Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра новыя магчымыя абмежаванні з боку Міжнароднага алімпійскага камітэта ў дачыненні да нашай краіны.
Адна за адной міжнародныя спартыўныя федэрацыі адмяняюць свае спаборніцтвы на тэрыторыі Беларусі. Пасля гучнай адмены хакейнага першынства былі адмененыя яшчэ чэмпіянат свету па сучасным пяцібор’і і іншыя.
Усе гэтыя абставіны даволі балюча б’юць па міжнародным спартыўным іміджы кіраўнічага апарата Беларусі. На які, у сваю чаргу, яшчэ ў лістападзе 2020 года наклаў санкцыі і Міжнародны алімпійскі камітэт. Акрамя асабістых абмежаванняў у дачыненні да кіраўніцтва рашэнне прадугледжвае правядзенне грашовых выплат на падрыхтоўку наўпрост спартоўцам, міма «касы НАК Беларусі», што можа сведчыць не толькі пра заклапочанасць МАК «ціскам і парушэннем палітычных правоў спартоўцаў».
24 лютага на сайце арганізацыі праінфармавалі аб магчымых новых абмежаваннях у дачыненні да прадстаўнікоў Беларусі. Гэтым разам удар па іміджы можа быць яшчэ больш значным. Дэлегацыю Беларусі могуць пазбавіць права выкарыстоўваць афіцыйны сцяг РБ на гульнях у Токіа 2021 года. У такім выпадку гэтую сімволіку можа замяняць алімпійскі сцяг. Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах падкрэсліў:
«Арганізацыя агучыць сваё рашэнне пасля выбараў кіраўніцтва НАК Беларусі 25 лютага»
Варта згадаць, што ў выніку гэтых выбараў кіраўніцтва НАК ніяк не змянілася, толькі пасады былі «ператасаваныя» і падзеленыя сярод «былых удзельнікаў». Таму застаецца чакаць рэакцыі міжнародных спартыўных арганізацыяў, якія могуць прадэманстраваць прынцыповасць і ўсё ж узмацніць санкцыі.
Алімпійскі камітэт жорстка карае
За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў МАК толькі адну краіну пазбавіў права адпраўляць сваю дэлегацыю на алімпійскія гульні. Гэта быў Афганістан у 2000 годзе, які атрымаў забарону на падставе «дыскрымінацыі жанчын у спорце». Нават пасля генацыду ў Руандзе ў 1994-м алімпійскі камітэт краіны не атрымаў ніякіх абмежаванняў, і каманда ўдзельнічала ў спаборніцтвах у Атланце ў 1996-м.
А вось забарона дэманстраваць афіцыйны сцяг — гэта даволі распаўсюджаная мера. Варта адзначыць, што гэта даволі істотны ўдар па іміджы дзяржавы, якой фактычна адмаўляюць у месцы, адпаведным узроўню іншых краінаў, прыніжаючы яе вартасць.
Адной з галоўных падставаў для забароны на выкарыстанне сімволікі з’яўляецца карупцыя ў нацыянальных алімпійскіх камітэтах, парушэнне незалежнасці функцыянавання камітэтаў, то бок ціск або простае ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у справы алімпійскіх структураў.
Менавіта з такой фармуліроўкай былі накладзеныя санкцыі на каманду Кувейта ў 2016 годзе. І прадстаўнікі гэтай блізкаўсходняй краіны выступалі на спаборніцтвах у Бразіліі пад белым сцягам МАК. Нетыповы выпадак Італіі, якая толькі ў студзені 2021 года здолела выканаць усе патрабаванні адносна новага спартыўнага заканадаўства і не трапіць пад санкцыі міжнародных алімпійскіх структур, якія закідалі італьянскай дзяржаве парушэнні незалежнага існавання НАК.
Беларусь, Паўночная Карэя і ўсе-ўсе-ўсе
Даволі цікава, што «беларускім пытаннем» МАК зацікавіўся менавіта пасля «атрыманай інфармацыі пра больш чым 100 спартоўцаў, якіх пазбавілі магчымасці рыхтавацца і ўдзельнічаць у спаборніцтвах».
Напэўна, дзясяткі гадоў кіравання НАК прадстаўнікамі камандна-адміністрацыйнага апарата ў Беларусі не супярэчылі артыкулам алімпійскай хартыі, у якіх забараняецца ўмяшальніцтва дзяржавы ў спартыўныя справы. Таму існуе варыянт, што санкцыі супраць вярхоўкі НАК Беларусі ў лістападзе былі выкліканыя знешнім уздзеяннем палітыкаў заходніх краінаў на кіраўніцтва МАК.
У такім выпадку, калі санкцыі ўсё ж будуць узмоцненыя і забарона на выкарыстанне афіцыйнага сцяга РБ на гульнях у Токіа ў 2021 годзе стане рэальнасцю, можна будзе казаць пра новую практыку з боку міжнародных алімпійскіх уладаў. Па-першае, гэта ўзнаўленне практыкі ўздзеяння на краіны на падставе парушэнняў правоў чалавека (апошні такі выпадак быў 20 гадоў таму звязаны з афганскім талібанам). А па-другое, рэалізацыя санкцыйнай палітыкі ўслед за сусветнымі краінамі-лідарамі.
Улічваючы гэтыя пункты, нельга выключаць, што за камандай з Беларусі абмежаванні могуць быць выкарыстаныя ў дачыненні да, напрыклад, М’янмы, Эрытрэі, Паўночнай Карэі і іншых, якім працяглы час удавалася пазбягаць санкцыяў МАК.
Такім чынам можа назбірацца не адзін дзясятак краінаў. Ці змогуць іх дзяржаўныя органы трываць такое прыніжэнне? Выступаць пад белымі алімпійскімі сцягамі?
Цалкам імаверна, што ідэя правядзення спаборніцтваў паміж спартоўцамі «пакрыўджаных рэжымаў» даўно аформленая і пыліцца на полках паўночнакарэйскіх ці эрытрэйскіх міністэрстваў. Тым больш што практыка альтэрнатыўных сусветных гульняў ужо была рэалізаваная — гэта былі «гульні добрай волі». Хаця і ўзніклі яны пры іншых абставінах і мелі іншыя мэты.
Іншы прыклад — «непрызнаныя краіны», што праводзяць сусветныя спаборніцтвы па футболе.
Таму дарога для «правільных гульняў», без «уціску з боку сусветнай закулісы», цалкам адкрытая і вольная.
Ці не чакае спартоўцаў з Беларусі пры такім развіцці падзеяў незайздросны лёс спаборнічаць з калегамі адно з экзатычных краінаў-ізгояў, а аматараў спорту — захапляльныя тэлерэпартажы і ваяжы на курорты эрытрэйскіх саванаў і джунгляў М’янмы?
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by