Для адных Беларусь — гэта бульба і чысціня на вуліцах, для іншых — аўтарытарны рэжым, пратэсты і турмы. Мы запыталіся ў маладых людзей з шасці краін, што яны ведаюць пра Беларусь і якія вобразы ўзнікаюць у іх першымі, калі яны чуюць назву нашай краіны.

Калі я чую слова «Беларусь», першае, што мне прыходзіць у галаву, — гэта памідоры. Не, не памідоры, а бульба. Беларусь у мяне асацыюецца з бульбай, таму што ў вас яе шмат. Я, на жаль, ніколі не быў у Беларусі, але я ведаю беларусаў — яны цёплыя, прыемныя ў зносінах, гатовыя дапамагчы, вясёлыя, прастадушныя. Я добра да беларусаў стаўлюся.
Яшчэ Беларусь у мяне асацыюецца з чысцінёй — менавіта на вуліцах. Я чуў, што Мінск — адзін з самых чыстых гарадоў у свеце, што там ёсць метро і яно чыстае і прыгожае.
Мне здаецца, Беларусь ментальна знаходзіцца недзе пасярэдзіне паміж Захадам і Усходам, бо мае элементы культуры і Захаду, і Усходу. Але пры гэтым яна выбірае захоўваць старыя ўстоі жыцця і лічыцца ўжо досыць даўно краінай, закрытай да зменаў.
Калі казаць пра адрозненні ці падабенствы, беларусы ад малдаван адрозніваюцца хаця б знешнасцю: у вас людзі больш светлыя, валасы ў іх не такія чорныя, як у нас. А па ўнутраных якасцях, мне здаецца, гасціннасць — гэта рыса, якая нас аб’ядноўвае: і малдаване, і беларусы — вельмі гасцінныя людзі. Я лічу, што нам трэба будаваць доўгатэрміновыя адносіны з Беларуссю.
Першае, што мне прыходзіць у галаву, калі я чую «Беларусь»...
Я хацела б сказаць — прыгожыя паясы і цудоўная культура, але першае, што ўсё ж прыходзіць, — гэта, на жаль, аўтарытарны рэжым.
А ўжо пасля я скажу — Святлана Алексіевіч. Гэта мая любімая пісьменніца, і яна з Беларусі.
Яна піша дакументальную прозу, і мне падабаецца, як яна тлумачыць Другую сусветную вайну, Чарнобыль і іншыя складаныя тэмы.
Я таксама ведаю пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і пратэсты 2020 года. У вас адзін прэзідэнт больш за 30 гадоў пры ўладзе, і яшчэ я ведаю пра Святлану Ціханоўскую — як яна змагалася, як людзі змагаліся і што частка з іх зараз у турмах.
Я больш ведаў маю пра палітыку, але калі казаць пра культуру, Беларусь — гэта незалежная краіна з глыбокай традыцыяй. Я маю ўяўленне пра дываны і паясы, якія ствараліся беларусамі ў мінулым, пра прыгожыя нацыянальныя строі і цудоўную спадчыну.
Нас з беларусамі шмат што адрознівае — культура і мова, яны, вядома, розныя. Але я бачу больш падабенстваў паміж намі, чым розніцы. І Грузія, і Беларусь знаходзяцца пад прэсінгам Расіі, у нас агульнае савецкае мінулае.
Калі я гляджу на Беларусь, я часам баюся, што ў будучыні ў Грузіі можа здарыцца падобная сітуацыя. Я бачу людзей у эміграцыі, людзей у турмах, людзей, якія больш не маюць права пратэставаць, 30 гадоў рэжыму — і гэта страшна. Я гляджу і баюся, бо праз 10 гадоў гэта можа быць Грузія.
Першае, што прыходзіць мне ў галаву, калі я чую «Беларусь», — гэта нічога. Калі быць шчырай, я ведала толькі пра тое, што існуе такая краіна, як Беларусь, але больш нічога пра яе не ведала.
Я не ведаю людзей з Беларусі. Думаю, як людзі мы, безумоўна, падобныя, але розніца таксама ёсць. Напрыклад, мы — міжземнаморскія людзі — мы гучныя, а беларусы, мне здаецца, спакойныя, ціхія. На маю думку, беларусы больш падобныя да літоўцаў, палякаў або ўкраінцаў.
Першае, што прыходзіць мне ў галаву, калі я чую «Беларусь», — гэта беларускі сцяг. Я ўяўляю зялёны і чырвоны колеры і арнамент з левага боку. Я чуў пра Беларусь і раней, у тым ліку пра прэзідэнта Лукашэнку.
Я таксама памятаю, што ў 2014 годзе глядзеў «Еўрабачанне», і памятаю песню «Cheesecake», якую спяваў беларускі выканаўца. Мне вельмі спадабалася тая песня, і гэта адзінае, што я памятаю пра Беларусь.
Калі казаць пра тое, як я ўспрымаю Беларусь, для мяне яна больш усходняя краіна, чым заходняя, у тым ліку з-за геаграфічнага становішча і блізкіх адносін з Расіяй. Я ніколі не сустракаў беларусаў, але думаю, што яны добрыя.
Мяркую, нас аб’ядноўвае постсавецкі досвед, хаця культура, безумоўна, адрозніваецца.
Дэлія, 18 гадоў, Румынія

Першае, што прыходзіць мне ў галаву, калі я чую «Беларусь», — гэта камунізм. Мне калісьці так патлумачылі, што нават калі ў Беларусі кажуць пра дэмакратыю, на самай справе там усё роўна камуністычны рэжым.
Я сустракала беларусаў і магу сказаць, што яны вельмі разумныя і добразычлівыя. На маю думку, у нас шмат агульнага — умовы, у якіх мы раслі і выхоўваліся. Румынія таксама калісьці была камуністычнай краінай, і ў гэтым мы з Беларуссю падобныя.
Румынія стала дэмакратычнай толькі ў 1989 годзе. Да гэтага ў нас існавала, калі можна так сказаць, «схаванае» грамадства: людзі сустракаліся таемна, каб змагацца з сістэмай.
Людзям таксама не дазвалялася наведваць цэрквы, многіх збівалі і саджалі за краты толькі за тое, што яны былі вернікамі. Інтэлігенцыя таксама вынішчалася. Думаю, беларусы маюць падобную гістарычную памяць.
Першае, што прыходзіць мне ў галаву, калі я чую «Беларусь», — гэта Лукашэнка і палітычныя праблемы. Гэта першая асацыяцыя.
Я сустрэў нямала беларусаў, але не магу сказаць, што добра ведаю Беларусь. Мне здаецца, беларуская культура падобная да польскай — асабліва сямейныя традыцыі. Я люблю мастацтва, і тое, што я бачу на малюнках з польскай вёскі, падаецца мне падобным і да беларускай. І мне гэта падабаецца.
Наста Пабягунская, Budzma.org