Абвешчаны поўны спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай

Журы разгледзела ўсе пададзеныя заяўкі і сфармавала поўны спіс кніг, намінаваных на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за 2024 год, піша bellit.info.

Premija imia Natalli Arsiennievaj

У поўны спіс увайшло 15 кніг:

1. «Вершы для храмаў, сіза, ічу» — Раман Абрамчук (выдавецтва «hochroth Minsk»);
2. «Момант цішыні» — Надзея Амельчанка (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна);
3. «Амаль» — Вера Бурлак (выдавецтва «hochroth Minsk»);
4. «Пад асобнымі коўдрамі» — Вольга Гапеева (выдавецтва «Skaryna Press»);
5. «Некуды» — Яраслаў Гаралюк (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна);
6. «Аранжавы» — Віктар Жыбуль (выдавецтва «hochroth Minsk»);
7. «Непрамо(ў)ленае» — Анатоль Івашчанка (выдавецтва «Skaryna Press»);
8. «Акрамя» — Павел Капанскі (без выдавецтва);
9. «Ілюзія» — Дзяніс Мацеша (выдавецтва «Энцыклапедыкс»);
10. «Без Айчыны. Кніга турмы і замежжа» — Уладзімір Някляеў (выдавецтва Калегіума Усходняй Еўропы);
11. «Гіброіды» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «Мяне няма»);
12. «Нічога нястрашнага» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth Minsk»);
13. «DOM. Паэзія выгнання» — Сяржук Сыс (выдавецтва «Skaryna Press»);
14. «Мужыкі» — Ганя Фак’ю (выдавецтва «Лысы Чэрап»);
15. «Дзікае паляваньне караля Стаха: Вершы да опэры» — Андрэй Хадановіч (выдавецтва «Gutenberg Publisher»).

Лідарам паводле колькасці намінантаў стала выдавецтва Дзмітрыя Строцава «hochroth Minsk» — чатыры кнігі. Тры паэтычныя зборнікі са спісу былі выдадзены выдавецтвам «Skaryna Press».

Згодна са статутам прэміі, намінанты і намінанткі маюць права дзеля бяспекі захаваць ананімнасць і абраць зашыфраваны ўдзел. У такім выпадку іх імёны застаюцца пад псеўданімамі, не абвяшчаюцца і назвы твораў. Прозвішчы будуць абвешчаныя толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў і аўтарак.

Журы прэміі

Сёлета ў журы — пяцёра майстраў: паэты і паэткі, літаратуразнаўцы, уважлівыя чытачы і чытачкі, якія па-сапраўднаму любяць і разумеюць паэзію. Менавіта яны вызначаць галоўную інтрыгу прэміі — абяруць паэтычную кнігу года. Сярод публічных сябраў журы — асобы, чые імёны добра вядомыя ў літаратурнай прасторы:

Ульяна Верына — літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук.

Сяргей Дубавец — пісьменнік, рэдактар, літаратуразнаўца, крытык.

Ганна Шакель — паэтка і перакладчыца, рэдактарка часопіса «Taŭbin», лаўрэатка прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2023 год.