мінімум паразуменне. Вось толькі настойлівасць дамагчыся гэтага праз дзяржаўныя інструменты абумоўлена не імкненнем да гістарычнай праўды.
Кадр з фільма «Спаленыя вёскі» / РУП «Беларусьфільм»
Улада нахабна карыстаецца нацыянальнай траўмай, каб апраўдаць масавыя рэпрэсіі супраць беларусаў і абазваць усіх, хто не пагаджаецца з іх метадамі ўтрымання кантролю над Беларуссю, фашыстамі.
Іранічна тут і тое, што лукашызм сучаснага ўзору няшмат у чым адрозніваецца ад класічнага італьянскага фашызму эпохі Беніта Мусаліні. Толькі ў нашым выпадку перавага прызнаецца не беларусаў, а расіян. Але пра гэта «Беларусьфільм» кіно калі і здыме, то дакладна не пры сённяшняй уладзе.