Перакладчык і рэдактар праскага выдавецтва «Вясна» Сяргей Шупа расказаў у інтэрв’ю budzma.org, як вывучыў літоўскую мову, чым адметная падрыхтаваная ім літоўская серыя кніг і як аўтарка Silva Rerum Крысціна Сабаляўкайце ўспрыняла беларускую мову.

Сяргей Шупа. Фота са старонкі Сяргея Шупы ў Фэйсбуку
— У канцы лютага — пачатку сакавіка пасля ўдзелу ў Міжнароднай кніжнай выставе ў Вільні вы асобна прэзентавалі пераклады чатырох тамоў віленскай сагі Silva Rerum — з яе аўтаркай Крысцінай Сабаляўкайце. Якія ў вас засталіся ўражанні ад прэзентацыі?
— Так, галоўная маса чытачоў прыйшла на асобную прэзентацыю, якая адбылася ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Уся заля была запоўненая: сабралася чалавек 60-70.
Вельмі нам дапамагло, фактычна ўратавала, што мы адразу дамовіліся пра нестандартны моўны фармат. Для парадку я запытаўся, ці ёсць людзі, якія не разумеюць па-літоўску: іх было нямала. Тады я спытаў, ці ёсць людзі, якія не разумеюць па-польску (сама Сабаляўскайце вельмі добра гаворыць па-польску): паднялося адна-дзве нясмелыя рукі. Так мы дамовіліся: Крысціна будзе гаварыць па-польску, а мы будзем задаваць пытанні па-беларуску.
Гэта нам cэканоміла кучу часу і сіл, не разбіла дынаміку размовы. Крысціна пасля прэзентацыі прызналася, што да гэтага з беларускай мовай фактычна не сутыкалася, але адзначыла, што амаль усё разумела.

Сяргей Шупа і Крысцінай Сабаляўкайце на прэзентацыі беларускага перакладу Silva Rerum у Вільні
— Як вы прыйшлі да ідэі выдаць Silva Rerum па-беларуску?
— Я даўно прыглядаўся да раману: першая кніжка выйшла ў 2008-м. Твор вельмі яскравы і вяртае нас да нашай супольнай гісторыі. У беларусаў няма гістарычных раманаў пра XVIII стагоддзе, а Сабаляўскайце ўзяла жыццё паланізаванай шляхты і напісала пра яго вялікі раман.
Як выявілася, Silva Rerum — самая папулярная кніга ў Літве ў гэтым стагоддзі. Гэтым разам на кірмашы ў Вільні я спытаўся ў Крысціны, колькі складае супольны наклад усіх чатырох тамоў па-літоўску (трэба сказаць, што першы том я перакладаў ужо з 22-га выдання). Яна адказала, што наклад усіх выданняў — 300 тысяч асобнікаў.

Беларускамоўнае выданне Silva Rerum. Фота: «Радыё Свабода»
Нагадаю, што ў Літве жыве менш за 3 мільёны чалавек. Атрымліваецца, кожная другая ці трэцяя сям’я мела гэтую кнігу.
Раман не проста папулярны. Як адзначаюць крытыкі, ён — рэдкае спалучэнне папулярнасці і літаратурнай якасці. Гэта ні ў якім разе не танны бестселер, які моцна прагучыць пасля выхаду, але пра які праз месяц забудуць — такіх гісторый у свеце было даволі шмат.
Так што ў тым, што мы выбралі гэтую кнігу для перакладу, нічога дзіўнага няма. Трошкі раней мы ў выдавецтве «Вясна» распачалі літоўскую калекцыю. У 2018-м газета Lietuvos Rytas надрукавала на стагоддзе аднаўлення літоўскай дзяржавы рэйтынг 100 літоўскіх кніг. Там было два спісы: літаратурных крытыкаў і чытачоў. У спісе крытыкаў першае месца заняла кніга эміграцыйнага пісьменніка Антанаса Шкемы «Белы саван». Другое — «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса. Трэцяе — «Туўла» Юргіса Кунчынаса.

«Віленскі покер» выдавецтва «Логвінаў» выдала яшчэ ў 2018 годзе. А мы пачалі сваю літоўскую серыю выданнем кніг № 1 і № 3 («Белы саван» і «Туўла»). Таму сёння беларускі чытач мае магчымасць прачытаць тры самыя папулярныя сярод крытыкаў творы літоўскай літаратуры за апошнія 100 гадоў. «Белы саван» і «Туўла», як і Silva Rerum, усё яшчэ даступныя на «Кнігаўцы».
— А чаму вы вырашылі, што беларускім чытачам будуць цікавыя раманы з літоўскай літаратуры?
— Дзіўна было б не мець ніякага ўяўлення пра кнігі краіны і народа, з якімі беларусаў звязваюць стагоддзі супольнай гісторыі. Фактычна да гэтых выданняў (а з літоўскай на беларускую выйшла перакладаў ужо, мабыць, з дзясятак — таксама ў выдавецтве «Пфляўмбаўм») беларусы фактычна нічога не ведалі пра тое, што адбываецца ў літаратуры Літвы, што было абсалютна ненармальнай сітуацыяй. Таму мы вырашылі яе пачаць выпраўляць.
— Да перакладу «Туўлы» Кунчынаса вы дадалі мапу з кропкамі, дзе адбываюцца падзеі раману. Дзякуючы гэтай мапе я адкрыў для сябе зусім невядомыя куткі Вільні. Як вы змаглі стварыць гэтую мапу?
— У 1990-х мы жылі ў Вільні напачатку Антокаля каля касцёла Пятра і Паўла — там ёсць вуліца Vasaros («летняя»). Калі вы скажыце літоўцу «я жыву на вуліцы Vasaros», вы пабачыце забаўную рэакцыю.
— Таму што там знаходзіцца псіхіятрычны шпіталь, так?
— Так. Гэта тое ж самае, што сказаць у Менску «я жыву ў Навінках»... Мы жылі проста за плотам псіхіятрычнага шпіталя. А герой рамана «Туўла», у якім вельмі шмат аўтабіяграфічных рысаў Кунчынаса (ён быў інтэлектуалам, германістам, перакладчыкам, паэтам), якраз лячыўся ў шпіталі. Побач з ім знаходзіўся гастраном Rytas. Алкашы хадзілі туды дагнацца ў кафетэрый на другім паверсе. Памятаю тыя таблічкі: «Асобы ў шпітальных халатах не абслугоўваюцца».
Мяне гэтае апісанне маёй Вільні страшна ўразіла. Не той турыстычнай, дзе Вострая Брама, гара Гедзіміна і г.д., а той, дзе я жыву. Кніга выйшла ў 1993 годзе. У ёй расказваецца пра шчымлівую і трагічную гісторыю кахання аўтара да дзяўчыны, якую ён страціў.
Раман неардынарны і вельмі тапаграфічны, ён дакладна апісвае мясціны, дзе з героем нешта адбываецца. Але ні ў водным літоўскім выданні «Туўлы» і ў ніводным перакладным ніякай мапы не было. Таму я падумаў, што было б вельмі добра яе зрабіць, каб чытачы маглі дыхаць паветрам з раману і спрабаваць уявіць, як выглядала тое ці іншае месца ў канцы 1980-х.
Я застаў тыя мясціны напачатку 1990-х (Сяргей Шупа мае літоўскае грамадзянства — budzma.org), там тады яшчэ мала што змянілася. А вось ужо з сярэдзіны 1990-х пачаліся імклівыя змены з укладаннем кучы грошай. А на той час, калі я пераехаў у Вільню, Зарэчча было закінутым завуголлем, дзе, мабыць, з 1950-х нічога не рамантавалася.
— У «Туўле» ёсць згадкі і пра беларускія мясціны: Мінск, Баранавічы...
— У пэўны момант герой па перапісцы знаёміцца з беларускай паэткай, з якой едзе адпачываць у Крым. Так узнікае беларуская тэма. Наша краіна таксама ўсплывае ў паэзіі Кунчынаса. Беларусь як краіна не была яму далёкай і чужой.
— У чым асаблівасці літоўскай літаратуры, калі рабіць параўнанне з беларускай?
— Літоўская літаратура вельмі багатая і разнастайная: яна няспынна развівалася ад канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, у тым ліку ў часы незалежнасці міжваеннай Літоўскай Рэспублікі. Пасля 1944 года, другой савецкай акупацыі, Саюз пісьменнікаў выехаў на эміграцыю амаль у поўным складзе (у тым ліку, і Антанас Шкема). Там літаратурныя працэсы працягваліся значна больш актыўна, чым, скажам, у беларускай эміграцыі. Нават цяжка сказаць, колькі раманаў выйшла з-пад пяра беларускіх эміграцыйных пісьменнікаў — адзінкі. У Беларусі пакаленне тых творцаў было знішчана падчас рэпрэсій 1930-х. А ў Літве яны змаглі выехаць на Захад.
Пад канец 1950-х пачалі ўзнікаць новыя імёны і ў літаратуры Савецкай Літвы. Беларусь у гэты час сутыкнулася з татальнай русіфікацыяй, таму літаратура збольшага была адарваная ад рэальнага жыцця. Пісалі пра вёску, дзе яшчэ жыла беларуская мова, але калі пісалі пра горад, дзе ўжо ўсё было па-руску, то літаратура выглядала не зусім натуральнай.
Так што беларуская літаратура адрозніваецца перш за ўсё тым, што яна стваралася ва ўмовах татальнай русіфікацыі чытачоў. У Літве чытачы фактычна не русіфікаваліся, таму развіваліся свая мова і літаратура — няхай пры ідэалагічным кантролі.
— Сёння ў Літве нямала беларусаў вывучае літоўскую мову. А як яе вывучылі вы?
— Я пабываў у Вільні яшчэ ў школьныя часы — напэўна, яшчэ раней за наведванне беларускіх абласных цэнтраў (Вільня, як вядома, ад Менску бліжэй за іх). Прыязджаеш — а там іншыя мовы: і літоўская, і польская, і мясцовая-тутэйшая беларуская, і руская, і я нават заспеў ідыш.
А калі паехаць далей, у Коўна, там усё па-літоўску. Я з дзяцінства быў заядлым лінгвістам, дзесьці, напэўна, у класе 7-м пры наведанні Коўна купіў падручнік літоўскай мовы і паціху сам сабе вывучыў.
Структурна літоўская мова не такая далёкая ад беларускай і славянскіх моў. Нам яна значна больш блізкая, чым любая з заходніх моў. Я вялікіх цяжкасцяў у вывучэнні не адчуваў. А калі пераехаў у Вільню жыць, то ўжо і гаварыў па-літоўску. Праўда, мне казалі: ты гаворыш, як нейкі канадскі эмігрант.
— То-бок гэта стэрэатып, калі кажуць, што літоўская мова вельмі складаная для вывучэння?
— Паспрабуйце эстонскую вывучыць... Не, літоўская мова — няцяжкая.
— У чым беларусы і літоўцы падобныя, а ў чым адрозныя?
— Падобнасць хаваецца ў мінулым, якое зрабіла адбітак на нацыянальныя характары.
Беларусы, як і літоўцы, больш індывідуалісты, пры гэтым стрыманыя, не эмацыйныя — калі параўноўваць з украінцамі і рускімі. Калі браць этнаграфію і фальклор, то паміж літоўцамі і беларусамі няма выразнай мяжы — апрача моўнай. Скажам, пры параўнанні музеяў народнага побыту спецыялістам было б вельмі цяжка правесці мяжу.
Увогуле ад пачатку Вялікага Княства Літоўскага і аж да 1991 года паміж беларусамі і літоўцамі ніколі не было мяжы. І мы, і яны траплялі пад розныя акупацыі — расійскую, польскую, савецкую. Але там, дзе праходзіць моўная мяжа, рэальнай мяжы ўсе гэтыя часы не было. Яна з’явілася толькі ў 1991 годзе і, на жаль, гэты мур робіцца ўсё вышэйшы і вышэйшы.
Ясна, што на беларусаў вельмі моцны адбітак зрабіла русіфікацыя. Беларусы значна больш саветызаваны народ, чым літоўцы. Я нават паспрачаўся б з тэарэтыкамі нацыябудаўніцтва: напэўна, беларуская нацыя яшчэ не да канца сфармавалася. Альбо ёсць, прынамсі, некалькі канкурэнтных мадэляў, што такое беларуская нацыя. Ёсць наш нацыянальны наратыў, а ёсць наратыў, умоўна кажучы, Марзалюка — прарасійскіх беларусаў антыеўрапейскай арыентацыі.
А нельга чалавеку, які лічыць сябе беларусам, сказаць, што ён не беларус. Тое самае, калі на Віленшчыне людзі гавораць на беларускім дыялекце, але лічаць сябе палякамі: ніхто не мае права сказаць ім «ніякія вы не палякі, вы беларусы». Выбар прыналежнасці да нацыі — гэта справа самасвядомасці і прыватная справа кожнага чалавека, а не нейкага старонняга назіральніка, які замярае чэрап, генетыку, зробіць аналіз крыві.
Што датычыць розніцы, то варта мець на ўвазе, што і Літва ў значнай ступені саветызаваная — калі параўноўваць літоўцаў з латышамі і тым больш з эстонцамі. Рэцыдывы часам і на выбарах праяўляюцца: на апошніх прэзідэнцкіх выбарах прасавецкі і прарасійскі палітык Вайткус набраў 7% галасоў — што нямала.
— У чым асалода працы перакладчыкам мастацкай літаратуры?
— Па-першае, прыемна, што робіш замежную літаратуру даступнай для беларускага чытача. І вельмі цікава рабіць тэст беларускай мове: ці можаш ты, беларуская мова, выказаць пачуцці і думкі іншага творцы, які пісаў на іншай мове?
Ведаю, што некаторыя перакладаюць так, як перакладаецца, а затым пачынаюцца складаныя і цяжкія працэсы самарэдагавання — чарнавік даводзяць да ладу. Я працую інакш. Тую ж працу я раблю на прасторы аднаго сказа ці аднаго абзаца. Пакуль яны не загучаць так, як мне здаецца ідэальна, далей не іду. Гладкая рэдактура адбываецца, калі я чытаю пераклад уголас жонцы, заадно дырэктарцы выдавецтва (ураджэнцы Харватыі Весне Вашко — budzma.org): тады чую ўсе слабыя месцы, якія трэба падшліфаваць. Але такіх месцаў атрымліваецца не так і шмат.

Перакладчык і яго выдавец: Сяргей Шупа і Вэсна Вашко. Фота: «Радыё Свабода»
На мой погляд, перакладная літаратура — такі самы факт беларускай літаратуры і культуры, як і арыгінальная. Гэта актуальна для невялікіх народаў. Памятаю, як мяне ўразіла ў кнігарні ў Эстоніі, што 80% прадукцыі складалі пераклады. І чытачы, і пісьменнікі гадуюцца не толькі на сваёй арыгінальнай літаратуры, але і на перакладах. А пераклады ў ідэале маюць тую перавагу, што гэта ўжо правераная літаратура.
— Над чым працуеце зараз, выхаду якой кнігі чакаць неўзабаве?
— Працую паралельна над некалькімі праектамі, але хацеў бы расказаць пра яшчэ адну кніжку літоўскай серыі. Гэтая кніга заняла першае месца ў спісе стагоддзя ў рэйтынгу сярод чытачоў. І думаю, гэта, магчыма, самая значная літоўская кніга на сусветным узроўні. Яе лёс вельмі трагічны, і яна не загучала тады, калі павінна была загучаць і таму засталася незаўважанай у шырокім свеце.
Гэта кніга інтэлектуала і драматурга міжваеннай Літвы Баліса Сруогі «Лес багоў». У 1943 годзе немцы пасля паразы пад Сталінградам пачалі падграбаць на акупаваных тэрыторыях мабілізацыйны рэзерв і ствараць батальёны Вафэн СС — у Літве, Латвіі, Эстоніі і Беларусі. Усюды гэта ўдалося акрамя Літвы (у Беларусі была створана 30-я грэнадзёрская дывізія СС): там гэтая акцыя была сабатаваная. Небеспадстаўна немцы абвінавацілі ў гэтым прафесуру Віленскага ўніверсітэта. Каля 40 інтэлектуалаў, у тым ліку Баліса Сруогу, разаслалі па канцлагерах. Праўда, яны там сядзелі не як вязні, а хутчэй як закладнікі — маўляў, набяром людзей у СС і тады вас выпусцім. Але немцы нікога так і не набралі, і інтэлектуалы праседзелі ў канцлагерах да канца вайны.
Баліс Сруога — тонкі стыліст і выдатны літаратар — напісаў кнігу пра свой побыт у лагеры Штутгоф пад Гданьскам. Яна вельмі нестандартная на фоне астатніх падобных мемуараў пра выжыванне ў канцлагеры. Кніга напісана з пазіцый сарказму, чорнага гумару — так Сруога спрабаваў выжыць. Пры яе чытанні разяваеш рот: як пра такое можна было так напісаць?
Саветы Сруогу вызвалілі і эвакуявалі, ён размінуўся з жонкай і дачкой, якія ў 1944-м паспелі ўцячы на Захад. Сруогу з вялікай помпай прывезлі ў Літву: пасля выезду Саюза пісьменнікаў амаль у поўным складзе там заставалася тры з паловай літаратары.
Ён напісаў за пару месяцаў сваю кнігу, здаў у выдавецтва, але партыйная цэнзура сказала, што так пісаць нельга. Сруога змагаўся за рукапіс як толькі мог, але прайграў бой — у 1947-м памёр. Кніжку паклалі ў шуфляду. Падчас адлігі выдалі, але ў моцна знявечаным, фактычна не ў аўтарскім варыянце. У такім выглядзе як сведчанне нямецка-фашысцкіх злачынстваў кніга стала вядомай, увайшла ў школьныя праграмы.
І вось гэта фактычна самая вялікая літоўская кніжка XX стагоддзя да сёння не выйшла ў аўтарскім варыянце. Сёлета 130 гадоў з дня нараджэння Баліса Сруогі, і восенню выданне ўпершыню выйдзе па-літоўску ў тым выглядзе, у якім яго задумваў аўтар.
А пераклады ўжо некалькі гадоў робяцца з аўтарскага варыянту (рукапісы захаваліся). Першы выйшаў азербайджанскі, цяпер выходзіць карэйскі, рыхтуецца французскі і нідэрландскі — і вось пятым будзе беларускі пераклад.
Антон Навумчык, budzma.org