Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні збірае базу беларускіх арганізацый, якія можна падтрымаць праз механізм пералічэння 1,2 % або 1,5 % падаходнага падатку за 2025 год.

У базу ўвойдуць беларускія ініцыятывы, зарэгістраваныя ў Польшчы і Літве, якія працуюць у інтарэсах беларускай супольнасці. Мы хочам сабраць у адным месцы праекты з розных сфер — ад адукацыі і культуры да журналістыкі, сацыяльнай падтрымкі і экалагічных ініцыятываў.
Механізм пералічэння 1,2 % (у Літве) або 1,5 % (у Польшчы) падаходнага падатку — гэта рэальны і надзейны спосаб фінансавай падтрымкі беларускіх ініцыятываў сіламі самой супольнасці. Гэта не дадатковы падатак: гаворка ідзе пра грошы, якія вы ўжо выплачваеце дзяржаве, але замест таго, каб застацца ў бюджэце, яны могуць пайсці на развіццё беларускіх праектаў.
Мы запрашаем беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія маюць права ўдзельнічаць у такім механізме, падаць свае дадзеныя для ўключэння ў базу праз адпаведную форму рэгістрацыі, нават калі вы запаўнялі яе ў мінулым годзе.
Калі ласка, запаўняйце форму ўважліва і строга па інструкцыі — гэта важна для праверкі і далейшай працы з базай.
Кожная ініцыятыва сама вырашае, на што пойдуць сродкі: на падтрымку асноўнай дзейнасці арганізацый (арэнду памяшканняў, арганізацыйныя выдаткі) або на запуск новых праектаў — правядзенне фестываляў і выстаў, журналісцкія расследаванні, летнія лагеры для дзяцей палітвязняў, а таксама мерапрыемствы і падтрымку беларусаў у Польшчы і Літве.
Усе арганізацыі, уключаныя ў базу, будуць праходзіць верыфікацыю. Гэта гарантуе, што пералік сродкаў будзе бяспечным і мэтавым. Падтрымку можна аказваць ананімна.
Гэта звычайная еўрапейская практыка, якой беларуская супольнасць можа карыстацца ўжо цяпер. Яна пра салідарнасць, адказнасць і практычны крок да той мадэлі падтрымкі грамадзянскай супольнасці, якую мы хацелі б бачыць у Беларусі будучыні.
Падаць дадзеныя можна па спасылцы.