Былы журналіст Радыё Свабода і першы намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык на сваёй стронцы ў Фэйсбук распавёў пра асаблівасць апекі над могілкамі ў заходніх краінах.
«Праскія беларусы (а менавіта, чэскі сэктар Рады БНР і суполка «Скарына») аплацілі арэнду магілаў прэзыдэнта БНР Пётры Крэчэўскага і сьпявака Міхася Забэйды-Суміцкага на Альшанах на наступныя 10 гадоў (максымальны тэрмін, потым яго можна працягнуць).
«Арэнда магілы» — у нашым, беларускім успрыманьні, гучыць, мякка кажучы, нязвыкла. Але ў шмат якіх краінах Эўропы такі закон: месца пад пахаваньне купляецца на пэўны тэрмін, і калі па яго завяршэньні аплата ня ўносіцца ізноў — яно можа быць прададзенае пад іншае пахаваньне.
Фота з фэйсбука Сяргея Навумчыка
У выпадку з прэзыдэнтамі БНР Крэчэўскім і Захаркам крыху больш як дзесяць год таму падобнае ледзь ня здарылася — людзі, якія ў свой час афармлялі дакумэнты, зьехаўшы з Прагі, забыліся іх перадаць і не паведамілі пра тэрмін зпвяршэньня дамовы. У выніку, беларусы згубілі права ўласнасьці на надмагільныя помнікі — праўда, нам прапанавалі іх выкупіць у адміністрацыі, але за такія вялікія грошы, якіх у нас па-просту не было», — напісаў Сяргей Навумчык.
Па словах Сяргея, каб захаваць магілы, давялося весці перамовы з адміністрацыяй могілак і шукаць кампраміс.
«Нам пайшлі насустрач, але вось ужо дзесяць гадоў гэта, строга кажучы, не арэнда, а шэфста над магіламі, за якое мы да таго ж павінны плаціць. Таксама, мы забрукавалі за свой кошт даволі працяглую сьцяжыну да адной з магілаў — такая была ўмова.
Але затое цяпер мы пэўныя, што магілы застануцца. І штогод, на Дзяды і на Дзень Волі, можна прыйсьці да іх і пакласьці кветкі.
Сотні, тысячы магілаў беларусаў у дзясятках краінаў на розных кантынэнтах — страчаныя. Амбасады РБ яны не цікавілі і не цікавяць — тады як украінскія, польскія, літоўскія дыпмісіі апекваюцца месцамі супакаеньня сваіх суродзічаў. Гэта і ня дзіўна: РБ не зьяўляецца беларускай дзяржавай, яе кіраўніцтва зьнішчае ўсё беларускае, зьнішчае пасьлядоўна і мэтанакіравана.
Вядома, у эмігрантаў, асабліва новых, хапае клопатаў. І ўсё ж мы павінны памятаць і пра тых, хто быў да нас — бо ніхто іншы пра іх памяць не паклапоціцца».
Чытайце яшчэ: «Хай лёгкай будзе аўстралійская зямелька...» Выйшаў шыкоўны даведнік па беларускіх могілках у замежжы