У беларускім фальклоры шмат песень пра мора. Прыблізна з той жа ступенню эпічнасці і адпаведнасці рэчаіснасці складзены мапы ВКЛ, якія малююць непадзельную сучасную Літву на піку тэрытарыяльнага пашырэння — на канцы панавання Вітаўта — ад Балтыкі да Чорнага мора. Гэта вільготныя і салёныя мары ці тое ад марской вады, ці тое ад слёз «аб страчанай велічы» гісторыкаў і палітыкаў-нацыятворцаў ХХ ст. Адкуль узяліся мары аб Міжмор’і і ці былі для іх нейкія падставы ў рэчаіснасці? Спрабуем разабрацца.
Мапа ВКЛ
Узровень шчыльнасці кантактаў і пранікнення ўлады ў жыццё людзей у Сярэднявеччы былі не тое што зараз, сяляне падаткі звозілі раз у год, добра калі заязджалі ў горад на ярмарку, а пра князя і памер яго ўладанняў ведаць не ведалі. Інфармацыяй пра колькасць дзён у дарозе валодалі мяшчане і шляхта, але да XVII ст. не існавала якасных карт, ды і попісы — рэвізіі да Боны Сфорцы не праводзіліся. А значыць — карцінкі ў галаве, нават каранаванай, у каго больш зямлі, у каго менш. Бачна было, дзе больш людзей жыве і дзе яны багацей. Палачане дакладна перасталі хадзіць за Варажскае мора пасля заснавання Рыгі, ды і даходзілі яны датуль толькі па нейкіх пагадненнях з латгаламі і варагамі, а жамойты паступова засяліліся на ўзбярэжжа да Куршскай касы толькі пасля Грунвальда. Што мы, што літоўцы гістарычна мелі толькі рачны флот, традыцыі якога задушыла наша галеча і чыгунка ў пачатку ХХ ст. Што да поўдня ВКЛ — украінскага стэпу, які нібыта падараваў Вітаўту хан Улу Махамед, думаю, пастухі, якія там качавалі, надта б здзівіліся, што яны забяспечваюць выхад да мора.
Мы зараз бачым карты і глобусы, якіх не бачылі і ў карцінках якіх не думалі ўладары мінулага. Тым больш няма сэнсу прыпісваць ім матывацыі з нашай сучаснасці. Калі б хто-небудзь сказаў Вітаўту, ці якому з Жыгімонтаў, што яго інтарэсы супадаюць з інтарэсамі купцоў і сялян, больш за тое, яны з імі аднаго народа, і што не асабістая «крыўда», «гонар», «маястат гаспадара», пашырэнне межаў ці абарона «славы продкаў» князя і ўсіх яго «паноў-браці рыцарскага стану» могуць быць прычынай вайны з суседзямі, такога небараку высеклі б на псарні.
Сігізмунд ІІ Аўгуст
Як адзін з поглядаў на рэчаіснасць становіцца фактам гісторыі
Розныя грамадствы на розных стадыях развіцця маюць розныя рэсурсы — «лідараў меркавання» і кіроўныя групы. Яны фармулююць і рэалізуюць мэты як задачы для большасці, а потым запісваюць вынікі «перамог» у кнігі. Так толькі адзін з поглядаў на рэчаіснасць становіцца фактам гісторыі.
Фармальна афіцыйныя лічбы і версіі маюць вырашальную вагу як крыніца пры стварэнні гістарычных тэкстаў, а цяпер уявіце, ці слушна было б апісваць сітуацыю, сыходзячы з карцінкі, намаляванай для пацехі нейкага дыктатара, у прапагандысцкіх смі, рапартах яго мус, ці сфабрыкаванай сацыялогіі?
Калі кажуць, што ў продкаў беларусаў не было суб’ектнасці ці рэалізацыі іх інтарэсаў, трэба разумець, што гэта наступствы каланіяльнай траўмы і адукацыі.
Падначаленым народам ва ўсім свеце каланізатары, як хатнія гвалтаўнікі сваім ахвярам, казалі, што тыя дурнейшыя і іх жыццё менш вартае, горшае за нейкае іншае. І нейкім цудам аказвалася, што «вялікім» трэба лічыць жыццё і мэты гвалтаўніка. Зразумела, што калі архівы і мазгавыя цэнтры скораных або знішчаліся, або звозіліся ў метраполію, фармавалася карціна свету, дзе часовая, на нейкім этапе атрыманая перамога агрэсара абвяшчалася заканамернай і канечнай, а аднойчы скораныя не ведалі ўласнай гісторыі, не бачылі перспектыў і былі вымушаны глядзець на сябе вачыма прыгнятальнікаў і радавацца, што іх кормяць і рэдка б’юць. Індусы і ірландцы доўга глядзелі на сябе і мэты свайго існавання вачыма англічан, украінцы і мы — расійскімі. Для псіхалагічнай упэўненасці — трэба ведаць прэцэндэнты.
Давайце глянем на нашу гісторыю ў часы, калі сістэмнага прыгнёту яшчэ не было.
Знешняя экспансія ВКЛ
Проста гледзячы падручнік можна заўважыць, да катастрофы Патопа 1648-1667 г. ВКЛ праводзіла актыўную знешнюю экспансію.
Пры Гедыміне, Альгердзе і Вітаўце нашыя продкі палілі Варшаву, Берлін і здымалі даніну з Масквы, узялі столькі зямлі на ўсход і поўдзень, што нават страту чвэрці з іх у няўдалых войнах з Масквой пачатку XVI ст., можна разглядаць як аптымізацыю. Ехаць з Вільні да Мажайска было прыблізна столькі ж, колькі да Кракава, але навошта. Літоўская палітычная міфалогія любіць называць гэты перыяд «літоўскай імперыяй», але прынамсі на большасці беларускіх земляў ВКЛ стваралася не столькі заваёвамі, колькі шлюбамі і дамовамі. Тады дзяржаўную структуру, сферу ўлады стваралі не народы (яны і зараз завялікія і аморфна звязаныя), а кіроўныя сем’і.
Менавіта пашырэнне дзяржавы праз сямейныя сувязі у Сярэднявеччы было найбольш аптымальным спосабам, прынамсі фармальна сваякі не павінны былі адно аднаго рэзаць.
Ягайла хрысціўся ва Уладзіслава, і хаця Ядвіга Люксембурская не дала нашчадка, літоўская княская дынастыя паглынула Малапольшчу, стала каралеўскай, а палякі змаглі вырваць большую частку сваёй тэрыторыі ад немцаў і не паўтарылі лёс палабскіх славян.
Можа, палякі і артыкулявалі свае антынямецкія настроі, але Ягелоны, адназначна праводзячы «праславянскую» палітыку, не факусаваліся на нацыянальнасцях, мове, як тое рабілі нацыяналісты ХІХ ст. Яны рабілі тое, у чым бачылі практычную выгоду дзеля свайго роду. Ягелоны пайшлі на паўднёвы захад ад Літвы, падбіраючы спадчыну Люксембургаў, і ў Польшчу — Пястаў. Так-так, менавіта Ягелоны аб’ядналі Польшчу ў 1526 г., калі праз год пасля таго паглынулі рэшту Прусіі разам з Караляўцом, неяк раптам памерлі два мазавецкія князі — Пясты, і пад уладу Жыгімонта Старога прыйшла Мазовія з Варшавай. Больш за тое, у 1561 г. Лівонія аб’явіла аб падначаленні і ўваходжанні ў склад ВКЛ.
То-бок крыжацкая агрэсія нашымі продкамі была не проста спыненая — нямецкая дзяржаўнасць знікла на ўсходзе Еўропы.
«Ягелонская ідэя» і мары аб Міжмор’і
Аднак ці існавала нейкая «Ягелонская ідэя», як аб гэтым пісалі ў сярэдзіне ХХ ст. Оскар Халецкі і Ежы Гедройц? Ці бачылі Гедымінавічы ў сваіх марах Міжмор’е — федэрацыю народаў Цэнтральнай Еўропы ад Балтыкі да Адрыятыкі і Чорнага мора? Польскую цывілізацыю супраць Немцаў і Масквы? Ці была іх дынастычная унія аб’яднаннем народаў? Моцна сумняюся.
Халецкі, Гедройц, як і шматлікія прадстаўнікі міжваеннай польскай эліты, на чале з самім Пілсудскім, паходзілі з беларускай каталіцкай шляхты, пераносілі палітычныя задачы сваёй эпохі і легітымізацыі свайго панавання ў Польшчы ў мінулае. Як паморскія Грыфічы і Ольдэнбургі на Поўначы, Ягелоны і Габсбургі ў Цэнтры Еўропы падбіралі тыя кароны, што маглі. Пакуль мясцовыя эліты рабілі на іх стаўку.
На канец эпохі Ягелонаў яны валодалі самай вялікай па тэрыторыі уніяй Еўрапейскага кантынента і падначалілі сабе спрадвечных ворагаў — балтыйскіх немцаў.
Казімір Ягайлавіч і яго нашчадкі прамаргалі ўзвышэнне Масквы, пакуль спрабавалі апанаваць Цэнтральную Еўропу і зрабіцца каралямі Чэхіі і Венгрыі. Для нас важна, што яны жылі недзе ў далёкім Кракаве, пераймалі мясцовую культуру і інтарэсы, але ўнутры ВКЛ адбылася іншая кардынальная змена.
Хаця спробы палацавых пераваротаў у Вільні Ягелоны паспяхова падаўлялі, але за гэты час роды, якія выводзілі сябе з князеў (Рурыкавічаў і Гедымінавічаў) і з прыдворных баяр (Гаштольды, Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), нарасцілі сацыяльны капітал, сфармавалі дамы і рэальна апанавалі ВКЛ. Хаця на дзяржаўныя пасады іх прызначаў кароль, але, калі некалькі пакаленняў роду запар станавіліся гетманамі ці канцлерамі, у іх сем’ях назапашваліся сувязі, а ў іх замках захоўваліся арсеналы і архівы на ўсю дзяржаву. Таму нічога дзіўнага, што яны адчулі сябе гаспадарамі над цэлымі рэгіёнамі і сферамі жыцця грамадства — сталі магнатамі. Як рыцары ў шматлікіх пакаленнях, яны не ганьбілі сябе гандлем. Яны наймалі гандляроў і перавозчыкаў, каб збываць па Дзвіне і Немане ў Рызе і Караляўцы немцам тавары са сваіх родавых маёнткаў і арэндаў: Нясвіжа і Біржаў (Радзівілы), Чарэі, Ружанаў, Магілёва (Сапегі), Быхава, Рагачова і Шклова (Хадкевічы).
Пасля Люблінскай уніі і згасання Ягелонаў у 1572 г. магнаты захавалі і ўзмацнілі свае пазіцыі ў палітычным і эканамічным жыцці Рэчы Паспалітай. Суверэнітэт дынастыі стаў суверэнітэтам высакароднай шляхецкай карпарацыі. Дзяржава стала ўласнасцю грамадзян — рэччу паспольства.
Панаванне на моры — знешнепалітычная мэта апошняга Ягелона
Пастаяннай знешнепалітычнай мэтай, якую дэкларавала шляхта на працягу ўсёй нашай гісторыі, была абарона межаў і вяртанне страчаных земляў. Стратэгічная абарона спрадвеку палягае ў ліквідацыі пагрозы на стадыі яе фармавання і, пажадана, на чужой тэрыторыі. Дзеля «законных» прэтэнзій да суседзяў палітыкі заўсёды прыдумвалі казкі кшталту геапалітыкі, «трэцяга Рыму». У нашым выпадку, назіраючы за пастаяннымі дацка-шведскімі войнамі і прэтэнзіямі Масквы апошні Ягелон — Жыгімонт Аўгуст у 1563 г. абвесціў мэтай сваёй знешняй палітыкі Dominium Maris Baltici — панаванне на моры — ператварэнне Балтыйскага мора ва «ўнутранае возера» для сваёй дзяржавы. Статус «гаспадара на моры» тады дазваляў за ахову ад піратаў браць падаткі з гандляроў.
Адкуль узнікла «Балтыйскае пытанне»
Праблемай гэтай візіі было тое, што а ні ВКЛ, а ні Карона ніколі ня мелі ўласнага ваеннага марскога флоту. Караблі, якія былі ў Гданьска, Караляўца, Рыгі, прускага ці курлянскага герцага, належалі ім, а не каралю і дзяржаве Рэч Паспалітая. Гаспадаром на Балтыцы з часоў Сярэднявечча была Данія. Паколькі датчане і іншыя германцы называлі гэта мора Усходнім, маскоўцы — Варажскім, а Балтыкай у той час яго называлі толькі літоўцы, можна казаць аб тым, што ідэя Dominium Maris Baltici нарадзілася ў галаве з нашых мясцін. Шведы і галандцы пачнуць ужываць гэты тэрмін як абгрунтаванне сваіх рэгіянальных прэтэнзій толькі з 1614 г., а ў расійскіх імперыялістаў ХІХ ст. яно трансфармуецца ў «Балтыйскае пытанне» і абгрунтаванне захопніцкіх войнаў спробай прабіць акно ў Еўропу. Больш за тое, калі каралём Польшчы ў 1587 годзе абіралі Жыгімонта Вазу, спадчыннага прынца Швецыі, адным з аргументаў было тое, што ен далучыць да уніі Польскай Кароны і ВКЛ Швецыю і Фінляндыю і такім чынам рэалізуе Dominium Maris Baltici. Існаванне «пытання» ў палітычнай павестцы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў сведчыць аб мэтанакіраванасці дзеянняў палітычнай эліты ВКЛ.
Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., партрэт Жыгімонта Вазы. Крыніца: Вікіпедыя
Рэч Паспалітая — лепшая краіна свету
У вачах нашых продкаў Рэч Паспалітая была лепшай краінай свету, да якой суседзі павінны былі з радасцю далучацца, як мінімум, таму, што правы і свабоды народа розных станаў тут гарантаваў закон. Лепей гарантаваў, чым французкім гугенотам, не кажучы аб маскоўскіх халопах.
Калі ў 1600 годзе Леў Сапега веў перамовы аб працягу міру ў Маскве, ён на блакітным воку прапанаваў як таксама народу «адной мовы» — мясцовым баярам далучэнне да нашай Рэспублікі, дзе законы іх абароняць ад царскага сваволля. Праз некалькі гадоў «самы авантурны» (па меркаванні расійскай імперскай гістарыяграфіі) з каралёў Рэчы Паспалітай Жыгімонт Ваза адкрыта назваў сітуацыю ў Маскве 1606-1618 гг. «нашай Вест-Індыяй», а як прычыну інтэрвенцыі ў Маскоўскую дзяржаву ў 1609 г., абвесціў мясцовым баярам, што ідзе ўзнаўляць дзеянне законаў і права на іх тэрыторыі. Таму Уладзіслаў Ваза стаў маскоўскім царом і жаўнеры ўсіх народаў Рэчы Паспалітай размясціліся на два гады разам з войскамі маскоўскай арыстакратыі ў Крамлі.
Характэрна, што Жыгімонт Ваза нідзе і ніколі не гаворыць аб сваей «імперыі». Як і ў Рымскіх узорах, імператарам падчас трыумфу назвалі палкаводца — Яна Караля Хадкевіча, але не караля. Мабыць, таму, што Жыгімонт Ваза перажыў рокаш, калі шляхта абвінаваціла яго ў спробе стварэння тыраніі, а ў 1620 г. фанатык спрабаваў пырнуць яго нажом, як калісьці Брут першага імператара.
Ян Караль Хадкевіч — вайсковы і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Карціна Леона Капліньскага. Крыніца: Вікіпедыя
Называць кіраўніцтва нашай дзяржавы неяк іначай, чым «гаспадар» ці «кароль і вялікі князь», было палітычна небяспечна, а таму гэтага ў крыніцах і панегірыках амаль няма. Імперыяй для сучаснікаў ВКЛ была колішняя Рымская і Святая Рымская імперыя германскай нацыі. Маскоўскіх вялікіх князёў дыпламатыя ВКЛ, спасылаючыся на «даўніну», не называла і не прызнавала а ні «кесарамі», а ні «цесарамі» — а ні «царамі». Бо гэта было нахабнае самазванства маргінальнай бакавой галіны Рурыкавічаў. Тым больш, што, у адрозненне ад Гедымінавічаў і Уладзіслава Вазы, у чыіх жылах намяшалася кроў большасці каралеўскіх дынастый Еўропы, а ні Гадуновы, а ні Раманавы не былі нават Рурыкавічамі і ніякіх правоў на іх трон па праве нараджэння і Божай волі не мелі.
Да чаго ўсе гэтыя гісторыі?
Да таго, што трэба ведаць сваё, якое было раней за чужое. Хто першы, той лепшы. Не зямля і не мора фармуюць інтарэсы чалавека, а людзі прыстасоўваюцца і ператвараюць натуральны асяродак.
Кепская навіна — пасля таго, як нашыя каралі перасталі фармуляваць уласныя інтарэсы на Усходзе і дзёргаць за бараду суседзяў, тыя дадзяўбалі іх дзяржаву і расцягнулі рэсурсы, на пару стагоддзяў зрабіўшы нас калоніяй.
Добрая навіна — эпоха каланіяльных імперый скончылася. Трэба расплюшваць вочы і глядзець на свет сваімі, а не чужымі інтарэсамі. Спачатку балюча, а потым прывыкаеш, і становіцца зразумела, што да чаго. У рэчаіснасці жорсткія і аб’ектыўныя санітары: эканоміка, культура, дэмаграфія. Над сілай пануюць розум і час.
P. S. На небе толькі і размоваў, што аб моры... Але трапляць на аблокі з-за жаданняў нейкіх хворых на галаву кабінетных карузлікаў «стаць царыцаю марскою», імператарам Усясвету і запісацць сваё імя ў гісторыю як «звышлюдзей» — не наш метад.
І, Budzma.org