Старшыня таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч і каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ігар Лялькоў правялі сустрэчу ў Ваўкавыску Гродненскай вобласці 29 снежня.
Мерапрыемства ладзілася на тэму “Ваўкавыск: учора і сёння” і прайшло ў Ваўкавыскай гарадской бібліятэцы. На сустрэчы прысутнічала каля 30 чалавек, сярод якіх былі прадстаўнікі аддзелу ідэалогіі і культуры райвыканкама, бібліятэкі і гістарычна-краязнаўчага музея, а таксама простая грамадскасць, неабыякавая да сваёй гістарычна-культурнай спадчыны.
У пачатку сустрэчы з вітальным словам выступілі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кашкевіч і каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ігар Лялькоў.
Мерапрыемства складалася з дзвюх частак. У першай перад публікай выступіў Антон Астаповіч, які апавёў аб становішчы гістарычна-культурных помнікаў на тэрыторыі Ваўкавыску. Ігар Лялькоў данёс да публікі асноўныя мэты і задачы кампаніі.
Другая частка імпрэзы складалася з прэзентацыі двух новых фільмаў з цыклу праграмы “Новыя падарожжы дылетанта”, сцэнарыстам якога быў Антон Астаповіч.
Антон Астаповіч: “Пасля прагляду фільмаў паміж простымі грамадзянамі і прадстаўнікамі дзяржаўных установаў завязалася такая гарачая дыскусія, што мне даводзілася нават выступаць як рэферы”.
Ігар Лялькоў: “Было вельмі зацікаўленнае абмеркаванне паміж тымі, каму сапраўды неабыякава тое, што ўяўляе сабой іх горад. Прыемна, што мясцовым уладам таксама гэта не абыякава. Добра, што нашая кампанія спрыяе не толькі знаёмству з беларускай культурай, але і дыялогу паміж грамадскасцю і ўладамі па праблемах культуры”.
Пры канцы самым актыўным прадстаўнікам публікі былі падараваны торбачкі, паштоўкі, значкі і стужкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой і адбылася імпрэза.