«Беларус — гэта той, хто лічыць сябе беларусам». Заснавальнік Audiobooks Мікіта Белаглазаў пра пяць гадоў агучкі, эканоміку беларускай культуры і нацыянальную памяць

Заснавальнік аўдыявыдавецтва Audiobooks Мікіта Белаглазаў распавёў пра пяць гадоў развіцця праекта, амаль 70 агучаных кніг, эканамічныя цяжкасці беларускамоўнага кантэнту і памяць пра пісьменніцу Святлану Курс.

Анлайн-сустрэча з Мікітам адбылася ў межах праекта «Літаратура і кава», які ладзіць Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы.

mikita-bielahlazau-02.jpgМікіта Белаглазаў падчас уручэння прэміі Гедройця, 2025 г. Фота: Беларускі ПЭН

Ад веласіпеда ў Каліфорніі да 70 кніг

Гісторыя Audiobooks пачалася не з бізнес-плана, а з маёй асабістай патрэбы. Я амаль дзесяць гадоў жыў у Каліфорніі, цяпер базуюся ў Варшаве. Гадамі слухаў аўдыякнігі на англійскай мове і аднойчы задаўся пытаннем: а ці ёсць нешта падобнае па-беларуску? Калі пачаў шукаць, высветлілася, што сучасных беларускамоўных аўдыякніг практычна няма.

Пачаткам стаў 2021 год і першая аўдыякніга — «Сем камянёў» Аляксея Шэіна, якую мы бясплатна выклалі ў адкрыты доступ. З таго часу наша каманда з трох-чатырох чалавек запісала і апублікавала каля 70 аўдыякніг, частка з якіх стала платнай.

Асабліва я ганаруся тым, што нам удалося сабраць усе даступныя аўдыякнігі «Радыё Свабода». Яны засталіся ў адкрытым доступе нават пасля таго, як пры Дональдзе Трампе праца рэсурсу была часова спыненая. Вельмі важнымі для мяне таксама сталі дзве «народныя» аўдыякнігі, сабраныя з фрагментаў, начытаных дзясяткамі беларусаў з розных краін свету.

Яшчэ адзін значны праект — «Марсіянін», які стаў першай беларускай кнігай, выдадзенай адначасова ў трох фарматах: папяровым, электронным і аўдыя.

mikita-bielahlazau-01.jpgМікіта Белаглазаў з кнігай "Марсіянін". Фота з інстаграма Мікіты Белаглазава

Эканоміка беларускамоўнага кантэнта, якая не акупляецца

— Нягледзячы на рост праекта, фінансавая мадэль застаецца вельмі складанай. Значную частку выдаткаў я па-ранейшаму пакрываю ўласнымі сродкамі, і за апошнія два гады сітуацыя амаль не змянілася. Большасць продажаў адбываецца не ў Беларусі, а ў Польшчы, ЗША і іншых краінах, а ўнутры Беларусі яны застаюцца мінімальнымі.

Гэта хутчэй дабрачынны, чым камерцыйны праект. Мы спадзяёмся, што праз нейкі час нешта зменіцца — назапасіцца крытычная маса карыстальнікаў або мы знойдзем новыя шляхі прасоўвання.

На маю думку, прычын тут некалькі. Найперш у беларусаў няма ўласнай інфраструктуры для распаўсюду аўдыякніг. Мы вымушаныя карыстацца замежнымі платформамі накшталт Google Books або Apple Books, якія дрэнна адаптаваныя пад беларускую аўдыторыю нават у эміграцыі.

Другая праблема — людзі ў Беларусі баяцца плаціць банкаўскімі карткамі. Як слушна заўважыў Ігар Логвінаў, у аўтарытарных рэжымах людзі пастаянна жывуць з адчуваннем, што тое, што сёння законна, заўтра можа стаць падставай для пакарання.

Дадатковай перашкодай з’яўляецца тое, што сайт Audiobooks заблакаваны ў Беларусі яшчэ з 2021–2022 гадоў, хоць само выдавецтва не прызнана экстрэмісцкім. Стварыць уласную платформу з мабільным дадаткам, як гэта зрабіла ва Украіне аўдыявыдавецтва «Абук» дзякуючы вялікай аднаразовай мецэнацкай падтрымцы, я пакуль не магу — для гэтага не хапае ні фінансавых рэсурсаў, ні каманды.

Акрамя таго, у Беларусі практычна няма культуры прасоўвання аўдыякніг. Не стае сучаснай візуальнай і стылёвай рэкламы, якая ўжо стала звычайнай з’явай на заходніх рынках і ў Польшчы.

Матывацыя без грошай

Калі мяне пытаюць, што дазваляе праекту існаваць ужо пяць гадоў без прыкметнага прыбытку, адказ вельмі просты.

Я хачу, каб мне было што слухаць па-беларуску. Гэта хутчэй эгаістычная матывацыя. Я сам карыстаюся тым, што раблю, і мне гэта сапраўды цікава. А прызнанне, магчыма, прыйдзе пазней, калі мы ўсе вернемся ў Беларусь.

Мне таксама вельмі блізкая думка Ігара Логвінава, які правёў паралель з пасляваеннай беларускай эміграцыяй. Людзі, што жылі з адчуваннем часовасці і не былі ўпэўненыя, што калісьці вернуцца, усё адно пакінулі пасля сябе культурную спадчыну, якая пазней стала важнай для наступных пакаленняў беларусаў. Магчыма, тое самае адбудзецца і з аўдыякнігамі, тэкстамі і перакладамі, якія сёння ствараюцца ў беларускай дыяспары.

Праект перакладу і сусветная літаратура па-беларуску

Я таксама ўдзельнічаю ў праекце перакладу амерыканскай літаратуры на беларускую мову. Менавіта так у супрацоўніцтве з выдавецтвам Gutenberg з’явіўся беларускі пераклад рамана Эндзі Уэйра «Марсіянін».

Поспех гэтай кнігі натхніў аднаго беларускага чытача ў ЗША самастойна перакласці наступны раман Уэйра — «Праект „Аве Марыя“». Цяпер праца над гэтым перакладам працягваецца пры падтрымцы Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы.

Хто такі беларус cёння

Ці варта распрацоўваць нейкія крытэрыі беларускасці або нават своеасаблівы «дапаможнік» па нацыянальнай ідэнтычнасці?

Мой адказ вельмі просты: беларус — гэта той, хто лічыць сябе беларусам. Ніякіх іншых крытэрыяў, пунктаў або ступеняў я не бачу.

Воля Бромберг прапанавала яшчэ адзін магчымы падыход, які яна пачула падчас дыскусіі: важнае не паходжанне і нават не мова, а тое, наколькі чалавеку сапраўды баліць за Беларусь.

Калі мяне папрасілі назваць любімыя сучасныя беларускія аўдыякнігі, я адзначыў «Маю школу» Ганны Севярынец, «Уцёкі» Вольгі Гапеевай, «Забойства Макаёнка», «Круглую шкатулку» і «Перамену месцаў», якая летась увайшла ў лік фіналістаў «Прозы года».

Асобна хачу адзначыць працу чытальнікаў Крысціны Дробыш і Сяргея Шупы. На маю думку, іх галасы здольныя правесці слухача нават праз самыя складаныя тэксты, у тым ліку праз «Сабак Еўропы».

Занатаваў Тарас Тарналіцкі, Budzma.org