Атланты Заіра Азгура

15 студзеня 1908 года на Сенненшчыне нарадзіўся Заір Азгур. У гэты дзень прыгадваем некаторыя цікавыя факты з біяграфіі таленавітага скульптара, аднаго са стваральнікаў сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва.


Дзяцінства Заіра Азгура было цяжкім. Але юнацкія захапленні прывялі яго ў майстэрню Юдэля Пэна, а потым у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Акрамя Віцебска, Азгур вучыўся ў Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце ў Ленінградзе, у Кіеўскім мастацкім інстытуце і Тбіліскай акадэміі мастацтваў.

У той час Азгур выглядаў даволі авангардна — то носіў бант замест гальштука, то хадзіў з паголенай пад нуль галавой. Яўная алюзія на Уладзіміра Маякоўскага і ягоны рух футурыстаў. Але самому Азгуру ўсё ж бліжэй традыцыйная культура з яе дасканалымі прапорцыямі і ўзвышанасцю.

Azgur Zair Isakavich 5_large.jpg
Заір Азгур з незавершанай скульптурай «Стральба з лука». Ленінград, 1927 год

У сваіх творчых пошуках ён значна апярэджваў час, бо яшчэ ў 20-я гады пачаў рабіць скульптуры, якія вельмі нагадваюць антычныя статуі. І не так важна, хто быў выяўлены — трактарыст ці будаўнік. Бо просты працоўны чалавек сваім абліччам нагадваў хутчэй грэцкага бога, які сышоў з Алімпу да людзей. Пры чым што цікава: сам скульптар яшчэ ў студэнцтве сур’ёзна займаўся культурызмам — гартаваў разам з сябрам свае цягліцы і сілу волі. Ім, відавочна, не хацелася быць слабымі, а мяняць рэчаіснасць яны пачыналі з сябе самых.

02Azgur Zair Isakavich 6_large.jpg
Заір Азгур з працамі «Будаўнік» і «Трактарыст», 1929 год

Талент Заіра Азгура разгледзілі даволі рана, таму ўжо ў сярэдзіне 20-х гадоў у яго, яшчэ зусім юнака, пачынаюць з’яўляцца першыя замовы. Пры чым рабілі іх вядомыя людзі, але і ён хацеў трапіць у іх кола. На схіле дзён Азгур прыгадваў тыя часы так:

«У самым пачатку свайго творчага шляху я адчуваў у сабе прызванне партрэтыста—гісторыка, хаця ніколі ў той час так сябе не называў. Мне было цікава, патрэбна, спакусліва ствараць галерэю партрэтаў людзей, якія стаялі ля вытокаў беларускай савецкай дзяржаўнасці, былі пачынальнікамі новай культуры».

03Azgur Zair Isakavich 4_large.jpg
«Будаўнік» Заіра Азгура, 1929 год

І ён ствараў, пакідаючы ва ўспамінах апісанні людзей амаль што з фатаграфічнай дакладнасцю. Вось якім паўстае Зміцер Жылуновіч, старшыня першага ўраду Савецкай Беларусі, якая была абвешчана ў студзені 1919 года:

«Памятаю першае ўражанне ад сустрэчы з Гартным. Невысокага росту, даволі поўны чалавек з вельмі ўважлівым позіркам. Рукі мускулістыя, моцныя далоні. З людзей, якія ведаюць фізічную працу. Падлеткам Змітрок Жылуновіч зведаў работу ў гарбарні, а работа патрабавала і спрыту, і намаганняў. Мястэчка Капыль, мабыць не было прамысловым, аднак дробныя фабрыкі і майстэрні фарміравалі там рабочы клас».

05.jpg

Скульптар Міхаіл Керзін у майстэрні Заіра Азгура падчас працы над партрэтам доктара Манахава. Фота: zviazda.by

Нехта распавёў пра таленавітага скульптара Якубу Коласу і той фінансава падтрымліваў маладога чалавека, пакуль ён вучыўся. Азгур адзначаў, што «Колас, калі пазіраваў, быў больш гаваркі, чым звычайна», а параўноўваў ягоную знешнасць з героямі знакамітага рамана:

«Перада мной сядзеў чалавек з вусікамі і з эспаньёлкай у такой задумлівай і рамантычнай позе, што мне ён раптам здаўся падобным на аднаго з герояў Аляксандра Дзюма. Не то Партос, не то нехта другі з мушкецёраў».

gozmpdz507gosyu2ef88lrga13h8pros.jpgЯкуб Колас у майстэрні Заіра Азгура, 1949 год 

Добра знаёмы Заір Азгур быў і з Янкам Купалам, нават некаторы час жыў у яго. Старэйшы таварыш уводзіў Азгура ў багемныя колы, аб чым той потым прыгадваў з усёй непасрэднасцю і ўдзячнасцю:

«Я стараўся бліжэй сысціся з тымі літаратарамі, з якімі мяне знаёміў Янка Купала. Мне чамусьці здавалася, што Іван Дамінікавіч іншы раз спецыяльна рабіў так, каб я быў адрэкамендаваны каму-небудзь з іх у якасці маладога скульптара і ўжо будучага партрэтыста майго новага знаёмага. Іншы раз гэта рабілася ім жартаўліва, іншы раз — амаль афіцыйна, іншы раз — як бы мімаходзь».

12-38_kopiya_0.jpg
Заір Азгур у сваёй майстэрні

З маладзейшых пісьменнікаў сябраваў Заір Азгур з Янам Скрыганам і Кузьмой Чорным. Акрамя скульптуры, займаўся графікай — ілюстраваў апавяданні Чорнага для савецкіх выданняў першай паловы 30-гадоў. Свайго сябра згадваў такім чынам:

«Чорны быў вялікі псіхолаг, ён жа быў і гісторык. Ён умеў разгарнуць апавяданне не толькі з пункту гледжання гістарычных падзей, але і з пункту гледжання росту чалавека ў часе. І яшчэ адна цудоўная якасць была ў Кузьмы Чорнага. Думаў ён сінтэтычна. І пейзаж, і абставіны, у якіх дзейнічаюць героі, і гістарычныя падзеі да таго арганізаваны, што адчуваеш і час, і асоб, і ўсю эпоху. Мне нават здаецца, што і колер, і музыку можна адчуць у Чорнага».

04_2_kuzma_chorny.jpg

Ілюстрацыя да зборніка апавяданняў Кузьмы Чорнага

Заір Азгур праявіў сябе і ў літаратуры. Ён напісаў 5 кніг успамінаў і нарысаў пра асобаў, з якімі быў знаёмы. У ягоных кнігах нашыя пісьменнікі ды і іншыя дзеячы паўстаюць абсалютна жывымі людзьмі, у іх не бачна ніякай «забранзавеласці»:

«Неяк пад вечар Чорны завітаў да нас ў госці.

— Добры дзень у хату. Як вы жывяце-маецеся?

Мы кажам:

— Нішто сабе.

— Свінні ў вас, бачу, на каўбасы гадуюцца, пчолы на мёд рояцца, каровы на малако дояцца, і, дзякуй богу, бачу, што сам Заір цэленькі прыйшоў з майстэрні...

Усе зарагаталі. Прыйшлося на стол ставіць і каўбасы, і мёд, і малако, на што даў намёк сваім жартам Кузьма Чорны».

07 Azgur Zair Isakavich 01_large.jpg
Заір Азгур.Фота:
bis.nlb.by

Пасля Вайны талент Заіра Азгура раскрыўся напоўніцу. Ім былі створаны скульптурныя кампазіцыі, якія стаяць у многіх гарадах былога Саюза, не толькі ў Беларусі. У 1952 годзе ён стварыў першы помнік Янку Купалу — бюст, які раней стаяў у сталічным Александраўскім скверы, а потым быў перавезены на радзіму паэта ў Вязынку. Увасобіць у скульптуры Заір Ісакавіч і Якуба Коласа разам з яго героямі, якія з 1972 года стаяць на плошчы, названай у гонар паэта, у Мінску.

Да самай сваёй смерці ў 1995 годзе ён кожны дзень працаваў у майстэрні, ствараючы сапраўдныя помнікі эпохі. У 1996 годзе ў майстэрні быў адкрыты музей.