Алесь Тодараў распавядае на budzma.org пра тое, як эфектыўна перадолець апатыю, калі яна пачынае браць верх па жыцці.
Цяпер, у сітуацыі, калі свет увайшоў у стадыю турбулентнасці, а ў суседняй краіне адбываецца самая сапраўдная вайна, многія беларусы і беларускі адчуваюць стан апатыі, фрустрацыі і самай сапраўднай дэпрэсіі. Разумеючы, што ніякім чынам не могуць спыніць гэты гвалт. У многіх, пэўна, з’яўляюцца нават суіцыдальныя думкі, што ўжо само па сабе з’яўляецца трывожным званочкам.
Як чалавек абазнаны, скажу: змагацца з уласнай дэпрэсіяй куды складаней, чым з чужой. Тут, як на футбольным матчы: ты стаіш на трыбуне, назіраеш за гульцамі і выкрыкваеш або праклёны, калі яны прайграюць, або словы падтрымкі. Пры гэтым сам на поле не выходзіш, а толькі спасцігаеш. І тым не менш, мне ёсць чым падзяліцца.
Найперш варта адзначыць, што многім вельмі цяжка прызнацца ў наяўнасці праблемы. Некаторыя не могуць нават самому сабе сказаць, што праблема ёсць. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб разумець, што яшчэ пасля кавіду пачаліся праблемы псіхалагічнага і ментальнага характару. А следам за ім, як вы памятаеце, было ўсё тое, што працягваецца зараз. Перажываючы змрочныя часы, многія губляюць цікавасць і робяцца абыякавымі да жыцця.
Апатыя — рэч малапрыемная, але разам з тым, яе можна перамагчы. І калі вы заўважаеце ў сабе першыя яе прызнакі, то не варта зацягваць да дэпрэсіі. Спрабуйце яе перамагчы ўжо сёння.
Каб не было апатыі ні ў якім разе нельга:
Пэўна, не будзе навіной сцвярджэнне, што алкаголь — гэта вельмі моцны дэпрэсант. Адпаведна ўжываючы яго ў вялікіх колькасцях вы ніякім чынам не вырашыце сваіх праблемаў. Хіба што ўцякаеце ад іх на некаторы час. Аднак яны нікуды не падзенуцца, іх стане толькі болей.
Тое самае, што і з алкаголем. Празмерная самота яшчэ нікому не прыносіла шчасця. У жыцці павінна быць усё. Вядома, што ў цёмныя часы няма асаблівай нагоды для радасці. Але ж гэта не азначае, што трэба толькі гараваць.
Людзі, якія перажываюць апатыю, часцяком могуць цэлымі днямі проста ляжаць увесь свой вольны час. Сумнеўны падыход, бо ён, як і папярэднія два, не пазбавіць вас ад наяўных праблемаў. Вы проста «пралёжваеце» сваё жыццё, пазбягаючы хаця б нейкіх мінімальных цяжкасцяў.
Не варта заставацца сам-насам са сваімі праблемамі. У гэтым свеце абавязкова знойдуцца людзі, якія будуць гатовыя выслухаць вас, а следам і дапамагчы вырашыць праблемы. Невырашальных сітуацый не бывае!
Калі вам хочацца выказацца напоўніцу, то не трэба трымаць у сабе ўсё тое, што накіпела. Выгаварыцеся, напішыце адпаведны допіс у дзённік, або складзіце «неадпраўлены» ліст. У любым разе, паспрабуйце пазбавіцца ад усяго таго негатыву, які разрывае вас знутры.
Заставайцеся адкрытым чалавекам. Калі вам здаецца, што пра вас усе забыліся, то не заганяйцеся моцна з гэтай прычыны, а праявіце ініцыятыву першым. Бо цалкам магчыма, што блізкія вам людзі проста не ведаюць пра ваш стан і занятыя сваім жыццём.
Нават калі ў вас і няма нейкіх асаблівых мэтаў, прайдзіцеся гарадскімі вуліцамі, зайдзіце ў кавярню, наведайце гандлёвы цэнтр. Шпацыраваць лепей за ўсё перад працай або пасля яе. У ідэале — перад сном. Калі магчымасць дазваляе, то хадзіце ў свой офіс пешкі.
За часы існавання чалавецтва было напісана мноства твораў, якія не пакінуць вас у самоце. Звярніцеся да класікі або прачытайце нешта з нашых сучаснікаў. У любым разе шукайце кнігі са шчаслівым фіналам і пазітыўнымі ідэямі. Гэта настроіць вас на адпаведны лад думак.
Згадайце, што вам падабалася ў дзяцінстве, у падлеткавыя гады, а можа быць, у студэнцтве. Падабалася, а потым вы закінулі, бо не было часу. Магчым, цяпер акурат той момант, калі варта вярнуцца да свайго ранейшага захаплення?
Фізічная актыўнасць ідзе на карысць любому чалавеку ў любым узросце. Гэта аксіёма! Таму выберыце тое, што вам больш пасуе, і наперад да новых вяршыняў!
Калі вы адчуваеце, што праблема вельмі глыбока сядзіць, хутчэй за ўсё вы не зможаце адолець яе самастойна, і спатрэбіцца дапамога. У такім разе лепей запісацца на прыём да спецыяліста. У любым выпадку наведаць адмыслоўца ніколі не будзе лішнім.
Такі занятак адназначна прынясе вам станоўчыя эмоцыі. Згадайце, якія стужкі вам падабаліся раней, звярніцеся да іх. Падумайце пра тое, што з музыкі вам імпанавала раней, а што вярэдзіць душу цяпер.
Любому чалавеку цяжка жыць без прыгожага. Паспрабуйце адшукаць нешта для сябе. І насамрэч гэта не істотна, што вас натхняе — класічнае мастацтва, авангард або нешта з сучаснага. Галоўнае, каб яно выклікала ў вас добры настрой і настройвала на пазітыў.
Нават калі вы жывеце ў невялічкім населеным пункце, у ім абавязкова будуць тыя месцы, дзе вы ніколі не былі. Прайдзіцеся, паглядзіце, зацікаўцеся.
Ніколі не позна адкрыць для сябе нешта такое, аб чым раней вы нават і не задумваліся. Свет на тым і стаіць, а рухаюць яго тыя, хто ўмее ламаць стэрэатыпы.
І памятайце, што падыход «мне няма чаго губляць» можа быць вельмі выйгрышным, але толькі ў тым выпадку, калі ён здольны «ажывіць» вас. То бок калі ён падкрэслівае вашую рашучасць. Ва ўсіх жа іншых выпадках такі падыход можа толькі нашкодзіць. Прычым непапраўна!
Не варта рабіць выгляд, што праблемы няма, калі яна відавочна ёсць. Бо гэта ўваход у яшчэ большую псіхалагічную прорву — следам за апатыяй немінуча прыйдзе і самая сапраўдная дэпрэсія. Зрабіце ўсё магчымае, каб гэтага не было.
Поспехаў!
Чытайце яшчэ:
Эмацыйная гігіена: як застацца здаровым
Алесь Тодараў, budzma.org