Мінула шэсць год з выхаду першай часткі кнігі «Айчына. Маляўнічая гісторыя». Гэта было шыкоўнае выданне з ілюстрацыямі Татарнікава, за якім у «Акадэмкнізе» выстройваліся чэргі. Другая частка выходзіць у іншых рэаліях, у іншай краіне, у іншы час. Што ў ёй адметнага?
Уладзімір Арлоў сёлета выдаў другую частку «Айчыны». Візуальна выданне не так уражвае, як першае, ілюстрацыяў тут няма. Затое яно кладзецца ў цэлую серыю беластоцкіх выданняў аўтара, разам з перавыданнямі «Куды ляціць страла» ды «Імёны Свабоды».
Фота: kamunikat.org
Калі першая частка кранае перыяд «Ад Рагнеды да Касцюшкі», то другая — «Ад Агінскага да Багушэвіча»: беларускае ХІХ стагоддзе. Часы Напалеона, яшчэ існага Віленскага ўніверсітэта і Полацкага калегіума, таемных таварыстваў, Міцкевіча і Каліноўскага. Урэшце — часы фармавання беларускай нацыі як такой. Але…
Цар аглядаў здабычу, раскладзеную на падлозе Эрмітажу
У кожнай главе і кожнай прадмове да главы скразіць тэма каланіялізму. Расійская імперыя — як вялізны спрут, які паглынуў колішнюю ліцвінскую цывілізацыю. Гэта не толькі пра падаўленне паўстанняў і русіфікацыю. Але і пра забарону ўніятцва, канфіскацыі маёнткаў, яшчэ больш жорсткае запрыгоньванне сялян, вываз культурных каштоўнасцей.
«…З мястэчка Дзярэчын, дзе каланізатары сканфіскавалі маёнтак Яўстаха Сапегі, на ўсход павезлі надзвычай багаты кнігазбор і каштоўныя мастацкія калекцыі — 37 скрыняў агульнай вагою 303 пуды і 25 фунтаў. Цар загадаў раскласці гэтыя скарбы на падлозе залаў Эрмітажа і асабіста аглядаў здабычу. Шмат якія карціны з гістарычнымі сюжэтамі ён загадаў спаліць, бо яны маўляў, могуць нагадваць пра былую веліч Літвы і Польшчы», — піша аўтар.
І гэта ўсяго толькі адзін прыклад. Усяго толькі Дзярэчын. Не Вільня, не Полацак, адкуль, дарэчы, у невядомым кірунку знік Полацкі летапіс, які мог цалкам па-іншаму падаць нашу старажытную гісторыю. Арлоў карыстаецца тэрмінам «каланізацыя», які да яго трапна выкарыстала Эва Томпсан у кнізе «Песняры імперыі».
Але не ўсё так проста. Калі ў выпадку брытанскіх ці французкіх калоніяў каланізатары пераўзыходзілі зняволеныя народы ў плане культуры і тэхнікі, то ў нас склалася адваротная сітуацыя. Расіяне занялі частку Рэчы Паспалітай, якая была ў разы больш развітая за іх. Таму задачай было хутчэй «апусціць» тутэйшы ўзровень да свайго, сярэдняга па імперыі. Так стае лагічным і ліквідацыя ВНУ, і вываз кніг з карцінамі, і замена тутэйшых элітаў на свае.
«Если вы не станете русскими…»
Гэта каланіялізм ардынскага тыпу. Які забірае, але не дае. Каланізатары з Пецярбурга не могуць як французы ў Алжыры ці брытанцы ў Індыі ствараць тут новыя архітэктурныя стылі, мастацтва, эканамічную сістэму, тут не ствараюць шэдэўраў іхныя кіплінгі. А ўсё, што могуць, гэта паўтарыць словы Мураўёва, адрасаваныя шляхце ў 1832-м: «Если вы не станете по своим мыслям и чувствам русскими, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край».
Можа падацца, што аўтар злоўжывае русафобіяй — згушчае фарбы. Скрозь адныя трагедыі, паразы, гераічныя смерці, эміграцыя, Сібір, магілы і крыжы… Але як без гэтага зразумець, чаму наша ХІХ стагоддзе — час пад’ёму і вынаходніцтваў для большасці еўрапейскіх краінаў — не стала і для нас часам велічы? Бо не мелі сваёй дзяржавы. Бо тая, якая была — чужая. Так, гэта быў час прыгодаў, але заўжды — у ценю імперыі.
Нават нашыя адкрывальнікі, даследчыкі і авантурысты спрэс з пакалечанымі лёсамі. Геніяльны мастак Міхаіл Андрыёлі, аўтар ілюстрацыяў да сусветнай класікі, у тым ліку да «Апошняга з магікан» Фэнімора Купера, ветэран Паўстання 1863 года, які змагаўся ў аддзеле Нарбута. Бенядзікт Дыбоўскі, дарвініст, які вывучаў жывёльны і раслінны свет Амура і Камчаткі — таксама паўстанец, сасланы ў Сібір на 15 гадоў. Ігнат Дамейка, які быў рэпрэсаваны ў 1831-м і змушана выехаў у Францыю, пасля ў Чылі, дзе даследаваў Анды і стаў нацыянальным героем…
Падобных лёсаў — безліч. Адныя аказаліся ў глыбінях Сібіры, іншыя на Гаіці або ў Манголіі, іншыя — у магіле. Або наогул не былі народжаныя ці пражылі ўсяго імгненне... Так было з удавой Зыгмунта Серакоўскага, паплечніка Каліноўскага (іхныя парэшткі на гары Гедыміна былі побач). Цяжарная Апалонія па смерці мужа звярнулася да Мураўёва, каб той не высылаў яе ў Сібір, бо не зможа там знайсці дактароў і нармальна нарадзіць. Той адказаў: «Тем лучше». Выслалі. Нарадзіла. Дачку назвала Зыгмунтай, на гонар мужа. Дзіцятка пражыло ўсяго год.
Багушэвіч і Украіна. Супадзенне?..
Апошняя глава кнігі прысвечаная Багушэвічу. Ягоны лёс — такі самы, пакамечаны. Паўстанец, які гадамі хаваўся ва Украіне, але вярнуўся на радзіму іншым чалавекам. Зацятым беларусам. Адсюль «Дудка беларуская» з прадмовай, якую называюць нацыянальным маніфестам. І там не толькі пра мужыка і яго злыбеды, але і пра пераемнасць: «Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму ўжо была ад Балтыйскага мора ўдоўжкі аж да Чорнага (…) а ў сярэдзіне Літвы, як тое зерне ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь!».
Багушэвіч — гэта мост паміж ліцвінскай цывілізацыяй, якая пакрысе апускалася пад ваду, нібы Атлантыда, і новым нацыянальным праектам — Беларуссю. Але чаму ён? Ёсць меркаванне, што да эвалюцыі польскамоўнага ліцвіна ў мадэрнага беларуса спрычынілася… Украіна.
Шаўчэнка памёр яшчэ ў 1861-м ды імкліва пачаў пачаў пераўтварацца ў легенду. Яго партрэт стаў іконай, яго слова — плоццю. Ягоны пасыл пра адметных і ад расійцаў, і ад палякаў украінцаў стаўся запаветам. «Я шмат дзе быў, шмат чаго бачыў і чытаў…» — піша Багушэвіч, нібы намякаючы на свой «украінскі перыяд». Дык чаму б не зрабіць таксама ў Беларусі? Але гэта зусім іншая гісторыя. Магчыма, Уладзімір Арлоў некалі падрабязней раскрые і гэтую тэму.
Кожная змушаная эміграцыя можа спрычыніцца да добрага…
Вяртаючыся да кнігі, нажом па сэрцы рэжуць запрашэнні аўтара «калі будзеце ў Залессі», «калі завітаеце ў Кушляны»… Усё ж, другая частка «Айчыны» выходзіць у іншых рэаліях, у іншай краіне, у іншы час. І далёка не ўсе яе чытачы могуць сесці ў аўто і паехаць у Кушляны. Ці нат’ да сябе дадому.
Зрэшты, як і ў выпадку з Багушэвічам, кожная змушаная эміграцыя, ссылка, прыгода далёка ад дому могуць спрычыніцца і да нечага добрага. Такога, пра што мы нават не здагадваемся.
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Фота Гістарычнага клуба Beer&History (акрамя пазначаных)