Мы так доўга займаліся адвакатаваннем нацыяналізму ў Беларусі, што забыліся пра знішчальны бок гэтай з’явы. Ці можа нацыяналізм быць дрэнным? Хм, хіба расійскі. Ды і тое, там імперыялізм. Нацыяналізм — гэта пра свабоду!.. Ці заўжды? Піша Алесь Кіркевіч.
Алесь Кіркевіч
Літаральна днямі ў Польшчы назіраў цікавых персанажаў. Двое ў камуфляжы, у аднаго на кепцы вялікая Z на чорным тле. На руцэ шэўрон: белы арол, упісаны ў свастыку... Божа, як гэта магчыма? Як яно ўсё разам ужываецца? А сакрэт — просты. Персанаж, пэўна, «нарадовец» — нацыяналіст. І ён так моцна ненавідзіць усё украінскае, што Расія — яго сябар. Гэта саюз праз адмаўленне.
Апошнім часам гэтага стала неверагодна шмат. Нехта там у Літве патрабуе забараніць беларусам карыстацца Пагоняй. А нашы карысныя ідыёты пішуць у адказ ужо ўсім (!) літоўцам, маўляў, вас няма. Вы — непаразуменне.
Дзве версіі герба «Пагоня»: літоўская і беларуская / @follow_by_white_rabbit
Яшчэ адзін паляк у пінжаку прыязджае ў Львоў, каб запісаць відэа на тле помніка Бандэру, які «мае гарэць у пекле». У адказ украінцы пішуць, маўляў, давайце мы ў вас Холм забярэм...
У гэтых сітуацыях Расіі нібы няма, яна фармальна не фігуруе. Але — акурат Расія ў гэтых спрэчках галоўны і адзіны бенефецыяр: зжарыце адно аднаго, а мы пасля прыйдзем і навядзём парадак.
Мы так доўга займаліся адвакатаваннем нацыяналізму на Радзіме, так доўга даводзілі, што гэта крута і правільна, што забыліся пра знішчальны бок гэтай з’явы. Так, нацыяналізм дае народу волю да жыцця і свабоды. Натхняе на вышэйшую ступені гераізму, адданасці. Але, выйшаўшы з-пад кантролю знішчае ўсё навокал. Лічы, ядзерная энергія.
Ідэальная дзяржава, дзе перамог нацыяналізм у цёмным яго разуменні, мае знаходзіцца на выспе. Бо там няма суседзяў, з якімі трэба ваяваць за гісторыю і тэрыторыю. У выпадку Усходняй Еўропы, забудаванай максімальна шчыльна, як габрэйскае мястэчка пачатку ХХ ст., такія спрэчкі — неверагодная раскоша і рызыка. Адзіная іскра і ўсё запалае.
У Расіі пра гэта цудоўна ведаюць і — карыстаюцца. У 1920-х тое самае было з левымі рухамі. Масква падкідвала рэсурсы, каб хістаць Еўропу і дасягаць сваіх мэтаў без аніякай сімпатыі да выканаўцаў. Розніца хіба ў тым, што дэвіз Камінтэрну «Пралетары ўсіх краёў, яднайцеся!» у сучаснай адаптацыі для нацыяналістаў гучаў бы «...не дай Божа, не яднайцеся!». Бо адзіны сэнс гэтага ўсяго — дэзынтэграцыя Еўропы.
Ні ў якім разе. Гэта наш інстынкт самазахавання, імунная сістэма. Наўпрост, яго трэба абнавіць, як праграмнае забеспячэнне ў кампутары. Адаптаваць пад рэальны, а не выдуманы свет.
Аматарам спрэчак пра ВКЛ у фэйсбуку варта было б нагадаць, што канцэпцыя Вялікага Княства была збудаваная на інтэграцыі. Гэта была сістэма, якая стаяла па-над этнічнымі і рэлігійнымі праектамі, таму і мела геапалітычны поспех. Галоўным крытэрам у ВКЛ была твая персанальная карысць для агульнай справы, а не вера, мова ці алфавіт. Яшчэ раз: кожны сам па сабе — адметны. Справа — агульная.
Час нацыяналізму, сатканага адно з траўмаў і крыўдаў — дакладна мінуў. Усе гэтыя аматары сварыцца з суседзямі праз гістарычныя «болькі», хварэюць на тую самую хваробу: рэтраспектыўны погляд на свет. Гэта погляд у «шчаслівае ўчора», якое ніколі не існавала. Замест таго, каб будаваць і бараніць «шчаслівае заўтра».
У гэтым заўтра мы будзем змушаныя шукаць сяброў і саюзы.
Ворагі самі знойдуцца.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org