Пытанне пра сапраўдны сцяг Беларусі фактычна знятае яшчэ ў жніўні 2020-га. Масавае беспрэцэдэнтнае выкарыстанне сімвала народам на вуліцах, з рызыкай для сябе, перавярнула з ног на галаву вынікі сумнавядомага рэферэндуму 1995 года. Але ці ёсць у гэтага сцяга доўгая гісторыя?
Бел-Чырвона-Белы у Мінску, жнівень 2020, фота з сацыяльных сетак
Менавіта «доўгая», а не «даўняя». Бо даўняя — гэта пра адзінкавае ці рэдкае выкарыстанне чаго-кольвек некалі даўным-даўно. Доўгая — гэта пра традыцыю, расцягнутую ў часе, якая не знікае. Нават адсутнасць таго і другога (даўніны і працягласці) не выкрэслівае бел-чырвона-белы сцяг, які ўжо адбыўся як нацыянальны сімвал. Але варта ўсё ж разабрацца.
На жаль, з даследаваннямі па тэме ў нас не самая раскошная сітуацыя. З прыемнага — кніга «Бел Чырвона Белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць», якая выйшла ў выдавецтве «Кнігаўка» сёлета. Гэта першая спроба сабраць максімум фактаў пад цвёрдай вокладкай з салідным ілюстратыўным даробкам. На сёння гэта лепшае на тэму, бо рэшта — расцярушаныя навуковыя публікацыі ды папулярныя брашуркі пачатку 1990-х...
Кніга «Бел Чырвона Белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць»
Ад «чырвоных шчытоў» да паласатага сцяга Рэчы Паспалітай
У часы Сярэднявечча мы не можам казаць пра нейкі адзіны сцяг, тым больш — прыняты паспалітым людам. Бо герб дзяржавы — гэта герб паноўнай дынастыі, ад яго, паводле геральдычных колераў, фармуецца і сцяг. Але нават гэта — ідэальнае бачанне.
Калі казаць пра перыяд Русі, то на харугвах выяўлялі святых з адсылкай да візантыйскай традыцыі. Але, напрыклад, у «Слове пра паход Ігаравы» згадваецца пра чырвоныя шчыты полацкіх дружыннікаў. Белы і чырвоны колеры актыўна выкарыстоўваліся ў той перыяд: напрыклад, у ноўгарад-северскага князя Ігара Святаславіча быў «Чрьленъ стягъ, бела хорюговь».
З часоў Літвы ўжо куды больш звестак: гэта чырвоны сцяг, на якім магла быць вышытая срэбная Пагоня, а з іншага боку — Багародзіца (калі кажам пра хрысціянскі перыяд дзяржавы). Чырвоныя сцягі, прапарцы, шчыты згадваюцца шматкроць: верагодна, гэта і быў адметны колер найперш на полі бітвы, які адрозніваўся ад колераў ворага — тых самых крыжакаў з белымі шчытамі ды плашчамі з дадаткам чорнага крыжа.
Толькі пад XVI ст. мы можам казаць пра зафіксаваны стандарт сцяга ВКЛ: «Потым чырвоную харугву Вялікага Княства Літоўскага неслі, на якой была Пагоня, гэта значыць рыцар збройны на кані бяжыць, а над галавой аголены меч трымае. З другога боку былі чатыры Калюмны ў чырвоным полі», — гэта з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» (Кракаў, 1578 год). Акурат гэты варыянт ужо шматкроць трапляецца ў іканаграфіі.
Гусар 16. ст. з бела-чырвоным прапарцом, рэканструкцыя Віктара Ляхора
Час ВКЛ — гэта яшчэ і час калейдаскопу земскіх, павятовых, асабістых, гарадскіх і нават рамесных харугваў. Адназначна тое, што сімвал краю — Пагоня — тут быў куды важнейшы за колеры. Але прыхільнасць да спалучэння менавіта белага і чырвонага мы сустракаем паўсюдна: ад сцягоў на вядомай карціне «Бітва пад Оршай» да «партызанскіх» сцягоў шышоў, якія змагаліся з маскавітамі ва Усходняй Беларусі ўжо ў XVII ст. Ну і, канечне, сцяг Рэчы Паспалітай — гэта герб дзяржавы на тле белых і чырвоных палосак.
Сцяг Рэчы Паспалітай
«...Давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга»
У перыяд фармавання нацыі напрыканцы ХІХ ст. пытанне сцяга наўпрост не было актуальным, бо першыя «будзіцелі» толькі задумваліся, хто мы ёсць і адкуль. Вядомыя праекты Лявона Дубейкаўскага яшчэ 1916 года, але стрэліў макет Клаўдыя Дуж-Душэўскага, прычым яшчэ да абвяшчэння БНР. Бел-чырвона-белыя стужкі чаплялі беларусы на царскія мундзіры, служачы ў царскім войску на тым самым Румынскім фронце.
На жаль, Дуж-Душэўскі не пакінуў успамінаў на тэму сваёй працы над сцягам. Мы ведаем лаканічную цытату з успамінаў пра першую палову 1917 года: «...Давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, і адзін з іх быў прыняты, а менавіта — бел-чырвона-белы. Ад таго часу гэты сцяг і лічыцца беларускім нацыянальным сцягам».
Сцяг хутка набываў папулярнасць, ужо ўвосень 1917-га ў вершы «Покліч» падпаручнік тады Сібірскага стралецкага палка Ігнат Дварчанін пісаў:
...Пад свой сьцяг чырвона-белы
Пасклікай усіх сыноў,
Параскіданых па сьвеці,
Каб вярталіся дамоў.
Акурат папулярнасць новага сімвала тлумачыць інцыдэнт на Усебеларускім з’ездзе пад канец 1917 года: калі дужыя матросы выкінулі бальшавіка Рэзаўскага з залы за знявагу нацыянальнага сцяга. Прызнанне сцяга дзяржаўным 8 траўня 1918 года праз Камісію пры Народным Сакратарыяце БНР было ўжо фармалізацыяй здзейсненага факту: Беларусь вызначылася. Далей — адно папулярызацыя і тыражаванне: на сходах, паседжаннях, на значках і паштоўках.
Бел-чырвона-белы сцяг у Менску, 1918 г.
«Вывесіць звонку — залежыць ад мясцовых уладаў»
Пра тое, што сцяг прыжыўся і не быў праектам-аднадзёнкай, добра засведчыла сітуацыя ў Заходняй Беларусі 1920-х — 1930-х. Кожны беларускі асяродак — палітычны, адукацыйны, спартовы, культурніцкі — імкнуўся аздобіць сябе сцягам. Нават калі гэта выклікала рэпрэсіі з боку палякаў.
Вокладка заходнебеларускага часопіса ’’Маланка’’
У БССР была кардынальна іншая сітуацыя: там не было ані дыскусіі, ані пытання пра нацыянальныя сімвалы. З боку прамаскоўскіх беларусаў мы бачым ці не першы ў гісторыі кейс «чорнага піяру» супраць Бел-Чырвона-Белага сцягу — гэта карыкатура ў «Асве» з 1934 года: бурнае застолле «нацдэмаў» прыўкрашанае нялюбым сімвалам, які вісіць на... відэльцы.
Пра што гэта сведчыць? У Вільні, Горадні ці Празе беларусы мелі кансэнсус адносна нацыянальнага сімвала, нават не маючы нацыянальнай дзяржавы. І сцяг быў не адзнакай палітычнай сілы, але беларусаў як такіх: ад маладога і «левага» Максіма Танка да каталіцкага ксяндза Адама Станкевіча. І акурат гэты фактар варта разумець, калі мы кажам пра выкарыстанне сцяга ў гады Другой сусветнай.
Удзельнікі з'езду БХД у Вільні, 1930-я
Другая сусветная: «знак бяды»?
Пішучы пра бел-чырвона-белы сцяг, колішні гісторык Ігар Марзалюк называе яго «знакам бяды» праз выкарыстанне сімвала беларусамі ў гады Другой сусветнай. Праўда пра тое, што прадстаўнікі ўсіх нацыяў, якія супрацоўнічалі з немцамі, ад Індыі да Ірландыі, выкарыстоўвалі свае нацыянальныя колеры, Марзалюку, пэўна ж, вядомая, але... не ўкладаецца ў ягоную канцэпцыю.
Што немцам было да сцяга аднаго са шматлікіх народаў, на землю якога яны прыйшлі? Роўна нічога. Беларусь была падзеленай паміж генеральнымі акругамі (у тым ліку літоўскай ды ўкраінскай) ды тылавой зонай арміі «Цэнтр», не мела ніякай дзяржаўнасці, свайго войска, грошай, адпаведна і сімвалаў. Немцам гэта наогул не было цікава, бо размовы пра стварэнне нават беларускай марыянеткавай дзяржавы не вялося.
З такой самай логікай Марзалюк можа лічыць «знакам бяды» Зорку Давіда, бо яе выкарыстоўвалі юдэнраты і габрэйская паліцыя ў гета... Або — беларускую мову: на ёй дублявалася справаводства ў акрузе «Беларусь». Роўна як у іншых падкантрольных немцам тэрыторыях: па-расійску, па-польску, па-ўкраінску, па-літоўску і г. д.
Па-іншаму і быць не можа
«Уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з трох гарызантальна размешчаных каляровых палос роўнай шырыні: верхняй і ніжняй белага, а сярэдняй — чырвонага колеру», — цытата з закона пра дзяржаўны сцяг Беларусі, прыняты 19 верасня 1991 года. За гэтымі сухімі радкамі стаяць баталіі ў Вярхоўным Савеце, доўгія гады лютай забароны і тоны бруду, вылітыя на сцяг праз савецкую прапаганду.
Але нават у гады савецкага змроку традыцыя захоўвалася. Калі маладая інтэлігенцыя ехала ў «паломніцтва» да Ларысы Геніюш ці Зоські Верас і пыталася пра сцяг, які мог быць адказ? Толькі адзін: бел-чырвона-белы. Пра сцяг памяталі беларусы ў эміграцыі. Рашэнне 1991-га было вяртаннем нармальнага стану рэчаў.
Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» на ўзоры 100-рублёвай банкноты, 1993 год. Ілюстрацыя з кнігі «Бел Чырвона Белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць»
Ганебны рэферэндум 1995 года і ўсё, што было пасля, — тэма для асобных артыкулаў. Урэшце, у 2020-м гэты нармальны стан рэчаў у чарговы раз заззяў як сонца праз хмары, без парадаў і ўказак звонку. Бо па-іншаму і быць не можа.
Кніга «Бел Чырвона Белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць»
Калі хочаце даведацца больш, раім выданне «Бел Чырвона Белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць», якое можна набыць афлайн тут: Варшава, ul. Kłopotowskiego 4. Крама працуе з аўторка па чацвер з 11-й да 18-й, у пятніцу і суботу — з 11-й да 19-й, у нядзелю — з 12-й да 18-й гадзіны. Панядзелак — выходны.
Замовіць кнігу анлайн можна па спасылцы.