Атака на беларускія арганізацыі ў Вільні

У ноч на 5 верасьня невядомыя пакінулі правакацыйны надпіс каля цэнтра ўцекачоў беларускай арганізцыі Dapamoga ў Вільні. Каля ўезду ў шэлтар пакінулі надпіс чырвонай фарбай на асфальце на літоўскай мове «Baltarusų parazitams čia ne vieta», што перакладаецца прыкладна як «Беларусам паразітам тут не месца». Пра гэта паведаміў фонд Dapamoga.


nadpis.jpg

Кіраўніца арганізацыі Dapamoga Наталля Калегава з ментарам выязджалі з шэлтару на машыне і заўважыўшы на дарозе надпіс, выйшлі. Фарба была вільготная — таму стала зразумела, што надпіс зрабілі літаральна пару хвілін назад.

Наталля Калегава выклікала паліцыю.

Прадстаўнікі арганізацыі лічаць, што пакінуты надпіс — правакацыя беларускіх спецслужбаў.

Гэта ўжо трэцяе здарэнне з беларускімі арганізацыямі ў Вільні, якое стала вядома за апошнія суткі.

У ноч на 4 верасня невядомыя стрэлілі з пнеўматычнай зброі ў акно царквы беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні.

У той жа дзень, 4 верасня, у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні пабілі шыбы.

pabityia-szyby.jpg
Пабітыя шыбы ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці. Фота з сацсетак арганізацыі

«Мы так шмат зьдзекаваліся з памылак у вядомых псэўдалітоўскіх антыбеларускіх графіці, што нам вырашылі троху прасьцей зрабіць», напісалі ў сацсетках цэнтра.

Адміністратары ўстановы выклікалі паліцыю.

Беларускі цэнтр культуры і супольнасці ў Вільні ці Беларускі дом — месца сустрэчаў і супрацы беларусаў у літоўскай сталіцы. 

У цэнтры таксама працуе некалькі грамадскіх арганізацый: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, журналісты «Зубр.ін», праваабарончая арганізацыя «Вясна», аб’яднанне медыкаў, вымушаных пакінуць Беларусь «Дактары за праўду ды справядлівасьць».