Арыгіналы двух выданняў Францыска Скарыны гасцююць у Полацку

Арыгіналы выданняў Францыска Скарыны ў гэтыя дні экспануюцца ў Музеі беларускага кнігадрукавання (філіял Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка), паведамілі карэспандэнту БелТА ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

Да канца верасня ў полацкім музеі будуць гасцяваць дзве кнігі першадрукара – “Эклезіяст” і “Першая кніга Царстваў”, выдадзеныя ў Празе ў 1518 годзе. “Гэтыя кнігі пастаянна захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву бібліятэкі з полацкім музеем яго наведвальнікам прадстаўлена ўнікальная магчымасць убачыць арыгіналы выданняў выдатнага палачаніна – першадрукара і асветніка Францыска Скарыны”, – адзначылі ў прэс-службе.

У верасні музей прымае яшчэ некалькі кніжных выстаў. Адна з іх прыехала ў Полацк з Вялікага Ноўгарада – прадстаўлены каштоўныя выданні XVI-XІХ стагоддзяў, звязаныя з беларускімі землямі. Акрамя гэтага, у полацкім музеі размясцілася экспазіцыя “Лепшыя кнігі Беларусі”, якая знаёміць з беларускімі выданнямі – лаўрэатамі нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі-2014”.

Музей беларускага кнігадрукавання ў гэтым годзе адзначыў сваё 25-годдзе. Ён прыняў першых наведвальнікаў 8 Верасня 1990 г. падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Музей прысвечаны кнізе ва ўсіх яе аспектах, пачынаючы ад першых рукапісных скруткаў да сучасных выданняў, знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй стварэння пісьменнасці, пісьмовых прылад, кніжнай ілюстрацыі,паліграфіі.

 

Алёна Ціханава, БелТА

Тэгі: