Як аб’ёмы продажу аўдыёкніг у свеце ўзляцелі на 43%

У сённяшнім свеце, дзе падкасты карыстаюцца вялікай папулярнасцю, бо ўсім заўсёды не хапае вольнага часу, аўдыёкніжны рынак развіваецца з надзвычайнай хуткасцю. Што паспрыяла такому імкліваму росту і як аўдыёкнігі паўплываюць на нашае стаўленне да друкаванага слова? 


Audiobooks.jpg

Ці сапраўды аўдыёкнігі – гэта новыя кнігі? Зусім нядаўна з’явіліся дадзеныя, згодна з якімі ў 2018 г. аб’ёмы продажу аўдыёкніг узляцелі на 43%, у той час як гэтыя ж паказчыкі для друкаваных кніг паменшыліся на 5% упершыню за апошнія пяць гадоў. Ці людзі так моцна стаміліся і больш не хочуць напружвацца і чытаць самі для сябе? Магчыма аўдыёкнігі, а не ebooks (электронныя кнігі), з’яўляюцца прадвеснікамі павольнай смерці друкаванага слова, пра якую нас папярэджвалі так шмат у апошнія часы? І калі гэта сапраўды так, дык якія наступствы гэта будзе мець у сферы літаратуры? Тут будзе дарэчным нагадаць, што перад тым як яе запісалі, “Іліяда” Гамера, па сутнасці, была аўдыёкнігай. Культура вуснай літаратуры існавала задоўга да з’яўлення кніг, і цяпер ёсць шмат чыннікаў для аднаўлення і росту яе папулярнасці. 

Некаторыя людзі выкарыстоўваць аўдыёкнігі, каб хутчэй заснуць пасля напружанага дня на працы; некаторыя слухаюць іх падчас прагулак, калі даглядаюць дзяцей ці як альтэрнатыву тэлебачанню. Бацькі кажуць, што аўдыёкнігі – гэта адзіны сродак, які дазваляе трымаць дзяцей занятымі ў аўтамабілі. Жыхары прыгарадаў слухаюць аўдыёкнігі падчас сваіх паездак на працу ў электрычках. Тыя, каму заўсёды не хапае часу, слухаюць у 1,5 ці 2 разы хутчэй ад звычайнай хуткасці ці карыстаюцца такімі вэб-сайтамі, як “Blinkist, якія “перапрацоўваюць” кнігі, што адносяцца да навукова-папулярнай галіны літаратуры, і выдаюць вам 15-хвіліннае “рэзюмэ” кожнай “прачытанай” кнігі. Адзін аўтар неяк сказаў мне, што карыстаецца аўдыёкнігамі, калі “мне трэба даследаваць нейкі матэрыял, які, як я баюся, мой схільны да задавальненняў мозг не змог бы вытрываць, калі б мне давялося чытаць уласнымі вачамі”.

 Але ці існуе сапраўды вымяральнае адрозненне паміж чытаннем вачамі і "чытаннем" вушамі? Паводле аднаго часта цытаванага даследавання 2016 г. (Beth A Rogowsky et al), 91 чалавек, які удзельнічаў у эксперыменце, не паказаў пасля двух тыдняў значнай розніцы ў разуменні ці прыгадванні таго ўрыўка з навукова-папулярнай літаратуры, які гэтыя людзі прачыталі, ці праслухалі, ці чыталі і слухалі адначасова. Аднак гэтае даследаванне выкарыстоўвала ebooks (электронныя кнігі) там, дзе патрэбна было чытаць, а вось іншыя даследаванні кажуць, што ўзровень разумення і прыгадвання прачытанага больш нізкі, калі чалавек чытае нешта на экране – у адрозненне ад таго, калі ён чытае нешта надрукаванае. Пачынаючы з 1980-х гг. пазнавальная (кагнітыўная) псіхалогія паслядоўна кажа пра тое, што чалавек сапраўды лепш прыгадвае тое, што ён прачытаў у надрукаваным тэксце, а не тое, што ён праслухаў, і гэта пацвярджаецца, напрыклад, даследаваннем 2010 г. (David B. Daniel and William Douglas Woody), дзе, акрамя іншага, гаворыцца пра тое, што студэнты мелі горшыя вынікі па тэсце, калі яны слухалі падкаст навуковага артыкула пра пазнавальныя (кагнітыўныя) здольнасці дзяцей, замест таго каб прачытаць яго.

У кніг ёсць свае перавагі: вы можаце хутка паўторна прагледзець сказ вачыма, калі не зусім зразумелі яго першы раз; вы можаце падкрэсліць той ці іншы абзац алоўкам ці загнуць край старонкі, каб пазначыць месцы, да якіх потым можна вярнуцца. У адрозненне ад звычайных кніг, аўдыёкнігі эксплуатуюць нашу "памяць на слых" (echoic memory, la memoire auditive) – гэта такі працэс, калі гукавая інфармацыя захоўваецца на працягу чатырох секунд, пакуль мы чакаем з’яўлення наступных гукаў, якія дазволяць нам зразумець цэлае. 

Але пры гэтым аўдыёкнігі не могуць перадаць адну з самых хвалюючых асаблівасцяў друку – творчую двухсэнсоўнасць: вершаваны радок ці празаічны сказ, які вытанчана балансуе спаміж двума магчымымі значэннямі. Акцёр у студыі павінен абраць толькі адзін варыянт, і менавіта гэты варыянт будзе трансліравацца чытачу. У абарону аўдыёкніг трэба заўважыць, што своеасаблівыя інтанацыі і тэмбр голасу акцёра, які начытвае тэкст, нясуць у сябе музычную інфармацыю, якая спрыяе доўгатэрміноваму прыгадванню – гэтаксама як у друкаванай кнізе гэтаму спрыяе візуальная і тактыльная інфармацыя пра тое, дзе знаходзіцца той ці іншы абзац.

"Голас – гэта ўсё", – кажа Джэніфер Говард, дырэктар-заснавальнік студыі аўдыёзапісу "Sound Understanding" – нядаўна для выдавецтва Прынстанскага ўніверсітэта яны рабілі запіс голасу акцёра Сэмюэля Вэста, які начытваў кнігу “У будучыню: перспектывы для чалавецтва” каралеўскага астранома Марціна Джона Рыса. “Кастынг правільнага голасу – гэта вельмі важна, – кажа Джэніфер. – Зробіце няправільны выбар – і не зможаце дагрукацца да слухача, вы яго страціце назаўсёды”. Нон-фікшн ці навукова-папулярная літаратура – нават больш запатрабаваныя, чым белетрыстыка.

“Калі вы слухаеце навукова-папулярную кнігу, вы павінны разумець і быць зацікаўленымі ў тым, што вам чытаюць, таму што працэс разумення і ўсведамлення немагчыма замаскіраваць ні вакальнымі хітрыкамі, ні па-майстэрску намаляванымі славеснымі вобразамі. Менавіта таму, у дадатак да акцёраў, мы працуем з вялікай колькасцю дыктараў. Яны разумеюць складаныя палітычныя ці сацыяльна-эканамічныя тэмы і інстынктыўна ведаюць, калі, дзе і як дакладна зрабіць акцэнт на тыя ці іншыя рэчы”.

 Найбуйнейшы рознічны прадавец аўдыёкніг у Вялікабрытаніі “Audible”, чые кліенты летась згрузілі больш за 3 мільярды гадзін аўдыёматэрыялаў, запачаткаваў моду на “сапраўдныя аўдыёкнігі”: ён замовіў такім журналістам і нон-фікшн пісьменнікам як Майкл Льюіс і Джон Ронсан, напісанне эксклюзіўных апавяданняў, якія апрыёры будуць з’яўляцца аўдыёкніжкамі (direct-to-audiobook), ці, як іх яшчэ называюць, “shortform books” (“кароткія кнігі”). Адным з першых, хто зацікавіўся такім фарматам, быў Філіп Пулман, аўтар трылогіі "Цёмныя пачаткі", які ў 2014 г. напісаў 32-хвіліннае кароткае апавяданне “Калекцыянеры”, што выйшла толькі ў выглядзе аўдыёкнігі.

Ён казаў, што яго прывабіла “ідэя напісаць для голасу”, а не для чытача, а сам “Audible” растлумачыў, што ідэя палягала ў тым, каб “не толькі спадабацца тым, хто ўжо стала карыстаецца нашымі прадуктамі, але таксама прывабіць новых слухачоў”. Але калі такія "апрыёрныя аўдыёкнігі" ніколі і не былі друкаванымі кнігамі, дык ці можна іх увогуле назваць словам “кніга”? Магчыма, гэта проста новая разнавіднасць радыёспектакля ці дакументальнай літаратуры або падкаст, які маскіруецца пад кнігу? (Дарэчы, праз некаторы час “Калекцыянеры” Пулмана былі выдадзеныя ў выглядзе “Kindle Single” [гэта такі тып ebooks (электронных кніг), які створаны адмыслова для анлайн-крамы па продажы электронных кніг “Kindle Store” ад “Amazon”].) Можа так стацца, што рэзкі скачок аб’ёмаў продажу аўдыёкніг – невідавочны на першы погляд вынік, ці гало-эфект, велізарнай папулярнасці падкастаў і асабліва такіх аўдыёсерыялаў, як “Serial” ад “NPR”, што транслюецца з кастрычніка 2014 г., ці “The Dropout” на “ABC Radio”, які толькі выйшаў у 2019 г. і адразу заваяваў такую папулярнасць, што ім зацікавіліся ў ЗША, дзе ўжо цяпер пачаліся здымкі тэлевізійнага серыяла “The Dropout”.

 Калі аўдыёкнігі такія папулярныя цяпер, ці азначае гэта, што мы спрабуем рабіць як мага больш рэчаў за той самы абмежаваны адрэзак часу? Нягледзячы на тое, што вынікі даследаванняў пераконваюць нас, што на самай справе нашае жыццё не стала больш імклівым ці больш хуткаплынным, чым некалькі дзесяцігоддзяў таму, усё больш і больш фрагментаваная прырода нашага медыяспажывання і ўсё большая колькасць задач, якія ўзнікаюць перад намі кожны дзень, прымушаюць людзей рабіць некалькі спраў адразу – ці, як цяпер модна казаць, “multitasking”, г.зн. шматзадачнасць, шматпрофільнасць, шматмэтная праца. Таму мы адначасова і "чытаем" аўдыёкнігі, і робім нешта яшчэ. “Песіміст ува мне кажа, што сёння нашае нежаданне чытаць кнігі тлумачыцца не тым, што нам бракуе жадання, а тым, што нам не хапае на гэта часу”, – кажа Говард. На вялікі жаль, навука вельмі ясна кажа, што акрамя надзвычай маленькай колькасці людзей мы проста не ў стане займацца "мульцітаскінгам": нават калі нам здаецца, што мы робім шмат спраў адначасова, у рэальнасці мы ўсяго толькі перакідваем сваю ўвагу з адной рэчы на іншую – гэты працэс нагадвае кароткачасовыя ўспышкі і сам па сабе знясільвае. Псіхолагі ў галіне адукацыі ўпэўненыя: шматзадачнасць перашкаджае працэсу навучання ці вывучэння чаго-небудзь. Праслухоўванне аўдыёкнігі за рулём ці калі вы займаецеся праполваннем сярод баразёнак, – цалкам магчыма, вельмі прыемны досвед, але адукацыйны эфект ад гэтага амаль нулявы. І ўсё ж такі гэта лепш, чым наогул нічога не слухаць. “Аптыміст ува мне, – дадае Говард, – кажа, што людзі будуць заўсёды шукаць новыя гісторыі і ідэі, і мы павінны радавацца, што цяпер так шмат спосабаў атрымаць доступ да іх”.

 Больш спецыфічная праблема аўдыёкніг заключаецца ў тым, што аўдыёматэрыял такіх бібліятэк, напрыклад, “Audible”, існуе ў сваім уласным закрытым фармаце, які па законе не можа быць перазапісаны ў штосьці больш даступнае – хоць бы нават і ў MP3. З гэтае прычыны юзеры могуць сутыкнуцца з непрыемнымі нечаканасцямі ў будучыні. У красавіку 2019 г. Microsoft абвясціў пра закрыццё сваёй крамы электронных кніг і паведаміў пакупнікам, што ўсе кнігі, якія яны купілі і якія існавалі ва ўласным закрытым фармаце Microsoft, надалей немагчыма будзе прачытаць. Гэта, вядома ж, нешта зусім ужо нечуванае: калі вы купляеце папяровую кнігу, вы не залежыце ад добразычлівасці той ці іншай карпарацыі і проста чытаеце сваю кнігу калі пажадаеце. “Audible”, якіх крытыкуюць за тое, што яны здымаюць грошы пасля таго, як скончыўся тэрмін бясплатнай падпіскі, і за заўсёды нечаканыя знікненні так званых “кніжных крэдытаў” (book credits – унутраная “валюта” для набыцця аўдыёкніг на гэтым сайце), адмовіліся ад любых каментарыяў для гэтага артыкула. Але ж мы дакладна ведаем, што гэты найбуйнейшы вытворца і рознічны прадавец аўдыёкніг належыць “Amazon” – прагнаму і ненажэрнаму монстру кніжнага гандлю. Не трэба быць экстрасэнсам, каб зразумець, што яго асноўныя мэты вельмі далёкія ад ідэі бясплатнага падтрымання літаратуры і распаўсюджвання кніг у мэтах дабрачыннасці.

 Прафесіяналы ў выдавецкай індустрыі кажуць, што пакуль аўдыёкнігі яшчэ не пагражаюць у хоць якой-небудзь значнай ступені аб’ёмам продажу друкаваных выданняў. Больш верагодна, што яны канкуруюць з падкастамі, музыкай і тэлебачаннем – аўдыёкнігі лічацца больш пасіўным, але і больш высокаінтэлектуальным забаўляльным досведам. Драманд Моір, выдавец у “Ebury Press”, кажа пра станоўчыя бакі: “Я лічу, што мы можам і павінны быць аптымістамі, калі справа датычыцца аўдыёкніг. Выдаўцам удалося ўтаймаваць электронныя кнігі, і яны сталі проста яшчэ адным фарматам – побач з такімі фарматамі, як кнігі ў цвёрдай вокладцы і кнігі ў мяккай вокладцы. Аўдыёкнігі можна лічыць яшчэ адным спосабам сувязі паміж чытачамі і аўтарамі. Гэта асабліва яскрава праяўляецца ў галіне навукова-папулярнае літаратуры – мы бачым, што аўдыёкнігі сапраўды спадабаліся людзям, у якіх, магчыма, няма часу ці жадання чытаць друкаваную кнігу, але яны з задавальненнем слухаюць аўдыёкнігі, таму што прагнуць новых ідэй, аповедаў і падзей. Калі такі фармат дапамагае большай колькасці людзей пазнаёміцца з творчасцю таго ці іншага пісьменніка, яго трэба падтрымліваць і спрыяць яго распаўсюджванню”. З такой думкай цяжка не пагадзіцца.

 


Аўтар – Стывен Пул (Steven Poole)

Упершыню надрукавана 14 ліпеня 2019 г. у газеце “The Guardian”