22 сакавіка 1864 года ў Вільні на пляцы Лукішкі быў павешаны кіраўнік паўстання 1863 — 1864 гадоў на беларуска-літоўскіх землях Канстанцін Каліноўскі. З гэтай нагоды Budzma.org распавядае пра апошнія месяцы жыцця нацыянальнага героя Беларусі.
Калі паўстанне пачало згасаць
Напрыканцы лета 1863 года стала зразумела, што паўстанне згасае і хутка будзе задушана, шмат хто з кіраўнікоў паўстання быў затрыманы, забіты або ўцёк за мяжу. Каліноўскі ж адмовіўся эміграваць і вырашыў да апошняга заставацца на Радзіме, жывучы спадзевам на новую хвалю паўстання. Дзеля гэтага ў кастрычніку 1863 года ён перабраўся ў Вільню.
Там Канстанцін часта наведваў дом свайго сябра Іосіфа Яманта, які меў дзвюх сясцёр. Адна з іх, Марыя Ямант, таксама была ўдзельніцай паўстання ў складзе Жаночага камітэта. Марыя Ямант і была той сама «чэрнабрэвай Марыськай» з «Лістоў з-пад шыбеніцы».
Канстанцін тайна пасяліўся ў Свентаянскіх мурах. У пачатку снежня 1863 года, каб перачакаць паліцэйскую аблаву, яму давялося ўсю ноч хавацца на даху будынка. Ён часта мяняў псеўданімы, але высокі ўзровень канспірацыі не ўратаваў яго ад здрады. Яго псеўданім Ігнат Вітажэнец і прыкладнае месца жыхарства выдаў жандармам здраднік — сябра мінскай паўстанцкай арганізацыі Вітольд Парфіяновіч. а сакральны паўстанцкі пароль, які ён даў здрадніку Парфіяновічу быў «Каго любіш? Люблю Беларусь! Так узаемна!». «Дзякуючы» гэтай здрадзе сёння мы ведаем гэты пароль, з якога можна зразумець, за што змагаўся Каліноўскі і яго паплечнікі — Беларусь.
Каліноўскага затрымлівалі дзве роты жаўнераў
З-за спешкі знайсці прозвішча Вітажэнца ў дамовых кнігах і ўдакладніць яго адрас жандармам не ўдалося. Затрымліваць кіраўніка паўстання выслалі дзве роты салдат. Яны ачапілі ўвесь Свентаянскі квартал. Распачаўся планамерны вобшук памяшканняў. Калі пагрукалі ў дзверы найманай Канстанцінам Каліноўскім кватэры, ён выйшаў са свечкай у руцэ. На пытанне афіцэра «Хто вы?» ён упэўнена, не падазраючы здраду, адказаў: «Ігнат Вітажэнец». Гэта была ноч на 29 студзеня 1864 года.
Падчас знаходжання ў турме Каліноўскаму далі стос паперы і пяро з чарніламі, каб ён даў паказанні. Менавіта на гэтых аркушыках былі напісаныя разважанні аб тым, якой ён хацеў бы бачыць Радзіму, і развітальныя «Лісты з-пад шыбеніцы». Было як мінімум 6 допытаў, але Каліноўскі спачатку не прызнаваўся, што ён апошні кіраўнік паўстання, але потым, як яго апазнала дачка ўладальніцы кватэры, дзе ён жыў, прызнаўся, хто ён насамрэч.
Паказанні Каліноўскага нікому з паўстанцаў не нашкодзілі. «Шпіёнства апаганьвае чалавека,» — казаў Канстанцін.
Каліноўскі прызнаўся следчым, хто ён насамрэч
Адмаўляючыся даваць паказанні супраць іншых, але прызнаючыся следчым, што ён і ёсць «канавод паўстання на Літве», Канстанцін Каліноўскі згаджаўся на верную смерць, але па-іншаму ён паступіць не мог. Верагодна, у той сітуацыі кіраўнік паўстання разумеў, што павінен да апошняга паказваць прыклад тым людзям, якія пайшлі за ім. Не пахіснуць іх давер.
Нават стоячы на эшафоце ён не пераставаў праяўляць сваю дзёрзкасць і прынцыповасць. Перабіўшы царскага службоўца, які чытаў вырак, Каліноўскі задэклараваў у натоўп асноўную ідэю той дзяржавы, пра якую марыў і за якую абраў аддаць жыццё, — «дзе ўсе роўныя і няма дваран». ЗДЫМАК 4
Сам Канстанцін пісаў, што ў вароны за вакном, якая скача па снезе, свабоды больш, чым у яго за кратамі. Праз хуткі час быў вынесены вырак — смяротнае пакаранне праз расстрэл, але па асабістаму загаду Мураўёва расстрэл быў заменены на павешанне. Генерал-губернатар алоўкам напісаў паверх расстрэльнага выраку свой вердыкт.
Пасля смерці пакінуў царскі ўрад «з дуляй у кішэні»
Рухомая і нерухомая маёмасць Каліноўскага павінна была быць канфіскавана дзяржавай і прададзена з аўкцыёну. Нават маёмасць, якая магла яму перайсці па спадчыне. Але і пасля смерці Каліноўскі пакінуў царскі ўрад «з дуляй у кішэні», бо з маёмасці нічога асабліва не было, акрамя звычайнага стала, дзе дарэчы быў тайнік з дакументацыяй, якую паспела вынесці сябра Жаночага камітэту — Караліна Яцына, шахматны столік, прададзены за 2 рублі, некалькі шклянак і срэбная лыжка.
22 сакавіка 1864 года пасля 10 раніцы вырак быў прыведзены ў выкананне на Віленскім Лукішскім гандлёвым пляцы. Цела Каліноўскага закапалі, засыпаўшы вапнай, на гары Гедыміна, дзе была цытадэль расійскага гарнізона.
Падчас навучання ва універсітэце Кастусь Каліноўскі вельмі моцна захапляўся асобай не толькі Касцюшкі і Ясінскага, але і Шымана Канарскага, які таксама быў пакараны смерцю ў Вільні 25 год таму. Аднак на месцы яго пакарання быў створаны сапраўдны мемарыял: людзі вельмі доўгі час ускладалі кветкі да магілы Канарскага, а з яго кайданоў была зроблена чорная біжутэрыя — пярсцёнкі, гузікі і кулоны з патрыятычнымі выявамі. Каб пазбегнуць такога ж эфекту пасля смерці Каліноўскага і іншых паўстанцаў, было вырашана хаваць іх на тэрыторыі гарнізона, а ў хуткім часе на месцы братняй паўстанцкай магілы была зроблена пляцоўка для крыкета.
Чытайце яшчэ:
Кастусь Каліноўскі. Рэканструкцыя асобы і светапогляду «чырвонага» літвіна
AK, Budzma.org